Што новага робіцца для захавання і папулярызацыі гістарычных аб’ектаў, народных традыцый і звычаяў? Якія пункты росту прадугледжвае нядаўна прынятая Дзяржаўная праграма “Культурная прастора” на 2026—2030 гады? Адказы на пытанні — з вуснаў адмыслоўцаў.

Спадчыне ў нашай краіне надаецца вялікае значэнне. Урадам зацверджана новая Дзяржаўная праграма “Культурная прастора”, мэта якой — захаванне і папулярызацыя нацыянальных традыцый і звычаяў. У кожнай вобласці і ў сталіцы распрацоўваюцца комплексы мерапрыемстваў для падтрымання належнага стану гісторыка-культурных аб’ектаў, прыстасавання іх пад новыя функцыі і ўключэння ў турыстычны абарот. Актыўна прасоўваецца нематэрыяльная спадчына, якая нясе шматвяковыя традыцыі народа, адлюстроўвае нашу ўнікальнасць.

МАШТАБНЫ ДАКУМЕНТ
На выкананне дзяржпраграмы будзе вылучана 2,29 мільярда рублёў, яна змяшчае дзве падпраграмы: “Культурная спадчына” ды “Мастацтва і творчасць”. Рэалізацыя дасць магчымасць да 2030 года павялічыць наведвальнасць устаноў культуры на 18,6 %, а таксама нарасціць колькасць спектакляў, канцэртаў і прадстаўленняў, якія ладзяцца тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі, музейных экспазіцый, долю алічбаваных музейных прадметаў і кінасеансаў з паказам беларускіх фільмаў.

Асаблівую ўвагу ўдзеляць развіццю сучасных тэхналогій у рабоце музеяў і правядзенні культурных мерапрыемстваў. У планах — распрацоўка аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм і рэсурсаў для бібліятэк, стварэнне віртуальных экскурсій, алічбоўка фондаў музеяў, кніжных скарбніц, аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прадметаў побыту і традыцыйных рамёстваў, кінафонду краіны.
Падпраграма “Культурная спадчына” накіравана на забеспячэнне даступнасці, якасці і разнастайнасці паслуг, якія аказваюць культурна-асветніцкія арганізацыі, паркі культуры і адпачынку, заапаркі і арганізацыі культуры змешанага тыпу.

Таксама працягнецца захаванне, адраджэнне і развіццё народных мастацкіх рамёстваў, інфарматызацыя, стварэнне нацыянальнага лічбавага кантэнту ў сферы культуры, падтрымка культур этнічных меншасцей і беларусаў замежжа.

Падпраграма “Мастацтва і творчасць” арыентавана на развіццё прафесійнага мастацтва, міжнароднага супрацоўніцтва і кінематаграфіі. Акрамя таго, праграма мае на мэце актывізацыю эфектыўнага міжнароднага культурнага супрацоўніцтва ў галіне мастацтва і творчасці, пашырэнне дагаворнай базы, умацаванне іміджу Беларусі як дзяржавы з развітой традыцыйнай і сучаснай культурай, а таксама садзейнічанне інтэграцыі айчыннага мастацтва ў сусветную культурную прастору. Маштабны дакумент закладвае сістэмную аснову для захавання спадчыны, развіцця народных традыцый і падтрымкі сучаснай творчасці.

У дзяржпраграме таксама вызначаны помнікі, на якіх плануюць выканаць рамонтна-рэстаўрацыйныя працы за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Напрыклад, у 2027-м мяркуецца завяршэнне рэстаўрацыі ў будынках Нацыянальнага мастацкага музея, з 2026 па 2029 год шэраг работ пройдзе ў палацавым комплексе ў Ружанах Пружанскага раёна, у 2030-м павінна скончыцца рэканструкцыя з кансервацыяй і прыстасаваннем Навагрудскага замка, а ў 2029-м — рэканструкцыя з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.

НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ
Як распавяла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская, праца ў гэтай сферы — абавязковая ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы і ўмацавання яе прэстыжу ў міжнароднай супольнасці. Наяўнасць айчынных помнікаў ды традыцый у спісах сусветнай спадчыны робіць такія здабыткі і саму краіну больш вядомымі ды прывабнымі для турыстаў.

Сёння Беларусь прадстаўлена ў спісах ЮНЕСКА чатырма матэрыяльнымі аб’ектамі і сямю нематэрыяльнымі элементамі.

У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА дададзены Белавежская пушча, замкавы комплекс “Мір”, архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і пункты геадэзічнай дугі Струвэ.

У Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА — абрад “Калядныя цары” ў Семежаве Капыльскага раёна, урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай у Мядзельскім раёне, вясновы абрад “Юр’еўскі карагод” у Пагосце Жыткавіцкага раёна, культура ляснога бортніцтва, беларускія мастацтвы саломапляцення ды выцінанкі, а таксама неглюбская тэкстыльная традыцыя.

Цяпер адмыслоўцы распрацоўваюць нацыянальнае дасье “Стравы з таркаванай бульбы: традыцыі прыгатавання і спажывання ў Беларусі”, каб элемент мог прэтэндаваць на ўнясенне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Таксама летась 15 мая ў Парыжы адбылася ўрачыстая прэзентацыя сумеснай намінацыі “Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган” на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
БАНК ПАД РУКОЙ
Мінуўшчына народа ўвасоблена ў шматлікіх матэрыяльных і нематэрыяльных сведчаннях яго шляху: помніках археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва і элементах аўтэнтычнай культуры.

Старажытныя гарадзішчы, цэнтры гарадоў, замкі і храмы — доказы багатай гісторыі, якая адлюстроўвае станаўленне беларускай дзяржавы.

Без традыцый, звычаяў, рамёстваў, якія сыходзяць каранямі да пары з’яўлення першых жыхароў на тэрыторыі нашай краіны, цяжка ўявіць вобраз айчыннай культуры і аснову нацыянальнай ідэнтычнасці. У Беларусі ладзяцца міжнародныя форумы і канферэнцыі, дзе абмяркоўваюцца сучасныя даследаванні адмыслоўцаў у галіне вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны.
На гэтую сферу выдаткоўваюцца каласальныя рэсурсы. Аднаўляюцца сотні помнікаў, што дазваляе павялічваць турыстычны абарот, у тым ліку і ў рэгіёнах. Сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 5690 аб’ектаў і элементаў.

Для папулярызацыі спадчыны Міністэрства культуры ў 2020 годзе стварыла пошукавы сайт “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”, дзе любы карыстальнік можа хутка знайсці адпаведныя дадзеныя — і праз мабільнае прыстасаванне таксама. Актуальнай тэкставай, графічнай інфармацыяй напаўняецца і дзяржаўны інфармацыйны рэсурс “Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне”.
НАВУКА НА СЛУЖБЕ

Важную ролю ў зберажэнні спадчыны адыгрываюць айчынныя навукоўцы. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Вольга Папко распавяла, што сёлета стартуе праект па каталагізацыі найбагацейшай мастацкай спадчыны шклозавода “Нёман”, размешчанага ў Бярозаўцы Лідскага раёна. Мастацтвазнаўцы грунтоўна апішуць і даследуюць музейную калекцыю прадпрыемства, і гэта дапаможа ў стварэнні новых вырабаў і папулярызацыі брэнда.
У рамках Тыдня роднай мовы запланавана акцыя па перадачы бібліятэкам па ўсёй краіне 90 камплектаў “Атласа беларускіх народных гаворак”. Таксама мяркуецца падрыхтоўка намінацыі для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА маляванкі.
Стратэгія Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры — у пераадоленні разрыву паміж акадэмічнай навукай і запытамі рэгіёнаў, ператварэнні фундаментальных даследаванняў у інструмент развіцця турызму і захавання культурнага кода.
У СЭРЦЫ КРАІНЫ
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель распавяла аб ахове спадчыны на прыкладзе сталічнага рэгіёна. Там налічваецца 690 аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сярод іх — 209 помнікаў архітэктуры, 4 помнікі мастацтва, 2 запаведныя мясціны, 5 рухомых матэрыяльных аб’ектаў і 22 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На 1 студзеня 2026-га зацверджаны і распрацаваны 184 праекты зон аховы (37 — цягам мінулага года). Акрамя таго, у турыстычны абарот уведзена 9 аб’ектаў з плана па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Міншчыны на 2022—2025-ы.
Летась на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы было выдзелена 9,485 мільёна рублёў, у тым ліку 9,4 мільёна — са сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы.
Сярод найбольш вядомых помнікаў архітэктуры Мінскай вобласці — палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, комплекс даўнейшага кляштара бернардзінцаў у Будславе, палацавапаркавы ансамбль у Станькаве Дзяржынскага раёна, мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Курган Славы”.

А ў гістарычным цэнтры Заслаўя, які з’яўляецца помнікам горадабудаўніцтва, размешчаны 24 помнікі археалогіі ды архітэктуры, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

З чэрвеня 2025-га на тутэйшым гарадзішчы Х стагоддзя Інстытут гісторыі ладзіць археалагічныя даследаванні, пасля якіх плануецца стварыць своеасаблівы музей пад адкрытым небам. Гэта значна павялічыць турыстычны патэнцыял Заслаўя.

МЕМАРЫЯЛ У СТАЛІЦЫ
Начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Наталля Вярэніч расказала аб працы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны сталіцы. Летась па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры была павышана катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, прысвоеная тэрыторыі былога шталага-352 у Масюкоўшчыне: гэты мемарыял прызналі помнікам міжнароднай значнасці. Адпаведныя абгрунтаванні падрыхтаваны сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Пракуратурай горада Мінска.

У Масюкоўшчыне пахаваны 80 тысяч ваеннапалонных з усяго СССР, а таксама салдаты італьянскай арміі, інтэрніраваныя нацыстамі пасля пераходу Італіі на бок антыгітлераўскай кааліцыі ў 1943-м. Распрацавана дакументацыя для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будынку на вуліцы Лынькова, 111г, які быў узведзены да Вялікай Айчыннай як казарма, а падчас нацысцкай акупацыі выкарыстоўваўся як лазарэт для вязняў лагера.
Антон РУДАК. Фота з архіва газеты "Культура" і з адкрытых крыніц