Акурат год таму Сеціва абляцела навіна: на падворку Дома друку знойдзены незвычайны жарон. Падобнае ў сталіцы ўжо здаралася, але гэты камень памерамі перасягнуў усе ранейшыя. Ды адшукалі яго пад зямлёй у месцы, адкуль да найбліжэйшай ракі — кіламетры. У той жа дзень рэдакцыя “К” распачала расследаванне. І сёння мы знаёмім вас з матэрыяламі справы, заведзенай 28 лютага 2025-га.
Артэфакт выявілі пры замене камунікацый на тэрыторыі паркінга пад вокнамі нашай рэдакцыі (пр-т Незалежнасці, 77). Як расказаў работнік будаўнічага ўпраўлення № 4 будтрэста № 1 Васіль Воўчак, жарон адкапалі на глыбіні чатырох метраў ля запаснога выйсця з дома. Каб велізарны каменны круг не перашкаджаў працам, яго, хоць і з цяжкасцямі, дасталі на паверхню. Менавіта ў гэты момант рэччу і зацікавіліся мы.
Археолагі, запрошаныя для кансультацыі, спярша палічылі аб’ект звычайным наліўным жарном пачатку ХХ стагоддзя. А як адмылі ад гліны, высветлілася: прылада створана з граніту. Гэта ў некалькі разоў павялічыла каштоўнасць знаходкі.

Памеры ўразілі: 178—180 сантыметраў у дыяметры, 45 у таўшчыню, вага — звыш чатырох тон. Здзівіла яшчэ, што працоўная паверхня месціцца на тарцы. “Прышэлец з мінуўшчыны” нагадвае шасцярню.
ДА АДМЫСЛОЎЦАЎ
Ацаніць каменны круг мы паклікалі спецыялістаў. Францішак Жылка, аўтар кнігі “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (2021), ідэнтыфікаваў артэфакт як жарон ад крупадзёркі (машыны для вырабу круп і ачышчэння зерня ад вотруб’я). Такіх буйных жаронаў у нашай краіне даследчык не сустракаў (іх наогул захавалася няшмат). Яўген Мікула, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, падтрымаў меркаванне калегі, дадаўшы нямала гісторый пра айчыннае млынарства.
Стала зразумела: крупадзёрка магла быць паравой або электрычнай. Як падобная выглядала, рэальна даведацца ў этнаграфічным комплексе “Млын” гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. Але звестак, ці існавала некалі ля будынка, дзе цяпер працуе рэдакцыя “К”, крупадзёрка (або млын), даследчыкі не мелі. Прыйшлося працягнуць уласнае расследаванне. А каб захаваць знаходку для нашчадкаў, мы звязаліся з дырэктарам Музея гісторыі горада Мінска Галінай Ладзісавай, якая выказала гатоўнасць прыняць жарон і даручыла сачыць за справай загадчыку аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы Яўгеніі Стальмаховай.
ДЗІКІ ЎСХОД
Так выглядала на пачатку ХХ стагоддзя тэрыторыя, дзе ў нашы дні гудзіць станцыя метро “Акадэмія навук”. Мяжа горада пралягала паблізу сучаснай плошчы Якуба Коласа, а грыбны лес шумеў там, дзе цяпер красуе Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Найбліжэйшы асяродак цывілізацыі — карчма “Рай” — быў насупраць увахода ў Цэнтральны батанічны сад, заснаваны ў 1931-м.
Толькі ў 1920-х раён пачаў забудоўвацца. З’явіліся першыя карпусы сённяшняга БНТУ, Акадэміі навук, бальніцы № 1, Дома друку, Мінскі аўтадарожны тэхнікум і жылы дом для персаналу друкарні, інтэрнат для студэнтаў-медыкаў (завершаны пасля вайны). А вось на месцы нашага будынка да сярэдзіны 1950-х нічога фундаментальнага не ўзводзілі. Што ж там было?
ЗЯЛЁНАЯ КРАМА
Адказ знайшоўся ў двухтомніку Леаніда Маракова “Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.” (“Мастацкая літаратура”, 2013). У выданні апісаны кожны метр сучаснага праспекта Незалежнасці.
Аказалася, у 1920-х на пляцоўцы, дзе знаходзіцца наш корпус, існавала некалькі драўляных будынкаў. Адзін з іх — крама Мінхарчгандля. З-за цёмна-зялёных сцен яе ў народзе празвалі “зялёнкай”. Да вайны побач узвялі мураваную краму, а старую ператварылі ў склад. Камяніца была немалой і магла мець уласную крупадзёрку. І гэта лагічна, бо крупы, думаецца, карысталіся попытам: навакол пры ўстановах — сталовыя для навукоўцаў, медыкаў, студэнтаў, рабочых.
Вось як, верагодна, разгортваліся падзеі. Калі на пачатку 1950-х узнікла патрэба ў новым будынку для друкароў, краму і крупадзёрку знеслі. А шматтонны жарон закапалі — на здзіўленне нашчадкам.
ЯКАЯ КРУПАДЗЁРКА?
Але якім чынам крупадзёрка прыводзілася ў рух? Магчыма, з дапамогай электрычнасці: побач Дом друку. А калі паравым рухавіком (лакамабілем), то адкуль бралі паліва — прыкладам, торф? Высветлілася, што на месцы кінатэатра “Кастрычнік” у 1930—1940-х знаходзілася вузкакалейка. Яна ішла на ўсход, дзе раздвойвалася, і далей — да тарфяных распрацовак. Першыя былі там, дзе сёння раскінулася Мінская птушкафабрыка № 1, другія — каля сучаснага храма Усіх Святых на вуліцы Каліноўскага. Па вузкакалейцы або па трамвайных пуцях маглі прывезці і жарон.
БРАТЫ-БЛІЗНЮКІ
Знаўца гісторыі беларускай вузкакалейкі Арцём Слізкі падказаў: падчас земляных работ на станцыі метро “Фрунзенская” адкапалі падобны аб’ект! Дзякуючы руплівасці даследчыка і будаўнікоў знаходку даставілі ў Музей гісторыі горада Мінска. Таўшчыня дыска — 40 сантыметраў, а яго руб адшліфаваны, як шкло. Магчыма, прыладу прымянялі для пракаткі нейкіх матэрыялаў.

І калі зносілі стары фарфоравы завод на вуліцы Крапоткіна і ўзводзілі новыя гмахі (за два крокі ад Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі), таксама адшукалі каменныя кругі, але меншыя за “блізнюкоў”. Два з іх, верагодна, выкарыстоўваліся для вальцавання (маюць увагнутае рабро). Сёння гэтыя прадметы выконваюць ролю малых архітэктурных формаў на падворках дамоў.

Што датычыцца “культурнага” жарна, дзякуючы кіраўніцтву будаўнічага ўпраўлення № 4 і будтрэста № 1 артэфакт быў перавезены на тэрыторыю Музея гісторыі горада Мінска і заняў пачэснае месца ля камяніцы з экспазіцыяй “Карэтная”, непадалёк ад “фрунзенскага” брата. Цяпер лёс знаходкі ў надзейных руках — зрэшты, як і працяг даследчай працы.
Зміцер ЮРКЕВІЧ. Фота аўтара і з архіва музея
Артыкул надрукаваны ў газеце "Культура", №6 ад 6 лютага 2026 г.