Больш за паўстагоддзя прыцягвае ўвагу наведвальнікаў гэты экспанат. Апаленая агнём бітваў, гімнасцёрка з узнагародамі, што належала начальніку штаба 138-га гвардзейскага стралковага палка 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі падпалкоўніку Васілю Мацвеевічу Кучаравенку, была перададзена Бярозаўскаму гісторыка-рэвалюцыйнаму музею ў снежні 1971 года.

Сын і ўнук В.М. Кучаравенкі перадаюць яго франтавую гімнасцёрку
дырэктару Бярозаўскага музея М.Д. Сікорыну. 1971
Сын і ўнук франтавіка, выканаўшы яго апошнюю волю, мелі права спадзявацца на доўгую памяць аб іх дары. І вось ужо больш за паўстагоддзя людзі некалькіх пакаленняў разглядаюць пад шклом вітрыны артэфакт, які можа шмат чаго расказаць…
НА ФРОНЦЕ З ПЕРШЫХ ДЗЁН
Васіль Кучаравенка ў Чырвонай арміі служыў з 1918-га па 1921-ы, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Вялікую Айчынную сустрэў саракааднагадовым мужчынам з баявым вопытам. Ваяваў на многіх франтах. Са жніўня па снежань 1941-га — на Паўднёвым, дзе двойчы быў паранены, адно з раненняў — цяжкае. Са студзеня 1942-га па люты 1943-га змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на горных вышынях Каўказа.
З лістапада 1942-га па снежань 1943-га выкладаў на курсах малодшых лейтэнантаў тактычныя дысцыпліны, дзяліўся баявым вопытам. Выявіўшы сябе валявым, ініцыятыўным камандзірам, быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Са снежня 1943-га па сакавік 1944-га — зноў на фронце.

Франтавы здымак начальніка штаба В.М. Кучаравенкі. Беларусь, 1944
“БАГРАЦІЁН”: НАСТУПЛЕННЕ
У чэрвені 1944-га 138-ы гвардзейскі стралковы Чырванасцяжны полк 48-й гвардзейскай стралковай Крыварожскай Чырванасцяжнай дывізіі ў складзе частак 1-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у наступальнай аперацыі “Баграціён”. Гвардыі маёр В.М. Кучаравенка 6 красавіка 1944 года заняў пасаду начальніка штаба палка, якім з лютага гэтага ж года камандаваў гвардыі падпалкоўнік П.П. Варыпаеў.
З 24 па 29 чэрвеня 1944-га на тэрыторыі Гомельскай вобласці асабіста кантраляваў дзеянні падраздзяленняў, слушна ўвязваючы ўзаемадзеянне пяхоты, артылерыі і авіяцыі, забяспечваў прарывы шырока эшаланаванай варожай абароны з мноствам інжынерных збудаванняў. Полк пры невялікіх стратах асабовага складу і ўзбраення фарсіраваў глыбакаводную раку Трэмля, авалодаў населеным пунктам Любань.
Дзякуючы правільнай расстаноўцы агнявых сродкаў і дасягнутаму ўзаемадзеянню з артылерыяй 138-ы гвардзейскі стралковы полк першым пераправіўся праз водную перашкоду — раку Пціч — і выбіў фашыстаў з саўгаса Хлапінічы, стварыўшы тым самым плацдарм для паспяховага прасоўвання іншых частак дывізіі.
ГАЛОЎНАЕ ЯДРО ПАЛКА
У гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца лісты з 1970-х сувязіста 3-га артдывізіёна 98-га гвардзейскага артылерыйскага палка Валі Мінгалімава, дзе салдат успамінаў пра тыя два дні ў ліпені 1944-га, калі ён і іншыя байцы 138-га гвардзейскага стралковага палка вызвалялі горад Бярозу, як цаной жыццяў многіх загінулых фарсіравалі рэчку Ясельду: “З процілеглага берага немцы білі ва ўпор, не даючы нашым падняцца з месца, дзе мы заляглі ў лагчынцы на адкрытай мясцовасці, дзе як на далоні былі”.
А далей салдат простымі словамі апісвае ратную працу гвардыі маёра Кучаравенка, які не заседжваўся ў штабе, а знаходзіўся ля перадавой: “Кучаравенка Васіль Мацвеевіч быў галоўным ядром палка: дзе ўсталяваць, адкуль біць па ворагах, складаў выразныя планы, і ён іграў пры штурме і наступе вялікую ролю, таму што ад пярэдняга краю ён знаходзіўся ўсяго недзе за кіламетр, у некаторых месцах і таго менш”.
Ваенны прафесіяналізм начштаба В.М. Кучаравенкі адзначаны ў баях за Брэст, дзе ён удала абраў момант для наступлення, у выніку чаго полк меў вялікі поспех пры прарыве абароны немцаў.

Франтавы фотаздымак 138-га гвардзейскага стралковага палка
з дароўным надпісам В.М. Кучаравенкі, перададзены музею г. Бярозы ў 1969 годзе
ЦЯЖКІ ШЛЯХ ДА ПЕРАМОГІ
У перыяд баёў на тэрыторыі Усходняй Прусіі ў студзені-красавіку 1945 года Васіль Кучаравенка, не шкадуючы сіл, дамагаўся выканання баявых загадаў, дзякуючы чаму полк узломваў магутную абарону і надзвычай жорсткі супраціў суперніка, разам з іншымі падраздзяленнямі вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарады і сёлы сучасных Калінінградскай вобласці, Польшчы. Далей чакаліся не менш кровапралітныя баі на нямецкай зямлі і ўзяцце логава фашызму — Берліна.
У сваіх успамінах, даступных на сайце “Памяць народа”, В.М. Кучаравенка адзначае, што ў наступальных баях ва Усходняй Прусіі, дзе супернік засяродзіў вялікую колькасць войскаў і тэхнікі, нашы часткі сустракалі загадзя моцна падрыхтаваную абарону. Усе гарады, нават асобныя дамы, былі пераўтвораны ў апорныя пункты. Сама Усходняя Прусія мела некалькі паясоў жалезабетонных дотаў і дзотаў, мноства водных перашкод. Для ўтрымання ўсходнепрускага плацдарма — цэнтра нямецка-фашысцкай ваеншчыны — вораг засяродзіў разгромленыя рэшткі частак СС, якія аказвалі лютае супраціўленне. Баі вяліся днём і ноччу, вораг пераследваўся і ў дождж, і ў снег, і ў слоту, у тумане, па цяжкапраходных дарогах.
Нягледзячы ні на што, полк замацоўваўся на дасягнутых рубяжах, ідучы наперад. 24 красавіка 1945 года 138-ы гвардзейскі стралковы полк першым з усіх палкоў 28-й арміі фарсіраваў канал Тэльтаў, перапраўляючыся на падручных сродках і пераносячы матэрыяльную частку на сабе. За наступныя тры дні полк заняў у суперніка 31 квартал, прасунуўся наперад да васьмі кіламетраў. А 28 красавіка штурмам авалодаў чыгуначнай станцыяй і гарадской электрастанцыяй.
Да канца месяца вяліся цяжкія баі за апошнія апорныя пункты гітлераўцаў. У адным з іх В.М. Кучаравенка пры выхадзе са строю камандзіра палка прыняў на сябе камандаванне, і полк меў поспехі ў прасоўванні. У апошнія гадзіны баёў 1 і 2 мая байцы-гвардзейцы вялі зацятыя вулічныя баі, а дзявятай раніцы па маскоўскім часе авалодалі станцыяй метро, знішчылі да пяці рот фашыстаў, захапілі дзясяткі палонных.
Досвіткам 2 мая пачалася масавая капітуляцыя гітлераўскіх войскаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР 48-я гвардзейская стралковая дывізія за праяўленыя стойкасць, упартасць, мужнасць і гераізм была ўзнагароджана ордэнам Кутузава ІІ ступені, а яе 138-у стралковаму палку прысвоена званне “Берлінскі”.
ПРАЖСКАЯ АПЕРАЦЫЯ
Скончыўшы баявыя дзеянні ў Берліне, начальнік штаба падпалкоўнік В.М. Кучаравенка са сваім палком браў удзел у Пражскай аперацыі. Перадавымі падраздзяленнямі 138-га гвардзейскага стралковага палка 8 мая быў вызвалены чэшскі горад Румбурк, затым Чэска Ліпа.
Пра безумоўную капітуляцыю фашысцкай Германіі Васіль Мацвеевіч і яго аднапалчане даведаліся з паведамлення маскоўскага радыё, працягваючы наступленне ў напрамку населенага пункта Мельнік. Слаўную перамогу адзначалі громам салютаў.
Пазней гвардзейцы выконвалі яшчэ адну баявую задачу: прачэсвалі лясы, збіралі трафейную і айчынную маёмасць, затрымлівалі вайскоўцаў і паліцыянтаў нямецкай арміі, якія не жадалі складваць зброю, хаваліся і аказвалі супраціў.
Праз 25 гадоў пасля вайны Васіль Мацвеевіч Кучаравенка дашле ў Бярозаўскі гісторыка-рэвалюцыйны музей франтавую фотакартку групы афіцэраў і салдат 138-га гвардзейскага стралковага Берлінскага Чырванасцяжнага палка, якія ўдзель нічалі ў гістарычнай бітве і ў гераічным штурме Берліна, зробленую ў чэрвені 1945 года ў чэшскім Румбурку. У цэнтры здымка пяты злева — кампалка П.П. Варыпаеў, побач — баявы таварыш начштаба В.М. Кучаравенка.

Васіль Мацвеевіч Кучаравенка (1900—1971)
ДАРОГА З ВАЙНЫ
“Ужо дадому ідзём з вайны…” — паэтычны радок перадае пачуццё выкананага воінскага абавязку франтавікамі-пераможцамі, якія абаранілі Радзіму, бацькоўскі дом, сям’ю, родных і ўсё тое, што мусіла быць у мірным жыцці. Штабны пісар зафіксуе ў “Журнале баявых дзеянняў 138-га гв. сп 48-га гв. сд” запіс ад 11 мая 1945 года аб адсутнасці страт матчасткі, узбраення і сярод асабовага складу. А яшчэ байцы “накормленыя тры разы на суткі гарачай ежай, і маральны стан усіх здаровы”.
Ужо 18 мая былі абсталяваны лагер, навучальныя палі і стрэльбішчы. Полк перайшоў на 8-гадзінны працоўны дзень, камандаванне займалася баявой і палітычнай падрыхтоўкай, як у мірны час. На працягу двух месяцаў рухаліся на ўсход, толькі па тэрыторыі Польшчы за дзевяць маршавых дзён здзейснілі пераход 248 кіламетраў. Але шлях на радзіму ўяўляўся няцяжкім, бо гэта была ўжо дарога з вайны...
Шматгадовая ратная праца ў радах Чырвонай арміі і на франтах Вялікай Айчыннай вайны былога начальніка штаба 138-й гв.сп 48-й гв. сд гвардыі падпалкоўніка В.М. Кучаравенкі адзначаны многімі баявымі ўзнагародамі. Мы бачым іх сёння на гімнасцёрцы афіцэра-вызваліцеля Бярозаўшчыны: два ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны І ступені і два ІІ ступені, ордэн Кутузава ІІІ ступені, медалі “За баявыя заслугі” — дзве, “За абарону Каўказа”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, нагрудны знак “Гвардыя”.

Гімнасцёрка франтавіка В.М. Кучаравенкі ў экспазіцыі музея сёння
КАБ АДГУКАЛАСЯ Ў СЭРЦАХ
Пасля вайны Васіль Мацвеевіч вёў актыўную перапіску з таварышамі па службе, дасылаў у музей іх адрасы, адказваў на лісты школьнікаў з Бярозы, якія адшукалі адрас пражывання самога франтавіка. Летам 1971 года навучэнцы 9 “А” класа СШ №1 дапамаглі Васілю Мацвеевічу сустрэцца з франтавым аднапалчанінам Валі Мінгалімавым, які пражываў ў самарскім сяле Новае Усманава. Гэтая хвалюючая сустрэча з юнымі следапытамі на беларускай зямлі, якую ён вызваляў ад ворага, плячом да пляча з баявымі пабрацімамі, была апошняй…

Увосень гэтага ж года Васіля Мацвеевіча Кучаравенкі не стала. Франтавік марыў стварыць Савет аднапалчан і абяцаў да 25-годдзя вызвалення Бярозы даслаць сваю аўтабіяграфію…
Праз больш за паўстагоддзя гэта зрабілі мы, каб Вялікая Айчынная вайна, імёны савецкіх воінаў-вызваліцеляў розных нацыянальнасцей, іх гераізм жылі не толькі ў музейных экспазіцыях, але і адгукваліся ў сэрцах нашчадкаў пераможцаў.
Ала ДРАГАН, навуковы супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея