Статус абавязвае

“Святкуем па-беларуску”, “Тыдзень смаку”, “Звіняць цымбалы і гармонік”… План мерапрыемстваў, якія пройдуць сёлета ў Паставах, багаты на самабытныя цікавінкі: статус культурнай сталіцы — 2026 абавязвае.

 

Горад на Віцебшчыне пераняў эстафету рэспубліканскай акцыі ў Іванава, што на Брэстчыне, у снежні. Афіцыйнае адкрыццё 17-й культурнай сталіцы назначана на канец лютага. А пакуль Паставы рыхтуюцца да свята і ўдакладняюць праграмы.

На тыдні зверыць гадзіннікі і паглядзець пляцоўкі для правядзення галоўных падзей прыехалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і Цэнтра культуры “Віцебск”. Насіць пачэсны статус, быць асяродкам творчага жыцця ўсёй краіны — сур’ёзная, але цікавая задача. Падчас рабочай нарады абмяркоўваліся канцэпцыі і планы на 2026 год.

Акрамя ўрачыстага адкрыцця і закрыцця акцыі, у Паставах чакаецца вялікая колькасць мерапрыемстваў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў: спектаклі, канцэрты, выставы, круглыя сталы, фестывалі...

Сярод найбліжэйшых буйных імпрэз — фінал нацыянальнага адбору на дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”: 21 сакавіка ў Паставах выступяць пераможцы рэгіянальных тураў. Падтрымаць выканаўцаў запрошаны зоркі. Судзіць прэстыжнае спаборніцтва будуць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, заслужаныя і народныя артысты Беларусі, музычныя прадзюсары, педагогі па вакале, лаўрэаты мінулых конкурсаў.

Знітуе мерапрыемствы знакавага года культурна-этнаграфічная акцыя “Святкуем па-беларуску”. Яна пакажа мясцовыя звычаі і абрады ў адпаведнасці з народным календаром.

Традыцыйны “Тыдзень смаку” пройдзе ў красавіку — адбудзецца прэзентацыя страў Пастаўшчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Яшчэ адно брэндавае свята краю — міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” — разгорнецца ў чэрвені. Форум збярэ гасцей з розных куткоў свету 35-ы раз. Вядома, сёлета дзякуючы статусу культурнай сталіцы Беларусі голас Пастаў прагучыць больш звонка.

kultura-info.by