14 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працу выставачны праект “Шчасцю — быць!”, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Натана Майсеевіча Воранава (1916–1978).

— У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 жывапісных твораў з калекцый музея, Беларускага саюза мастакоў і збору сям’і Натана Воранава. Жанравы склад праекта — партрэты, пейзажы і нацюрморты, намаляваныя майстрам на працягу 1950-х — 1970-х гг., — паведамілі арганізатары.
Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага беларускага жывапісца, выпускніка Віцебскага мастацкага тэхнікума і Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна, вучня таленавітых І. Ахрэмчыка, Ф. Фогта, А. Асьмëркіна, С. Абугава, займае дастойнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя.
— З аднаго боку, жывапісец працаваў у кантэксце сацрэалізму, прытрымліваючыся асноўных догмаў гэтага “адзіна дакладнага метаду”, займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Пры гэтым творчая спадчына Натана Воранава — з’ява асобная, нечаканая і ў нечым парадаксальная, якую складана ў поўнай меры вызначыць як артэфакт мінулай эпохі, — дадалі ў музеі. — Натан Воранаў з’яўляўся мастаком абсалютнага жывапіснага слыху. Для яго, па сутнасці, было не прынцыповым, што маляваць: перадавікоў вытворчасці, даярак, завадскія трубы, гістарычныя сюжэты або летнюю спёку, халодную пякучую зіму, дзіцячыя вобразы, інтэр’ер уласнай майстэрні… Прынцыповым было “як” гэта зрабіць.
Яго каляровая стыхія палотнаў зачароўвае і прываблівае. Думаецца, што менавіта ў жанрах партрэта, пейзажа і асабліва нацюрморта, асноватворным застаецца ўнутраны, сімволіка-паэтычны змест мастацтва Натана Воранава. Менавіта ў гэтых “малых” жанрах жыве душа мастака і праз іх трансліруецца самае важнае адчуванне, якое сыходзіць ад сілы асобы Натана Воранава — шчырае захапленне жыццём. Нібы кожны раз, стоячы перад чыстым палатном, ён робіць выбар на карысць жыцця. Прыступаючы да працы, кожны раз, як бы ўнутрана кажа сабе: шчасцю — быць!
Куратар праекта: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Наталля Сяліцкая. Сакуратар: малодшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Марыя Волас.
Выстава будзе працаваць да 20 красавіка.
kultura-info.by