Рухальная сіла — любоў

Апублiкавана: 13 лютага 2026 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: Аўтары

У шырокі пракат выйшла дакументальная карціна “Душа абаронцы”. Прэм’ерны паказ з удзелам здымачнай групы адбыўся 12 лютага ў сталічным кінатэатры “Масква”.

 

Стужка, створаная Нацыянальнай студыяй “Беларусьфільм” пры падтрымцы Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, дэманстравалася падчас XXXI Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. На буйным кінафоруме работа заваявала спецыяльны дыплом журы нацыянальнага конкурсу.

Цэнтральная тэма мастацка-публіцыстычнай карціны — самаадданая абарона Айчыны — раскрываецца праз асобы тых, хто першым прымае на сябе ўдар. Глыбока даследуюцца партрэты пагранічнікаў і байцоў спецпадраздзяленняў, чыя галоўная зброя — унутраная стойкасць і душа.

Як гэта — вартаваць бяспеку рэспублікі ў адзін з самых напружаных перыядаў гісторыі, адчуваючы адказнасць не толькі за сваю сям’ю, але і за мільёны простых беларусаў? У чым сакрэт мужнасці тых, хто прысвячае сябе ахове Радзімы? Які агонь гарыць у сэрцах герояў?

На такія няпростыя пытанні імкнецца адказаць рэжысёр фільма і тэлежурналіст Рыгор Азаронак. Ён прапануе публіцы шматгранны погляд на прадстаўнікоў Узброеных Сіл, пагранічных і ўнутраных войскаў, паказвае іх і ў моманты рашэння баявых задач, і ў звычайным, мірным жыцці. Асабістае гарманічна пераплятаецца з высокай ідэяй яднання: народ давярае абаронцам, бачыць у іх душу краіны. І кожны кадр пацвярджае, што яны нясуць службу не дзеля ўзнагарод і славы, а дзеля чагосьці важнейшага — міру на беларускай зямлі. Менавіта любоў — да Радзімы, свайго дому і блізкіх — паўстае той сілай, што рухае заступнікамі нашай Айчыны

kultura-info.by