Работы юных творцаў з розных куткоў краіны, а таксама Расіі і Кітая былі прадстаўлены ў галерэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва — у Палацы Рэспублікі.

Першая выстава — “Зімовыя ўражанні”, праект БДУКМ.

На другой — “Свет, у якім я жыву” — работы пераможцаў VI адкрытага фестывалю-конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва; яго ініцыятарам выступае Лагойская дзіцячая школа мастацтваў пры падтрымцы гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка.
ГОДНЫ СТАРТ
У экспазіцыі “Зімовыя ўражанні” знаходзілася больш за паўсотні работ навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ з мастацкім ухілам Мінска, а таксама ўдзельнікаў творчых студый. Як адзначыла куратар праекта, дырэктар мастацкай галерэі БДУКМ Марына Татарэвіч, такая выстава традыцыйна ладзіцца кожную зіму. Цягам часу тут былі прэзентаваныя імёны соцень юных талентаў, для якіх гэтая пляцоўка стала стартавай у вялікі свет выяўленчага мастацтва.

— Для маладых аўтараў удзел у выставе “Зімовыя ўражанні” — выдатная магчымасць прадэманстраваць здольнасці, пазнаёміць шырокую публіку са сваёй творчасцю, атрымаць адзнаку ад прафесіяналаў, натхніцца працамі іншых удзельнікаў і пашырыць кругагляд, — упэўнена Марына Аляксандраўна.
Пагатоў за тры тыдні, што доўжылася выстава, работы юных аўтараў змаглі ўбачыць тысячы наведвальнікаў. “Зімовыя ўражанні” былі аб’яднаны тэмай хараства прыроды, вясёлых забаў, яскравых традыцый — і прадстаўлены ў розных тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Тут была і тэкстыльная кампазіцыя “Калядоўшчыкі”, што зроблена з воўны, галінак, кардону. “Навагоднюю карусель” падлеткі клеілі з рэшткаў драўніны, фанеры, шышак — атрымаўся чароўны атракцыён. І марозныя карункі-выцінанкі. Але большая частка работ — гэта акварэль, акрыл, графіка.
Навагоднія святы, калядныя абрады, зімовыя віды спорту, дзіцячыя забавы, фантазійныя сюжэты — кожны твор прасякнуты дзіцячай шчырасцю і верай у цуд.
РАБОТ БАГАТА
Фестываль-выстава “Свет, у якім я жыву” пачынаўся як ініцыятыва выкладчыкаў мастацкага аддзялення Лагойскай ДШМ, у прыватнасці педагога Вікторыі Андрушынай.

— У 2019 годзе мы зладзілі першую выставу ў мясцовай галерэі Сяргея Давідовіча, — распавядае Вікторыя Рыгораўна. — Праз час выйшлі на сталічныя пляцоўкі. Цяпер праект рэалізуецца пры падтрымцы гімназіі-каледжа імя І. Ахрэмчыка, Беларускага саюза мастакоў, БДУКМ.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі юнакі і дзяўчаты з 35 школ мастацтваў Беларусі, Ніжагародскай вобласці Расіі, правінцый Ганьсу, Ланьчжоу Кітая. Усяго прадстаўлена больш за 400 работ. Пераможцаў, лаўрэатаў таксама багата, таму выставы праходзяць на дзвюх пляцоўках: у мастацкай галерэі БДУКМ і ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.
СВЯТОЧНЫ МІГ
На цырымонію ўзнагароджання пераможцаў фестывалю-конкурсу “Свет, у якім я жыву” юных аўтараў запрасілі разам з настаўнікамі і бацькамі. Павітаць таленавітых пачаткоўцаў прыбылі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Таццяна Лаўрыновіч, старшыня Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Сяргей Крысенка, іншыя ганаровыя госці.

Старшыня журы, член саюза мастакоў Віктар Лагоўскі, уручаючы ўзнагароды, знайшоў натхняльныя словы для кожнага з 50 лаўрэатаў, адзначыўшы талент, працаздольнасць і ўменне праз фарбы распавесці цэлую гісторыю. Падарункі юныя мастакі атрымалі і ад іншых гасцей свята. Для ўдзельнікаў праекта “Зімовыя ўражанні” зорны час яшчэ наперадзе — пераможцаў вызначаць у трох узроставых групах, а работы ўключаць у электронны каталог Універсітэта культуры.
ЗДЗЕЙСНІЦЦА!
— Для мяне, як настаўніка, важным складнікам праекта з’яўляецца абмен вопытам з вядомымі мастакамі, — адзначыла педагог Клецкай школы мастацтваў Таццяна Матусевіч. — Мае выхаванкі плануюць прысвяціць жыццё творчасці, таму ўдзел у гэтым спаборніцтве для іх — адна з прыступак дасягнення мары.

Аліна Кішко, уладальніца дыплома І ступені, і Вераніка Мілішкевіч, узнагароджаная спецыяльным прызам, лічаць каштоўным знаёмства з іншымі мастацкімі школамі, а экскурсію па каледжы, падчас якой канкурсанты наведалі майстэрні, пазнаёміліся з навучэнцамі і выкладчыкамі, — штуршком для далейшай працы.
Знакамітым мастаком марыць стаць 9-гадовы Ілья Брыль з Наваполацка. Хлопчык па-даросламу разважае пра крокі, якія трэба зрабіць, куды накіраваць увагу, каб задуманае здзейснілася: “Цяпер бачу, што недапрацаваў у сваёй карціне, і наступныя будуць лепшымі!”

МЭТРЫ ЛІЧАЦЬ
— Сёлетнія работы ў большасці сваёй вызначаюцца грунтоўным падыходам, — адзначыў Віктар Лагоўскі.
— І хаця тэхнічна яны яшчэ па-юнацку не дасканалыя, але ў кожнай бачны характар аўтара, — падтрымлівае калегу намеснік дырэктара гімназіі-каледжа Пётр Багданаў.
Адмыслоўцы ўпэўненыя: такія мерапрыемствы варта праводзіць нават з мэтай атрымання зваротнай сувязі. Юныя творцы, як ніхто іншы, патрабуюць публічнага прызнання. І калі іх работы выстаўляюцца ў сэрцы краіны — Палацы Рэспублікі, — гэта дае моцны зарад натхнення, жадання працаваць і надалей рэалізоўвацца ў творчасці.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА