Ульяна Астанковіч — тройчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — разважае пра творчасць і натхненне, сакрэты поспеху і планы на будучыню.

— Ульяна, колькі вы ўжо займаецеся музыкай?
— Амаль 13 гадоў!
— Чым вас пакарыла сцэна?
— Адчуваннем, нібы знаходзішся на планеце, дзе ёсць толькі гук, рух і абсалютная свабода. Нішто не параўнаецца з гэтым пачуццём палёту.
— Раскажыце, калі ласка, пра свой рэпертуар.
— Збольшага ён класічны. Да эстраднай музыкі, мусіць, яшчэ не дарасла. А магчыма, проста не мая гісторыя…

— Якія кампазіцыі ўлюбляюць з першых нот?
— Заўсёды цягнула туды, дзе працуе не толькі слых, але і розум. Мне неабходна адчуваць у мелодыях глыбіню і шматслойнасць, што ствараюць прастору для разважанняў. Такія кампазіцыі гучаць як пытанне, а не гатовы адказ. А наогул цікава слухаць нешта новае, нязведанае. Вельмі падабаецца сучасная музыка. Ёсць у ёй нейкая загадка!
— Чым адметны ваш характар? Якая рыса дапамагае перамагаць і рухацца наперад?
— Уменне не здавацца перад абліччам цяжкасцяў і праяўляць настойлівасць. Гэтая суперздольнасць — заслуга маіх цудоўных бацькоў, якія заўсёды атачалі безумоўнай любоўю і падтрымкай.
— А канкурэнтны дух уласцівы вашай натуры?
— Саперніцтва, на мой погляд, знішчае ў нашай прафесіі ўсё сапраўднае. Стараюся не “даследаваць” тых, з кім выходжу на адну сцэну, каб не ўзнікала лішніх параўнанняў. Мы ўсе аднолькава перажываем. І ў любым конкурсе ёсць элемент выпадковасці. Часам проста не шанцуе.
— “Паспяховы выканаўца” ў вашым уяўленні…
— Выказвае праз мастацтва ўсе свае думкі, сумненні, радасць, боль. Музыка для яго не столькі прафесія, колькі мова душы, спосаб існавання.
— А як выйсці на такі ўзровень шчырасці?
— Важна развівацца не толькі тэхнічна, але і ўнутрана. Увесь час рэфлексаваць, шукаць новыя бакі сваёй асобы… Часам паказваюцца і цені, слабыя месцы, асабліва ў моманты стомленасці ці разгубленасці. Стараюся не адварочвацца ад іх. Гэта шлях стаць лепш. Не ідэальнай, але больш цэльнай.
Фантазію таксама трэба ўвесь час узбагачаць і падсілкоўваць. Без яе наша справа ператвараецца ў рамяство.
— Ці варта раўняцца на выбітных артыстаў, каб дамагацца высокіх вынікаў?
— Мне бліжэй ідэя, што кожны павінен выбудоўваць непаўторную траекторыю, знаходзіць да ўсяго індывідуальны падыход.

— Якое дасягненне асабліва парадавала апошнім часам?
— Прысуджэнне трэцяй прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Вельмі ўдзячная за ўвагу, гэта вялікі гонар. Выдатна, што нашую моладзь так заахвочваюць!
— Дзе звычайна шукаеце творчы настрой?
— У тэкстурах, гуках ды імгненнях нашай паўсядзённасці.
— А моманты выгарання здараюцца?
— Такі стан, на вялікае шчасце, мне незнаёмы. Сакрэт, напэўна, у балансе, уменні пераключацца. А можа быць, у тым, што музыка для мяне не проста праца, а адзін з галоўных жыццёвых арыенціраў.
— Якія рысы характару цэніце ў калегах?
— Павагу да чужога шляху ды індывідуальнасці. Музыка нараджаецца ў дыялогу, а не ў маналогу.
— Наколькі вам важная зваротная сувязь?
— Стаўлюся да яе спакойна. Успрымаю як рухавік прагрэсу. Праўда, калі крытыка неаб’ектыўная або зыходзіць з цалкам процілеглай мне карціны свету, наўрад ці прыслухаюся.
— А што наконт унутранага суддзі?
— Пасля выступлення заўсёды знаходжуся ва ўладзе эмоцый. Адрэналін, хваляванне, эйфарыя ці, наадварот, прыкрасць — усё змешваецца ў адзін вялікі клубок. Свядома даю сабе час, каб астыць. Калі ёсць запіс, адкладаю яго на некалькі гадзін, а часам і на дзень, а потым вяртаюся з халоднай галавой. Так удаецца не паддавацца імгненным пачуццям, а рабіць канструктыўныя высновы і сапраўды расці пасля выхаду на сцэну.
— Калі нешта не атрымліваецца, вам цяжка гэта адпусціць і рухацца далей?
— На жаль, я схільная зацыклівацца на няўдачах. Пасля промаху ці складанага дня магу доўга вяртацца да адной і той жа сітуацыі, разбіраць яе па костачках і дакараць сябе за кожны няправільны крок. Гэта, безумоўна, адзін з маіх слабых бакоў. Імкнуся змагацца з ім, бо бясконцае самакапанне адбірае сілы, а іх лепш накіроўваць на ўдасканаленне.

Але ёсць тут і пэўная карысць: такая якасць пазбаўляе павярхоўнасці. Яна вымушае аналізаваць, шукаць прычыны, рабіць высновы, няхай часам і даволі непрыемныя.
— Які стыль працы вам бліжэй: свабода дзеянняў або строгія рамкі?
— Зусім жорсткі, распісаны па хвілінах графік нагадвае мне клетку і выціскае ўсе сокі, пакідаючы толькі стомленасць. Але і поўная адсутнасць правілаў — не выйсце: занадта расслабляе, пазбаўляе структуры і мэты. У такой цякучасці лёгка страціць фокус. Ідэал — выразныя межы, унутры якіх знаходзіцца месца для манеўру.
— Што захапляе вас апроч музыкі?
— Спорт! Вельмі важная для мяне гісторыя, бо цела — першасны інструмент любога выканаўцы. Да таго ж трэніроўкі добра разгружаюць галаву. Пазбаўляюць трывогі і перажыванняў. А яшчэ я люблю гатаваць! Таксама супакойвае, асабліва пасля цяжкага дня.
— Якой вы бачыце сябе праз, скажам, пяць ці дзесяць гадоў?
— Галоўнае памкненне— прыйсці да ўнутранай гармоніі. Гэта значыць, глыбока разумець жаданні і асабістыя межы, прымаць свае моцныя і слабыя бакі і наогул жыць згодна з рытмам душы. А ў прафесійным плане хочацца стаць выканаўцам, майстэрства якога падмацавана ўдумлівасцю і шчырасцю. Калі кожная нота, кожны акорд не выпадковасць, а ўсвядомлены выбар.
А ў канчатковым выніку хачу адчуваць сябе проста шчаслівай! Каб дні напаўняліся сэнсам, а ў сэрцы жыла лёгкасць і падзяка за шлях, якім іду.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні