Выстава “Адзінства непераможнага народа”, зладжаная да чарговай гадавіны зняцця блакады Ленінграда, працуе ў Доме-музеі І з’езда РСДРП. Праект рэалізаваны пры садзейнічанні Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

АСАБЛІВЫЯ ДАЧЫНЕННІ
Ленінград — адзіны ў найноўшай гісторыі буйны горад, які вытрываў аблогу тэрмінам амаль у 900 дзён. Напрыканцы блакады засталося не больш за 800 тысяч чалавек з трох мільёнаў, якія жылі там да яе пачатку. Наш край з гэтай мясцінай заўжды звязвалі асаблівыя дачыненні. Былі перыяды, калі горад на Няве насяляла больш этнічных беларусаў, чым любы з беларускіх, многія нашы суайчыннікі вучыліся і працавалі ў Ленінградзе. Зрэшты, недарма і славутая “Блакадная кніга” напісана Даніілам Граніным у суаўтарстве з нашым земляком, Алесем Адамовічам. Адметна, што штуршок да яе стварэння далі аповеды дачкі знакамітага беларускага літаратара Максіма Гарэцкага, Галіны, якая на пачатку Вялікай Айчыннай была студэнткай у Ленінградзе і пераказала Алесю Міхайлавічу багата жахаў аблогі.
ДЗЕЦІ ВАЙНЫ
У адкрыцці выставы паўдзельнічалі работнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, кіраўніцтва Рассупрацоўніцтва, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ды іншыя.

Старшы саветнік пасольства Аляксей Галузін нагадаў, што трагічная старонка гісторыі беларусаў у Ленінградзе звязана з лёсамі 24 тысяч падлеткаў з нашай краіны. Яны прыбылі ў 1940 годзе, каб атрымліваць адукацыю ў рамесных вучылішчах і школах фабрычна-заводскага навучання, а ў выніку трапілі ў жорсткія ўмовы блакады. Палова загінула. Агулам праходзіла падрыхтоўку ў такіх установах у Ленінградзе 75 тысяч падлеткаў, і каля траціны з іх складалі беларусы. У чэрвені 1941-га ў рамесных вучылішчах і школах фабрычна-заводскай адукацыі праводзіліся экзамены, пасля якіх хлопцы і дзяўчаты мусілі раз’ехацца на канікулы на ўсё лета.
Але надзеі на адпачынак не спраўдзіліся. З пачаткам вайны маладыя людзі былі вымушаны працаваць на заводах, а таксама ўдзельнічаць у будоўлі абарончых умацаванняў на подступах да горада.

Некаторыя прыпісвалі сабе лішні год, каб трапіць на фронт. Напрыклад, адзін з такіх добраахвотнікаў — Феадосій Смалячкоў з Быхаўшчыны, снайпер, які знішчыў 125 варожых салдат, перш чым загінуў у 1942-м. Пасмяротна ўшанаваны званнем Героя Савецкага Саюза.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч таксама звярнуў увагу: ураджэнцы Беларусі былі не толькі ў аблозе, але і сярод байцоў Ленінградскага фронту, які прарываў блакаду. А старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран дадаў, што многія блакаднікі пасля вайны апынуліся ў нашай рэспубліцы, і згадаў прыклад свайго дзеда, які прайшоў праз трагедыю Ленінграда, змагаўся і атрымаў узнагароды.

ПОГЛЯД ЗБЛІЗКУ
Аснову экспазіцыі склалі тры сотні прадметаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і з калекцыі лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Тут можна пабачыць фотаздымкі, паштоўкі, лісты жыхароў блакаднага Ленінграда, іх рэчы: пісьмовыя прылады, кнігі, сталовыя прыборы, гадзіннікі, статуэткі. Такая панарама асабістых дакументаў і артэфактаў дазваляе прыгледзецца да гісторыі блакады праз прызму штодзённасці і лёсы канкрэтных людзей. Паказаныя лісты яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў, якія маглі б высветліць біяграфіі аўтараў і адрасатаў.

Дапаўняюць праект банеры з адсылкамі да паштовак, якія выдаваліся ў абложаным горадзе. Уладзімір Ліхадзедаў адзначыў важную ролю ў арганізацыі выставы дырэктара Дома-музея I з’езда РСДРП Сяргея Рэчкіна і загадчыцы сектара фатаграфічных даследаванняў Нацыянальнага гістарычнага музея Святланы Харужык.
Сярод самых цікавых экспанатаў калекцыянер назваў асабістыя рэчы і кнігі блакаднага ўрача Ільі Багарада, ураджэнца Віцебска. А яшчэ — ліст, складзены за два дні да пачатку вайны, у якім 20-гадовы хлопец з Ленінграда піша дзяўчыне ў Гомель пра будучую сустрэчу, што мусіла здарыцца 27 чэрвеня. Як склаўся далейшы лёс гэтых людзей — на жаль, невядома. Тэма блакады Уладзіміру Ліхадзедаву вельмі блізкая, бо падчас тых падзей загінулі прабабуля Уладзіміра Аляксеевіча і адна з яе дачок.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы падкрэсліў, што Санкт-Пецярбург — і сёння асноўны цэнтр беларускай культуры ў Расіі, дзе жыве вялікая колькасць нашых суайчыннікаў, а Беларусь прыкладае шмат намаганняў, каб наладзіць супрацоўніцтва з дыяспарай. Цягам месяца ў музеі таксама запланаваны шэраг мерапрыемстваў з удзелам Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда. Такія імпрэзы дазволяць прадстаўнікам пасляваенных пакаленняў бліжэй пазнаёміцца з гэтай старонкай нашай гісторыі.

Выстава даступная да 1 сакавіка. Звязаныя лёсам Выстава “Адзінства непераможнага народа”, зладжаная да чарговай гадавіны зняцця блакады Ленінграда, працуе ў Доме-музеі І з’езда РСДРП. Праект рэалізаваны пры садзейнічанні Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

Антон РУДАК. Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА