Пра мастацтва як форму дыялогу, пра сумневы, што нараджаюць праўду, і пра цішыню, якая ўмее гучаць, — у размове з Ганнай Раманенка, пераможцай на Трыенале маладых мастакоў у намінацыі “жывапіс”.
— Ганна, як жывапіс увайшоў у ваша жыццё?
— Гэта быў доўгі працэс станаўлення. Творчасць суправаджала мяне з маленства: дзіцячы сад, школа, потым мастацкі каледж і, нарэшце, акадэмія. Там і прыйшло выразнае ўсведамленне: не магу без фарбаў. Не абышлося без эксперыментаў — графіка, скульптура, розныя тэхнікі і матэрыялы. Перыяд пошуку, спроб і памылак аказаўся надзвычай важным.
Асаблівую ролю адыгралі мае выкладчыкі. Яны не навязвалі гатовых схемаў і не вучылі “як правільна”, а, наадварот, пастаянна задавалі пытанні, падштурхоўвалі да ўласных разважанняў. Гэта і навучыла думаць самастойна, браць адказнасць за кожны творчы выбар. З цягам часу зразумела, менавіта жывапіс дазваляе мне перадаваць пачуцці, настроі, ідэі, якія цяжка выказаць словамі.
Колер стаў маім галоўным інструментам.
— Ці даводзілася сумнявацца і пераглядаць абраны напрамак?
— Пераломныя моманты найчасцей узнікалі не пад уплывам знешніх абставінаў, а знутры. Адзін з самых вострых крызісаў адбыўся тады, калі ўпершыню паўстала сур’ёзнае пытанне: ці слушнай сцежкай іду і ці адпавядае маё выказванне глыбокай асабістай патрэбе? Сумневы выклікалі трывогу і няўпэўненасць, але менавіта ў гэтым стане адкрылася магчымасць па-сапраўднаму слухаць унутраны голас. Знік страх быць сабой, нават калі гэта не супадае з чужымі чаканнямі. І тады ў працах з’явілася значна больш праўды.
— Як паўплывала на ваша прафесійнае самаўспрыманне перамога на Трыенале маладых мастакоў?
— На маім шляху было нямала розных праектаў — міжнародныя і рэспубліканскія выставы, конкурсы, пленэры. Кожны з іх стаў важным этапам і каштоўным досведам. Аднак удзел у Трыенале ўспрымаю як адзін з найбольш значных момантаў творчага станаўлення. Высокая ацэнка аказалася нечаканай і вельмі натхняльнай: яна заахвоціла працягваць шукаць новыя формы, сустракацца з гледачом праз новыя творы і пацвердзіла, што я рухаюся ў правільным кірунку.
— Паспяховы вынік заўсёды мае свой пачатак. Што звычайна запускае гэты працэс і як фарміруецца ваш мастацкі стыль?
— Найчасцей імпульсам становіцца адчуванне — слова, вобраз або рытм. Далей ідзе назапашванне матэрыялу: пішу эцюды, раблю накіды, збіраю візуальную і тэкставую інфармацыю. Гэта дапамагае сфармуляваць ідэю і падрыхтавацца да працяглай, уважлівай працы. Пераважна выкарыстоўваю тэхніку лесіроўкі, якая патрабуе часу і цярпення: кожны пласт мусіць цалкам высахнуць, перш чым з’явіцца наступны. Такая паступовасць дае магчымасць дасягнуць глыбіні, тонкіх каляровых пераходаў і ўнутранага ззяння — таго, што стала асновай майго стылю.
Натхненне знаходжу ў кнігах, музыцы, прыродзе, падарожжах, размовах з цікавымі людзьмі і, безумоўна, у свеце ўласных перажыванняў. Важна заставацца адкрытай і ўмець заўважаць дэталі.
— Ці ёсць тэмы, да якіх вяртаецеся зноў і зноў?
— Так, але не дзеля паўтарэння. Матывы эвалюцыянуюць разам са мной. Адзін з ключавых — цішыня. Ствараю такое асяроддзе, у якім увага засяроджваецца на галоўным. Цішыня тут не ўспрымаецца як пустэча, а становіцца прасторай, дзе форма, лінія і фактура набываюць асаблівую выразнасць. Яна не паглынае, а, наадварот, дазваляе вобразу гучаць чысцей. Асобнае месца займае твор “Знічка”, напісаны яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Гэта была мая першая спроба асэнсаванага самавыяўлення, пачатак той мовы, якую развіваю і сёння.
— Наколькі для вас істотна, каб глядач “прачытваў” закладзеныя сэнсы?
— Веру ў шматслойнасць. Мне важна не прапаноўваць гатовых тлумачэнняў, а пакідаць умовы для інтэрпрэтацый. Калі глядач становіцца саўдзельнікам і знаходзіць ва ўбачаным нешта асабістае, праца набывае сапраўдную завершанасць.

— Ці адчуваеце сёння нейкую місію ў тым, што робіце, і як яна суадносіцца з часам?
— Мастацтва — гэта перадусім форма дыялогу: з сабой, з аўдыторыя, з эпохай. Яно не абавязана наўпрост рэагаваць на падзеі, але і не можа існаваць па-за рэальнасцю. Не думаю пра ўніверсальныя “задачы”, для мяне прынцыпова важная шчырасць аўтара: калі яна прысутнічае, выказванне пачынае набываць моц. Сёння інфармацыйная перанасычанасць і канкурэнцыя ўзмацняюць ціск на маладога мастака, але адначасова адкрываюць і новыя магчымасці.
Вызначальнымі застаюцца самабытнасць, пастаянная праца і гатоўнасць да эксперыментаў.

Галоўны выклік — захаваць сваю ідэнтычнасць, не распусціўшыся ў чужых чаканнях і параўнаннях. Калі заставацца сумленным і давяраць асабістаму бачанню свету, тваё мастацтва абавязкова знойдзе водгук.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні