Каб зберагчы і прымножыць

Праект па рэстаўрацыі твораў інсітнага (наіўнага) мастацтва ўганараваны высокай падтрымкай: грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры прысуджаны Ганне Перлінай, загадчыцы сектара па выставачнай дзейнасці Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

 

— Ганна Вадзімаўна, колькі элементаў налічваюць сёння фонды ўстановы?

— Амаль 300 аб’ектаў, прызнаных нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны. Некаторыя з іх чакае сур’ёзная рэстаўрацыя, іншым патрэбнае годнае абрамленне. Маляваным дыванам, да прыкладу, неабходныя падрамнікі. Цяпер адбіраем экспанаты па плане, з якім падаваліся на грант. Праводзіцца падлік, вырашаюцца арганізацыйныя пытанні…

— А што наогул уяўляе сабой “наіў”?

— Самабытнае інсітнае мастацтва — адзін з кірункаў прымітывізму, што мае на Віцебшчыне глыбокія народныя карані. Распаўсюджанне такога напрамку ў рэгіёне звязана з багатымі традыцыямі мясцовага цэхавага рамяства. Нараджаецца “наіў” з творчага парыву людзей без акадэмічнай падрыхтоўкі. Жывапіс, графіка, разьба па дрэве, скульптура — асноўныя “жанры” мастацтва шчырых самавукаў.

Галоўны матыў іх работ — райскае жыццё, бачанне якога выткана з жаданняў простага сэрца. Аб падобным свеце звычайны чалавек марыць для сябе і сваіх блізкіх. І тут няма месца строгім рамкам, складаным законам далягляду і кампазіцыі.

— А як створанае ў цішыні, не для вачэй шырокай публікі знаходзіць шлях у метадычны цэнтр?

— Калекцыя — плён карпатлівай працы і шчырага энтузіязму нашых спецыялістаў, майстроў народных рамёстваў і неабыякавых людзей з усёй вобласці, якія дзеляцца інфармацыяй аб унікальных аб’ектах, што захаваліся ў суседзяў, сяброў, сваякоў... Каб адшукаць і задакументаваць артэфакты, ладзім этнаграфічныя экспедыцыі. Здаралася, каштоўныя экспанаты знаходзілі ў старых закінутых дамах, дзе быў разбураны дах, разбіты вокны. Гэта адна з самых уразлівых катэгорый: праз перапады тэмпературы рэчы ў такіх месцах псуюцца вельмі хутка.

Да таго ж творцы раней не мелі багатага выбару матэрыялаў і выкарыстоўвалі прадметы, не прызначаныя для служэння мастацтву. Яркі прыклад з нашага фонду — карціна, намаляваная на створцы звычайных драўляных дзверцаў шафы.

— Апроч ужо згаданага, што яшчэ цікавага і непаўторнага ёсць у калекцыі?

— Арыгінальная маляванка знакамітага Язэпа Драздовіча і карціна, напісаная больш за 100 гадоў таму. Цяпер, на жаль, яе вельмі складана экспанаваць: фарбы імкліва разбураюцца…

— Каму даверыце адраджэнне інсітных шэдэўраў і іх вяртанне публіцы?

— Якраз шукаем каманду. Хочацца сабраць пад адным дахам і прафесійных рэстаўратараў, і майстроў народных рамёстваў нашага рэгіёна. Яны здольныя на неверагодныя рэчы! Ствара­юць, напрыклад, чароўныя маляванкі…

Таленавітыя разьбяры, якія пастаянна выстаўляюцца ў цэнтры, дапамогуць зрабіць унікальныя рамы. Ёсць шмат грандыёзных задач, і мы бязмерна шчаслівыя і ўдзячныя за маштабную дзяржаў­ную падтрымку! Яна так моцна натхняе, што неўзабаве, нават раней за намечаны тэрмін, прадставім некалькі аб’ектаў у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

— А які час спатрэбіцца для рэалізацыі ўсіх задум?

— Аднаўленню прысвецім увесь год. Паралельна плануем паказваць вынікі працы па краіне і за яе межамі. Нарэшце прэзентуем творы, што доўга чакалі ў фондавых сховішчах зорнай часіны!

— Дзе будзеце экспанаваць свае набыткі?

— Дамаўляемся са Смаленскам і з Псковам. Магчыма, у маршруце з’явяцца таксама музеі Пецярбурга. Пакуль шлях дакладна не вызначаны. Перагаворы ідуць…

— А што можна сказаць, параўноўваючы “наіў” Беларусі і Расіі?

— Геаграфічна мы вельмі блізкія, таму нешта сугучнае ў дзвюх плынях, несумненна, назіраецца. Але вылучыць агульную тэндэнцыю амаль немагчыма. Нават у межах аднаго музейнага збору ўсе аб’екты заўважна адрозніваюцца. Гэта такая бязмежная палітра сюжэтаў, матэрыялаў, ідэй, пачуццяў і настрояў...

Добры прыклад — леташняя выстава, прымеркаваная да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Тады ў нас экспанаваліся работы са Смаленска, з Пскова, Санкт-Пецярбурга, Рэспублікі Комі. І, нягледзячы на адзіную тэму, кожны твор быў асаблівы, непаўторны.

— Як увогуле прасоўваеце традыцыйную спадчыну? Ёсць прыкметныя поспехі ў гэтым напрамку?

— Папулярызацыі надаём шмат увагі! Арганізоўваем конкурсы, фестывалі, семінары-практыкумы. Пастаянна радуем публіку новымі выставамі. Год ад году наведвальнікаў назіраецца ўсё больш, а майстар-класы збіраюць поўныя аўдыторыі.

Актыўна залучаюцца ў жыццё цэнтра і мясцовыя ўстановы адукацыі. Многія людзі адкрываюць для сябе свет народнага мастацтва менавіта ў нашых сценах, ствараюць цудоўныя рэчы сваімі рукамі.

І вакол нас па ўсёй вобласці дзейнічае мноства розных клубаў і студый. Раней туды прыходзілі збольшага пенсіянеры, а цяпер склад прыкметна маладзее, што не можа не цешыць: наіўнае мастацтва і традыцыйная культура ў цэлым іграюць значную ролю ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта нашы карані, наша гісторыя, наша душа... І мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб чароўная беларуская спадчына жыла і ўзбагачалася!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы