Фестываль народных святаў і абрадаў "Кола часу" праходзіць на Ашмяншчыне.

У каго Запусты, а ў вёсцы Гродзі прайшла тэатралізаваная абрадавая праграма "Тлусты чацвер", дзе разам сабраліся і дзеці, і дарослыя. Яны з вялікім задавальненнем далучыліся да традыцыі, пра якую кожны год ім нагадваюць спецыялісты сельскага клуба.

У каталікоў апошні чацвер перад Вялікім постам называлі «тлустым»: лічылася, што ў гэты дзень можна «паесці за траіх». Праз шэсць дзён — Папяльцовая серада, якая распачынае 40-дзённы Вялікі пост з ўстрыманнем ад шэрагу страваў.
У былой Рэчы Паспалітай гэтыя дні называлі Запустамі, а ў праваслаўнай традыцыі — Масленіцай.

Акрамя шматлікіх тлусных і мясных страваў (вяндлінаў, кілбасаў, смажаніны) адным з сімвалаў у Тлусты чацвер былі пончыкі — да XVIII ст. іх называлі «пампухамі», а таксама «хрушчы» або інакш фаворкі.
У бяднейшых сем'ях у гэты дзень елі тыя самыя стравы, што і ў будні, напрыклад, капуснік, крупнік, верашчаку, толькі імкнуліся дадаць як мага больш тлустага, пару-тройку колцаў кілбаскі, зашкварыць, так што тлушч ажно плаваў па паверхні.

І на нашым стале было багата пачастункаў, якія прываблівалі гасцей не толькі сваім выглядам, але і здобным пахам.

Алеся МАЛІНОЎСКАЯ, загадчык аддзелам метадычнай работы ДУК "Ашмянскі РЦК"