Праект газеты “Культура” “У галоўнай ролі — жанчына”
Год беларускай жанчыны для Людмілы Валковіч-Борыс і Лізаветы Чырвонцавай распачаўся з важнай навіны: выкладчыц Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага ўдастоілі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Узнагароду народныя майстры атрымалі за аднаўленне, развіццё і папулярызацыю традыцый маладзечанскай школы выцінанкі.

Людміла Валковіч-Борыс (злева) і Лізавета Чырвонцава
На самай справе гэта — інтэрнацыянальны від мастацтва. У розных кутках свету спакон вякоў людзі стараліся ўпрыгожыць сваё жыллё. У працу ішлі разнастайныя матэрыялы, прыдатныя для творчасці, у тым ліку і такі далікатны, як папера. Аднак, па словах лаўрэатак, французская выцінанка вельмі адрозніваецца, напрыклад, ад эстонскай, а руская — ад нарвежскай. І нават у межах нашай краіны чалавек дасведчаны распазнае навагрудскую, глыбоцкую, маладзечанскую.
У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА беларуская выцінанка трапіла ў 2024 годзе.
ЗДЗЯЙСНЕННЕ МАРЫ
— Ідэяй адраджэння на Маладзечаншчыне такога віду мастацтва мы абавязаны першапраходчыцы, аўтару грунтоўнай работы Вікторыі Чырвонцавай, — распавядае яе дачка Лізавета Чырвонцава. — Напрыканцы мінулага стагоддзя матуля на прафесійным узроўні ўзяла ў рукі нажніцы і паперу і пачала вучыць падлеткаў далікатнай творчасці.
Адразу гэта быў напрамак працы ў дзіцячай мастацкай школе. Але, заўважыўшы зацікаўленасць землякоў, адмысловец разам з паплечнікамі прапанавала адкрыць пры каледжы клас народнага мастацтва. Мясцовыя ўлады пайшлі насустрач, і ўжо ў 1997-м першыя дыпломы спецыялістаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве атрымалі сем дзяўчынак.
— Вікторыя Мікіцічна не проста вучыла тэхніцы выцінанкі, яна стварыла спецыяльную праграму, якая была зацверджана міністэрствамі культуры і адукацыі ды выкарыстоўваецца дагэтуль, — расказвае старшыня цыклавой камісіі Людміла Валковіч-Борыс. — Дарэчы, папяровае выразанне ў рамках курса “Работа ў матэрыяле” выкладаецца толькі ў нашым каледжы.

Вікторыя Чырвонцава
Вікторыя Чырвонцава шмат гадоў прысвяціла любімай справе, перадаўшы захапленне выцінанкай дачцэ і дзясяткам іншых дзяўчынак. Цяпер выхаванцы працуюць па ўсёй Беларусі, але ў асноўным на Міншчыне, папулярызуючы гэты вытанчаны від мастацтва.
— Насамрэч мы многім абавязаны Вікторыі Мікіцічне, — адзначае Людміла Мікалаеўна. — Яна распачала важную справу і вывела яе на навуковы ўзровень. Дзякуючы няўрымслівасці Вікторыі Чырвонцавай сёння беларуская выцінанка займае годнае месца ў сусветным мастацтве.
У ПОШУКАХ СКАРБАЎ
Па словах знаўцаў, у кожнага рэгіёна свае адметныя рысы творчасці. І гэта датычыць не толькі выцінанкі. Як правіла, у захаванні і папулярызацыі народных рамёстваў істотную ролю адыгрывае прывязка да мясцовасці, перадача прыёмаў, характэрных менавіта для таго ці іншага краю. Дзеля гэтага арганізоўваюцца даследчыя экспедыцыі, падчас якіх навукоўцы па кропельках збіраюць адвечныя скарбы.

Лізавета Чырвонцава
— На жаль, знайсці аўтэнтычныя вырабы ці элементы нам не пашчасціла, — распавядае Лізавета Львоўна. — Прычыны аб’ектыўныя: папера — матэрыял далікатны — не вытрымлівае выпрабаванне часам. Звычайна ў вёсках, калі тое ці іншае ўпрыгожанне псавалася, яго спальвалі ў печы. Таму аднаўляць спадчыну знаўцам прыходзілася па расказах старажылаў.
Але і тут іншым разам узнікалі цяжкасці: у глыбінцы часам нават не чулі такога мудрагелістага слова “выцінанка”. Папяровыя аздобы называлі па-рознаму: “карункі”, “фіранкі”, “зорачкі” — у залежнасці ад таго, якія карціны выразаліся і дзе потым выкарыстоўваліся.

Даследчая дзейнасць па выяўленні і аднаўленні па памяці носьбітаў традыцыйных узораў паспрыяла таму, што гэтым рамяством зацікавіліся прафесійныя мастакі, выкладчыкі і навукоўцы. Выцінанка стала спалучацца з іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а вытанчаныя папяровыя складнікі сёння можна заўважыць у самых незвычайных вырабах.
АЎТАРСКІ ХАРАКТАР
Цяпер у маладзечанскай школы ёсць элементы культурнай спадчыннай прыгажосці. На іх абапіраюцца як на нацыянальны код. Разам з тым выхаванцы даўно адышлі ад простых узораў, бяруцца за выкшталцоныя тэматычныя кампазіцыі з дакладнай структурай, са стылізацыяй вобразаў і ажурных арнаментаў.

Людміла Валковіч-Борыс
— Сучасная беларуская выцінанка набыла аўтарскі характар, — адзначае Людміла Мікалаеўна. — З дапамогай паперы сённяшнія майстры перадаюць настрой, пачуцці, распавядаюць гісторыі, звяртаюцца да аўдыторыі праз адсылкі да генетычнай памяці.
І тое насамрэч так. Углядаючыся ў карціны, нібы паглыбляешся ў незвычайны свет беларускай міфалогіі, пазнаеш месцы і будынкі, знешнія рысы знакамітых асоб…

— Тэматыка разнастайная, — тлумачыць Лізавета Львоўна. — Гэта архітэктура — як беларуская, так і замежная, нацыянальныя строі ды іх элементы, народная або хрысціянская сімволіка, гістарычныя падзеі або персанажы, агульнаславянскія ці нават агульнасусветныя вобразы, народныя святы і абрады, многае іншае. Не выключэнне і фантазійныя ўзоры.
Як прыклад педагог прыводзіць работу “Чароўнае возера”, у якой можна ўбачыць водныя хвалі, вялікіх і маленькіх рыбак, а калі дадаць уяўленне, то і міфічных істот накшталт русалкі ці вадзяніка.

— Адзін з элементаў гэтага і іншых пано — так званыя зубчыкі, — паказвае Людміла Валковіч-Борыс. — Вось тут яны выкарыстоўваюцца ў якасці хвосцікаў. А тут ужо як аздабленне рамкі. Гэта вельмі распаўсюджаны ў маладзечанскай школе элемент.
ЭФЕКТ УРАЖВАЕ!
Звычайна выцінанка вырабляецца маленькімі нажніцамі з простага ліста паперы. У рэдкіх выпадках прымяняецца скальпель альбо канцылярскі нож, а ў Навагрудку — стамеска. У асобных вёсках прыкладна ў другой палове мінулага стагоддзя ўжываліся газеты, а для больш багатага аздаблення — каляровыя лісты часопісаў.

Цяпер матэрыял не надта адрозніваецца ад традыцыйнага. Гэта па-ранейшаму папера, але сучасныя майстры могуць сабе дазволіць узяць, напрыклад, каляровую, спалучыўшы ў адным творы некалькі адценняў, альбо фольгу — залатую ці срэбраную. У такім выпадку агульная карціна клеіцца па кавалачках.

Эксперыментуюць і з асновай. Так, у мастацкай галерэі каледжа мы ўбачылі некалькі дыпломных прац, выкананых… на шкле.

Выцінанку выкарыстоўваюць для аздаблення хатніх ліхтароў, дэкаратыўных лямпаў і начнікоў.

Выхаванцы маладзечанскай школы пайшлі далей і прыдумалі 3D-эфект: элементы мацуюцца на асобных шкельцах, потым збіраецца агульная кампазіцыя. А калі выраб яшчэ ўпрыгожаны падсветкай — гэта вельмі ўражвае!
ВЫЦІНАЕМ РАЗАМ
Працаваць паасобку, толькі на падставе здабытых спадчынных і ўласных матэрыялаў руплівыя творцы доўгі час не змаглі. Вырашылі: неабходна дзяліцца вопытам з іншымі прыхільнікамі папяровага мастацтва. Ідэю выношвалі некалькі месяцаў. А калі яна сфарміравалася ў рэальны план — звярнуліся з прапановай да кіраўніцтва.

Такім чынам, у Маладзечанскім музычным каледжы ў сакавіку 2019 года сабраліся дзясяткі аматараў рамяства з усёй Беларусі на першы адкрыты форум “Выцінаем разам”. У праграме — тэарэтычныя лекцыі, майстар-класы, круглыя сталы, абмен вопытам, экскурсіі па мастацкай галерэі каледжа і, натуральна, выстава работ аўтараў з розных рэгіёнаў рэспублікі.
— Выйшла шэдэўральна! — вочы Лізаветы Чырвонцавай запальваюцца ад цёплых успамінаў. — Столькі прыгажосці ў адным месцы! Мы з радасцю дзяліліся сваімі напрацоўкамі, пазычалі нейкія ідэі ў калег.
Форум доўжыўся два дні. Па словах суразмоўніц, гэта быў час, насычаны творчасцю, узаемаразуменнем, цікавасцю да агульнай справы.
— Пасля мы пачулі шмат станоўчых водгукаў, — згадвае Людміла Мікалаеўна. — Таму пры падтрымцы кіраўніцтва было вырашана арганізоўваць такія мерапрыемствы пастаянна — адзін раз на два гады. Летась зладзілі ўжо чацвёрты форум.
ПРЫЗНАННЕ
Нашым гераіням давялося абменьвацца досведам і з замежнымі аматарамі далікатнага рамяства. У Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага праходзіў VI Міжнародны сімпозіум па выцінанцы “Мастацкае выразанне: форма і колер”. У ім удзельнічала каля 70 чалавек з шасці краін.
— Да нас прыехалі не толькі майстры, але і даследчыкі — тыя, хто займаецца мастацтвам выцінанкі з навуковага боку, — гаворыць Лізавета Чырвонцава. — Іх даклады дазволілі асабіста мне зірнуць на творчасць пад іншым вуглом — з пункту гледжання навуковага абгрунтавання.
Напрыклад, швейцарская выцінанка адрозніваецца ад іншых колерам і бывае толькі чорнай. Да таго ж калі параўноўваць яе з рускай ці польскай — яна больш ажурная. Прычым неістотна, якога памеру работа: як маленькая паштовая марка, аркуш А1 або нават большая. Украінская выцінанка, як і размалёўка, — надзвычай яркая. Паўднёвыя майстры выкарыстоўваюць багата колераў, а таксама раслінных элементаў. У Францыі выразаюць больш плаўных ліній, а ў прыбалтыйскіх краінах — геаметрыі. Усе гэтыя акалічнасці, сфарміраваныя дзесяцігоддзямі, адлюстроўваюць характары нацый, іх генетычныя коды.

— Досвед шматгадовай працы і праведзеных мерапрыемстваў дазволіў нам прааналізаваць, ці правільна былі выбраны мэты і пастаўлены задачы, наколькі ўдалося рушыць наперад, — адзначае Людміла Мікалаеўна. — Але не толькі. Мы адчулі гонар за справу, важ насць папулярызацыі айчыннага мастацтва на міжнародным узроўні.
Пацвярджэнне таму — наданне выцінанцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўключэнне традыцыйнага мастацтва выразання з паперы ў Беларусі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА