Чарговыя паказы прэм’ернага мюзікла “Рымскія канікулы” ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбыліся ў лютым. Квіткі разляцеліся імгненна, спектакль адразу стаў адным з улюбёных.

МЮ-У-У-ЗІКЛ
Уласна жанрам мюзікла нікога ўжо не здзівіш. Ён трывала прапісаўся не толькі ў нашым Музычным, але і ў Маладзёжным тэатры эстрады, у драматычных калектывах краіны, нават у Дзяржаўным ансамблі танца Беларусі — у выглядзе мюзікла-балета. А Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя М. Горкага паспяхова перанёс сваю рок-оперу “Граф Монтэ Крыста” ўвогуле ў велічэзную залу Палаца Рэспублікі — з тымі ж аншлагамі, што і на іншых сцэнах. Можа, справа яшчэ ў “раскручаных” назвах? Бо мюзікл часцяком звяртаецца да літаратурнай класікі, вядомых кінастужак.

Сюжэт “Рымскіх канікул” добра вядомы па аднайменным фільме — дарэчы, першым галівудскім, што быў цалкам зняты ў Еўропе. Прынцэса неназванай краіны падчас дзелавой паездкі ў Рым збягае падарожнічаць па горадзе, выпадкова сустракае журналіста, вымушана абіраць між каханнем і абавязкам. Хлопец таксама робіць выбар — між пачуццямі і сенсацыяй.
Але кампазітара Андрэя Кротава, які працуе загадчыкам музычнай часткай аднаго з драмтэатраў Новасібірска, натхняла не толькі гэтая неверагодная гісторыя, але і лібрэта жонкі — драматурга Ноны Кротавай. Іх сумесны твор быў пастаўлены ў тамтэйшым Музычным тэатры Філіпам Разенковым і ў 2019-м уганараваны адразу дзвюма прэстыжнымі расійскімі прэміямі “Залатая маска” — як “Найлепшы спектакль аперэты / мюзікла” і “Найлепшая праца рэжысёра” ў гэтай галіне. Пазней “Рымскія канікулы” былі ўвасоблены ў Разані, Томску. І вось у нас — так супала, бы падарунак да 60-годдзя кампазітара, які быў намінаваны на згаданую прэмію, але ў розныя часы двойчы атрымліваў іншую — “Парадыз”.
РУ-У-У-УХ!
Насамрэч спектакль стаў падарункам таксама для нашага тэатра і яго публікі. Пастаноўчая каманда склалася — цалкам беларуская. Малады рэжысёр Валерыя Чыгілейчык падхапіла імклівасць дзеяння, задала яму добры тэмпарытм, падтрыманы мноствам інтэрактыўных момантаў, шалёнай энергетыкай артыстаў, вынаходлівай харэаграфіяй Аляксандра Філіпава, калі героі танчаць нават седзячы.

Шмат руху ў сцэнаграфіі прадугледзеў мастак Андрэй Меранкоў. Тут і двухпавярховы экскурсійны аўтобус, і скутар, мапед, легкавы аўтамабіль. Да радасці гледачоў, не застылыя, а рухавыя. Як і відэапраекцыя, што імітуе вандроўку па славутасцях італьянскай сталіцы. І падсветленая назва горада з сардэчкам (падобных фотазон па Беларусі шмат), дзе ўсе літары перасоўваюцца, бы жывыя. Гандлярка марозівам, кветкамі — і тая на роліках. Сцэна ў цырульні, дзе цэнтральная гераіня, ледзь адвярнуўшыся ў крэсле, змяняе імідж, выклікае неадольнае жаданне запісацца да таго ж майстра-стыліста, што працуе так крэатыўна і хутка. Раз’язджаюць па сцэне нават ложкі — і звычайны, і вялізны каралеўскі, на які можна ўзлезці толькі па лесвіцы. Вядома, такая разнастайнасць узнікае і за кошт дэкарацый-трансформераў, ствараючы ўражанне перанасычэння яркім і вельмі зменлівым, амаль “кліпавым” візуалам.

Між тым агульная карцінка не распадаецца на безліч асобных пазлаў, бо добра змацавана ўдалай драматургіяй. На першы план выходзіць не чаргаванне размоў з асобнымі музычнымі нумарамі, а разгорнутыя сцэны, прасякнутыя лейтматывамі, паўторнасцю некаторых тэм. Дырыжор Мікалай Макарэвіч упэўнена вядзе аркестр і ўсіх удзельнікаў ад адной лакальнай кульмінацыі да другой, не губляючы ніводнай дэталі: звяртае нашу ўвагу на цікавыя тэмбравыя фарбы, мудрагелістае спляценне інструментальных ліній, якія не проста праслухоўваюцца, а “дыхаюць”. Музыка ўзмацняе відэашэраг, задае настрой, а галоўнае — малюе сапраўднае аблічча герояў. Касцюмы Ільі Падкапаева не становяцца самамэтай, а таксама скіроўваюць нашы думкі ад знешняга да ўнутранага і іх гармоніі.
Усе персанажы, пачынаючы з Ганны і Джо Брэдлі (больш стрыманы Сяргей Суцько ці запальна-захоплены Ілья Саванеўскі), атрымліваюць дакладныя псіхалагічныя характарыстыкі. Кожны з артыстаў дадае свайму герою нейкую адметную разыначку — дзе камічную, а дзе і спачувальную.

ГА-А-АННА
Тэатр узрасціў выдатную маладую салістку Ганну Юрачкіну. Хормайстар па адукацыі, атрыманай у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, яна чатыры гады працавала тут артысткай вакальнага ансамбля і пачала атрымліваць цэнтральныя ролі: кранальная Сесіль у “Небяспечных сувязях” Глеба Матвейчука, моцная духам Джэйн Эйр у аднайменным мюзікле Кіма Брэйтбурга, палымяна закаханая княжна Тараканава ў яго ж “Блакітнай камеі”, шэраг запамінальных казачных вобразаў у дзіцячых спектаклях. Яе Ганнай рухае гэткі падлеткавы максімалізм, імпульсіўнасць, нават некаторая экзальтаванасць у адкрыцці іншай, не вядомай ёй раней рэальнасці.

У прызнанай Ілоны Казакевіч, якая апошнім часам таксама выкладае і спрабуе сябе ў ролі рэжысёра, Ганна крыху іншая. Яна з самага пачатку разумее сумны фінал сваіх прыгод — адзіна магчымы, абумоўлены абставінамі. Але настолькі стомленая прыдворным этыкетам, што вырашаецца хаця б на глыток шчаслівай лірычнай рамантыкі.

Спектакль атрымліваецца не проста пра няспраўджанае каханне, свабоду ад залішніх цырыманіялаў, а пра неабходнасць пасярод любой самай напружанай працы не губляць чалавечнасці, знаходзіць час для душэўнага адпачынку ў атачэнні блізкіх. Прага эмацыйнай перазагрузкі ўласціва кожнаму, ды не кожны знаходзіць у сабе смеласць выявіць яе так шчыра і па-юначы адкрыта, нязмушана. Ёсць над чым задумацца!
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра