Вакальны ансамбль Art Energy — малады, але ўжо прызнаны калектыў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Гурт сваім прыкладам дэманструе: навучальны працэс можа перарастаць у паўнавартасную мастацкую з’яву.

На здымку: ансамбль Art Energy з кіраўніком Ірынай Кулагінай (першая справа)
САМАДАСТАТКОВЫ АРГАНІЗМ
Калектыў нарадзіўся ў 2024-м, і стварыла яго Ірына Кулагіна — выкладчык каледжа, кампазітар, кіраўнік моладзевай секцыі і член праўлення Беларускага саюза кампазітараў.
— У межах навучальнай праграмы студэнты асвойваюць прафесію як салісты і як удзельнікі ансамбля. Прыблізна на другім курсе сфарміраваўся склад, што захаваўся да выпуску. З першых крокаў было відавочна: гэта гарманічны самадастатковы арганізм. Таму вырашылі пакінуць яго нязменным. Назву Art Energy маладыя артысты выбралі самі. Яна дакладна адлюстроўвае настрой і эстэтычны погляд — мастацтва падае як крыніцу энергіі, а энергію як форму сучаснага творчага выказвання, — успамінае Ірына Кулагіна.
Праца з вакальнымі гуртамі для Ірыны Алегаўны — асаблівая прастора, дзе педагагічны досвед арганічна пераплятаецца з кампа- зітарскімі задумамі.
— Я з дзяцінства ў музыцы: пачынала з эстраднага вакалу, атрымала адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а пазней — у Акадэміі музыкі па спецыяльнасці “кампазіцыя”. Менавіта ў спеўным калектыве можна найбольш поўна аб’яднаць працу з голасам і аўтарскае мысленне. І гэтыя выканаўцы здольныя ўвасобіць мае ідэі.
У АГУЛЬНЫМ ЦЭЛЫМ
Рэпертуар Art Energy вызначаецца эксперыментальным падыходам і шырокай стылявой амплітудай — ад беларускай народнай музыкі і работ айчынных творцаў да сусветных хітоў і савецкай песеннай класікі. Адметнае месца Энергічна, выразна, сучасна займаюць аўтарскія аранжыроўкі і кампазіцыйныя версіі, якія надаюць знаёмаму матэрыялу сучаснае гучанне.
— У нас пяць галасоў — Алеся Віталс, Ганна Варанко, Крысціна Жура, Алег Ларыкаў і Мілана Хацько. Кожны артыст валодае ўласным тэмбрам і сцэнічным почыркам, але разам яны ўтвараюць адзіную плынь. Тут няма “падстрахоўкі”: усе вядуць свае партыі, застаючыся паўнавартаснымі ўдзельнікамі агульнага цэлага. Для мяне было важна спалучыць галасы праз нестандартныя сугуччы, джазавыя фарбы, элементы мінімалізму, пакідаючы шырокі дыяпазон для жанравых пошукаў, — гаворыць педагог.
Перад выхадам на сцэну ў ансамблі пануюць цішыня і засяроджанасць — момант, калі кожны застаецца сам-насам з музыкай.
— Вучу збірацца ўнутрана. Пазітыўны настрой істотны, але ён павінен быць асэнсаваным. На сцэне значэнне мае ўсё: гук, міміка, рух, узаемадзеянне выканаўцаў. Часам дадаюцца элементы харэаграфіі і тэатралізацыі — гэта залежыць ад задачы і фармату выступлення, — тлумачыць Ірына Кулагіна.

СТАЦЬ МАЦНЕЙШЫМІ
З першых месяцаў існавання ансамбль упэўнена ўвайшоў у канцэртнае жыццё краіны. У яго скарбонцы — удзел у рэспубліканскай акцыі “За Беларусь адзіную!”, гала-канцэрты ў межах фестываляў “Беларусь — мая песня”, “Таленты Беларусі — будучыня краіны”, выступленне на ўрачыстым адкрыцці абноўленага мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”, праграмы да Дня горада Мінска і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама актыўная праца ў рамках творчых праектаў каледжа.
Вызначальнай вяхой стаў 2024 год: ансамбль быў удастоены звання лаўрэата І ступені рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Гэтая перамога летась прынесла калектыву высокі статус стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта.
— Сапраўды істотнае дасягненне. Артысты вельмі ганарацца, і я разам з імі. Але поспех не складаецца з аднаго конкурсу — ён вырастае з мноства выступленняў і назапашанага досведу. Кожны канцэрт — нагода згуртавацца і стаць мацнейшымі, — падкрэслівае кіраўнік.
З ПРАВІЛЬНАЙ МАТЫВАЦЫЯЙ
Нягледзячы на высокі ўзровень удзельнікаў — некаторыя з іх самі стыпендыяты фонду яшчэ з часу паступлення, — у ансамблі няма месца канкурэнцыі. Наадварот, тут пануе атмасфера ўзаемнай падтрымкі, даверу і агульнай адказнасці за вынік.
— “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго” — для нас не проста словы. Гэты калектыў сярод самых зладжаных, з якімі мне даводзілася працаваць. Паасобку мы светлыя, адкрытыя людзі, таму калі збіраемся, то нараджаецца адметная, вельмі цёплая энергія, — адзначае суразмоўніца.
Наперадзе — дзяржаўныя экзамены, новыя конкурсныя пляцоўкі і чарговы этап творчага росту.
— Хоць ансамбль існуе ў межах навучальнай праграмы, я вельмі спадзяюся, што наша сумесная работа працягнецца і пасля выпуску. У любой сітуацыі маладым выканаўцам важна адразу арыентавацца на вынік: не абмяжоўвацца прысутнасцю на занятках, а сістэмна працаваць самастойна, прыходзіць падрыхтаванымі, з унутранай матывацыяй. Адных здольнасцей недастаткова — патрэбныя штодзённыя намаганні. Калі чалавек сапраўды гарыць сваёй справай, плён абавязкова будзе, — рэзюмуе Ірына Кулагіна.
Сёння Art Energy — перспектыўны студэнцкі ансамбль і прыкметны знак таго, што беларуская вакальная культура мае моцны, таленавіты і энергічны працяг. І гэтая энергія ўжо заяўляе пра сябе — упэўнена, выразна і па-сапраўднаму сучасна.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву