Да ўмацавання славянскай роднасці

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” актыўна будуе культурныя масты. Дэлегацыя беларускага брэндавага форуму прывезла ў Сербію ўнікальную фотавыставу “Балканскі рытм славянскага сэрца”.

Прадстаўнікі дырэкцыі віцебскага фестывалю прыбылі ў Бялград на пачатку лютага. На сустрэчы з замежнымі калегамі яны абмяркоўвалі стратэгіі супрацоўніцтва ў сферы культуры і выдавецкай справе.

— Візіт у Бялград — знакавая падзея, якая сімвалізуе трывалую і шматгадовую сувязь паміж нашымі культурамі ў рамках вялікай і важнай з’явы — “Славянскага базару ў Віцебску”, — упэўнены генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі. — Гісторыя форуму непарыўна звязана з Сербіяй. Яна падарыла нам мноства яркіх і тытулаваных лаўрэатаў, імёны якіх назаўжды ў летапісе свята. Душан Свілар, Філіп Жмахер, Святлана Слаўкавіч, Жэлька Ёксімавіч, Ірына Арсеніевіч, лаўрэат першай ступені і ўладальніца спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Славянская надзея”… Ганарымся кожным з іх.

Глеб Аляксандравіч падкрэсліў, што ўзаемадзеянне дзвюх краін выходзіць за межы конкурсных мерапрыемстваў. У многім таму спрыяе стойкая сувязь паміж дыпламатычнымі місіямі рэспублік.

— Летась пры падтрымцы пасольстваў былі арганізаваны дзве выставы сербскага мастацтва ў Віцебску. Гэты досвед пацвярджае: новыя формы партнёрства, падмацаваныя двухбаковай дзяржаўнай зацікаўленасцю, — наша агульная мэта, — распавёў дырэктар фестывалю. — Цяперашні наш візіт — лагічны і доўгачаканы крок, накіраваны на паглыбленне паразумення і супрацоўніцтва. Імкнёмся бліжэй пазнаёміцца з багатай сербскай культурай і яе сучаснымі тэндэнцыямі, каб удыхнуць гэтую энергію ў праграмы сёлетняга, юбілейнага “Славянскага базару”.

Экспазіцыя, што гасцюе ў Бялградзе, уключае 80 унікальных кадраў. Маштабны фотаальбом — сапраўдны візуальны летапіс 30-гадовага культурнага партнёрства.

— Выстава даказвае: нягледзячы на змену меж і назваў дзяржаў, дэвіз свята “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” застаецца жывым і непарушным. Гэты праект — даніна павагі таленту, сіле духу і той нябачнай, але трывалай ніці сяброўства, што звязвае берагі Дуная і Заходняй Дзвіны, — лічыць Глеб Лапіцкі.

Таксама ён адзначыў: логіка развіцця фестывалю вядзе яго ад умацавання славянскай роднасці да больш шырокай місіі.

— Сучаснаму грамадству неабходныя пляцоўкі для шчырага і прыгожага дыялогу, і наша галоўная тэма сёння — адкрытасць свету, — дадае Глеб Аляксандравіч. — Мы імкнёмся зрабіць форум яшчэ больш прыцягальным для талентаў з усіх кантынентаў, стаць месцам, дзе пераплятаюцца коды розных цывілізацый. Мэта фестывалю — не толькі прадставіць славянскую спадчыну, але і насыціцца здабыткамі іншых народаў, узбагаціцца праз творчае ўзаемадзеянне. Гэта шлях да новай, універсальнай культурнай мовы. Спадзяёмся, візіт у Бялград стане важным крокам да рэалізацыі высокай місіі. З вялікай цеплынёй і ветлівасцю чакаем наступных сустрэч — як у Сербіі, так і ў ліпені на галоўнай сцэне ў Віцебску.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з сайта фестывалю "Славян­скі базар у Віцебску"