Весела адзначаем!

Музычнаму тэатру споўнілася 55, і з гэтай нагоды калектыў зладзіў своеасаблівы батл між Кальманам і Штраусам, далучыўшы іншых знаных аўтараў. А Маладзёжны ў свой 40-ы сезон зрабіў цікавую прапанову на зімовыя святы — “Давайце чокнемся!”.

 

КАЛЬМАН БЫЎ БЫ НЕ СУПРАЦЬ

Поўная назва юбілейнай вечарыны 17 студзеня, у дзень нараджэння Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, — “Кальман супраць Штрауса, альбо Пяць і пяць — пяцьдзясят пяць”. Кампазітары паўсталі ў сваёй музыцы, а на сцэну, адпаведна з лібрэта Алега Солада і рэжысурай народнага артыста Расіі Юрыя Лапцева, выходзілі іх героі.

Да спрэчкі між Генрыхам Айзенштайнам з “Лятучай мышы” (Яўген Ермакоў) і Містарам Ікс (Сяргей Спруць) далучыліся Сільва (Яўгенія Крохіна), што пасля замужжа вырашыла больш не выступаць, цар Менелай з “Цудоўнай Алены” (Аляксандр Асіпец), які шукае то разетку для электрачайніка, то сам чайнік, скрадзены Папандопулам з “Вяселля ў Малінаўцы” (Сяргей Жараў). Мэры Лойд з “Герцагіні з Чыкага” (Наталля Дзяменцьева) хоча зладзіць шоу-праграму, графіня Дабруджа з той жа аперэты (Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова) — знайсці сабе мужа. Таму канферанс па чарзе вядуць ажно васьмёра артыстаў, па-абсурдысцку яднаючы персанажаў розных эпох. Атрымліваецца гэткае рэвю — пераважна аперэтачнае, з дадаткам нумароў з музкамедый і адзінага — з класічнага балета. Адразу з некалькімі сюжэтнымі лініямі — здавалася б, ніяк не злучанымі між сабой. Зразумела, некаторыя вакальныя фрагменты ідуць з новым тэкстам.

Сярод найбольш запамінальнага — відовішчныя масавыя сцэны пачатку і фіналу, фрагмент “Труфальдзіна з Бергама” (Яўген Далідовіч), кранальна цнатлівае Адажыа са “Шчаўкунка” ў харэаграфіі В. Вайнонена (Ганна Данская, Ягор Шаўчук), нумары з цяперашняй “Марыцы” (адразу з абедзвюма выканальніцамі цэнтральнай партыі) і з ранейшай пастаноўкі 1992-га (Лідзія Кузьміцкая, Васіль Сердзюкоў), знакамітая Песенька Пепіты І. Дунаеўскага (Наталля Чабёлка), дзве версіі афенбахаўскага Канкана, іншая замежная класіка.

Шмат творчай моладзі. А над усім — каралеўскі выхад народнай артысткі Беларусі Наталлі Гайда. Абаяльная прыгажуня скарыла неверагодна маладым, звонкім, запальна харызматычным голасам — ніколі не паверыш, што ёй 86.

Дарэчы, на сцэну выйшаў не ўвесь творчы склад тэатра. Шамхал Хачатуран, да прыкладу, далучыўся толькі на другім паказе, бо змагаўся ў фінале праекта “Фактар.BY”.

Усю вечарыну на задніку дэманстраваліся старыя фота. Спачатку чорна-белыя, потым каляровыя. Напярэдадні прайшла і ўрачыстая частка: шматлікія граматы і падзякі ад Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама, Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, прафсаюзаў.

Але галоўнай дзейнай асобай зрабілі… гледачоў. Менавіта для іх была выкладзена чырвоная дарожка ад самага ўваходу — і далей па лесвіцах. Сустракалі ўсіх мімы — і ўручалі кожнаму паштоўку з будынкам тэатра і цёплымі словамі прызнання ў любові. На месцы маркі — QR-код. Выдатны маркетынг!

Дарэчы, квіткі разляцеліся так імгненна, што было вырашана зрабіць дадатковыя паказы напярэдадні і 31 студзеня. Аншлагі тут — справа звыклая. Як і гастролі. Узімку трупа паспела пабываць з канцэртам у Маскве, са “Шкаўкунком” — у Смаленску і Віцебску, з чатырма спектаклямі — у Разані, з трыма і канцэртнай праграмай — у Туле. Тэатр выпусціў мюзікл “Рымскія канікулы”, у пачатку сакавіка з’явіцца яшчэ адзін — “Дзяўчаты”, у красавіку — вадэвіль “Утаймаванне мужчын”. У лютым — сумесны Кітайскі Новы год. Прэм’ера за прэм’ерай!

 

“ЧОКАЦЦА” МОЖНА ПАБОЛЕЙ

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр заклаў традыцыю калядна-навагодніх сюрпрызаў і штогод паказвае ці спектакль адпаведнай тэматыкі, ці тэатралізаваную музычную праграму. Цяперашні спектакль-канцэрт “Давайце чокнемся!” падрыхтавалі дзве Таццяны: рэжысёр Аксёнкіна і мастачка Мацэвіч.

Пастаноўка значна пераўзышла ўсе ранейшыя такога кшталту, хаця і скарыстала некаторыя дагэтуль назапашаныя нумары. Героям давялося святкаваць... на вакзале — цудоўная нагода для самых фантастычных сустрэч! Тым больш што апантаная маці (Ганна Лаухіна) шукае нявесту свайму сыну Сёму (непазнавальны ў грыме Яўген Лук’янаў) — і спыняе цягнік, поўны дзяўчат-прыгажунь, якія спяшаюцца на конкурс Снягурак.

Канферанс такі, што смех у зале не сціхае. Выкананню вакальных нумароў маглі б пазайздросціць прафесійныя спевакі, і не толькі эстрадныя. Бо гучала і арыя Містара Ікс (Кірыл Акулянец), і арыета Перыколы з аднайменнай аперэты Афенбаха (Любоў Пукіта). Самастойныя танцавальныя кампазіцыі і так званыя падтанцоўкі да песень — на ўзроўні вядомага расійскага “Тодэса” (харэаграфія Кірыла Балтрукова). Ды з такімі артыстамі трэба мюзіклы ставіць!

Не абмяжоўвацца гісторыяй “Пра Фядота-стральца”, што ў рэпертуары амаль сем гадоў, а рыхтаваць новыя. Дарэчы, і цяперашняя прэм’ера магла б мець куды больш паказаў. Так, яна будзе паўторана 14 лютага. Але ў снежні-студзені яе трэба было б круціць ледзь не штодзень цягам некалькіх тыдняў — па прыкладзе праектных тэатраў.

Некаторыя нашы калектывы так і робяць, толькі звычайна для дзяцей. ТЮГ на ўсе канікулы запусціў спектакль “Ау, Дзед Мароз! Або Тайна забытай казкі”. Дзяржаўны ансамбль танца радаваў мюзіклам “Папялушка. Навагодняя фантазія” ў сталічнай філармоніі. Маладзёжны тэатр эстрады чаргаваў дзве казкі. Чаму б не рабіць такое і для дарослых? Тым больш што попыт на гэта — вялікі.

Надзея БУНЦЭВІЧ Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў тэатраў