Фінал нацыянальнага адбору на XXXV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і ХXIV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск” зладзяць у сакавіку ў Паставах, культурнай сталіцы Беларусі — 2026.

За права прадстаўляць нашу краіну на спаборніцтвах ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пазмагаюцца па 10 вакалістаў, адзначаных на праслухоўваннях 22 і 23 студзеня ў Маладзёжным тэатры эстрады.
— Вылучыць найлепшых было нялёгка: на другі этап прыйшлі вельмі моцныя ўдзельнікі — яркія, таленавітыя, запамінальныя. Сустракаліся нюансы ў выбары рэпертуару — і мы імкнуліся кожнаму даць канструктыўныя парады для ўдасканалення, — распавяла член журы, загадчык аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Цэнтра культуры “Віцебск” Святлана Аўдзеева. — Праграма атрымалася даволі разнапланавай. Прагучала, што радуе, нямала аўтарскіх твораў. Былі таксама моманты досыць нечаканага прачытання знаёмых, хітовых кампазіцый.

— Галоўная ж задача нашага музычнага марафону, які прайшоў праз усе рэгіёны, — знайсці не проста вакальна магутнага артыста, а чалавека з асаблівай харызмай. Ён павінен выдзяляцца, уразацца ў памяць. І ў многіх фіналістаў ёсць усе шанцы заняць гэтае месца, — дадала суразмоўніца.
На заключным этапе ў Паставах кожны ўдзельнік дарослага конкурсу прэзентуе славянскі і сусветны хіты. Выканаўцы 8—14 гадоў таксама рыхтуюць твор кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў, а яшчэ — эстрадную песню дзіцячаюнацкай тэматыкі. Пажадаем поспехаў фіналістам!
kultura-info.by