У гонар Песняра

Апублiкавана: 13 студзеня 2026 Стужка Музыка Мінск Дата

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Ён нарадзіўся і вырас у расійскай глыбінцы — горадзе Свярдлоўску, але ўсё жыццё лічыў сябе беларусам. Ён прыкіпеў душой да фальклору і прымусіў палюбіць нашу музыку ўвесь Савецкі Саюз. Ён выступаў на самых прэстыжных пляцоўках. Яго імя вядома ва ўсім свеце. Выбітнаму музыканту, кампазітару Уладзіміру Мулявіну 12 студзеня магло б споўніцца 85 гадоў. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі зладзілі вечарыну, прысвечаную жыццю і творчасці вялікага сына нашага народа, на якую сабраліся тыя, хто ведаў і любіў Уладзіміра Георгіевіча.

 

НЕВЯДОМЫ МУЛЯВІН

Здымкі, зробленыя сябрам песняра, фотамастаком Міхаілам Маругам у розныя гады, сустракалі наведвальнікаў у фае філармоніі. На кадрах невядомы Мулявін: не ў канцэртных касцюмах, а такі просты і звычайны — сярод сям’і, на рыбалцы, падчас адпачынку, на рэпетыцыях, у пераездах паміж канцэртамі.

— Упершыню Уладзімір Георгіевіч прыйшоў да мяне ў студыю на пачатку 1970-х, — згадвае Міхаіл Міхайлавіч. — Тады і нарадзілася наша сяброўства.

Я шмат ездзіў з “Песнярамі”, здымаў іх выступленні падчас гастроляў, рабіў фотасесіі. Але найбольш падабалася здымаць яго аднамаментна, нечакана. Такія фота найлепшым чынам адлюстроўваюць характар чалавека.

На выставе — 43 работы, хаця планавалася экспанаваць 30. Па словах Міхаіла Маругі, абмежавацца гэтай лічбай было надзвычай складана: хацелася паказаць прыхільнікам творчасці менавіта невядомага Мулявіна.

Як душэўнага, сціплага і нават крыху сарамлівага чалавека запомніла Уладзіміра Георгіевіча музыказнаўца Беларускай дзяржаўнай філармоніі Вольга Брылон, якая доўгі час працавала поплеч з ім, а сёння выступіла ў ролі адной з арганізатараў вечарыны і вядучай прэзентацый і канцэрта.

— Разам з тым ён быў надзвычай патрабавальны — і да сябе, і да іншых, — калі справа ішла пра песні, — згадвае Вольга Герцаўна. — Над адной музычнай фразай разам з паплечнікамі мог працаваць па некалькі гадзін, дабіваючыся дасканалага выканання.

 

ПАВАГА І ПАДЗЯКА

Сапраўдным падарункам для прыхільнікаў творчасці кампазітара Мулявіна стала прэзентацыя зборніка нот “Праз усю вайну”, у які ўвайшлі сачыненні, напісаныя на вершы паэтаў-франтавікоў. Выданне прадставіла дачка Марына Уладзіміраўна, якая выступіла прадзюсарам усяго мерапрыемства.

— Нам, беларусам, вельмі дарагая творчасць, звязаная з тэмай Вялікай Айчыннай вайны: кожнае слова, кожная нота нагадваюць пра боль і пакуты, якія выпалі на долю нашага народа, і пра яго неверагодную стойкасць і любоў да Радзімы. І тата заўсёды кранальна ставіўся да гэтай тэмы, праносячы боль беларускага народа праз усё сваё жыццё, — адзначыла Марына Мулявіна.

Дарэчы, гэты зборнік, як і іншыя выданні, дыскі з запісамі музычных кампазіцый, промапрадукцыю з выявамі “Песняроў” можна было набыць тут жа, у фае філармоніі.

Лімітаваную калекцыю гадзіннікаў серыі “Асоба”, якая складаецца ўсяго з 300 экзэмпляраў, прэзентаваў завод “Луч”. На цыферблаце — выява гітары як галоўнага сімвала жыцця і творчасці музыканта. Адваротны бок з партрэтам Уладзіміра Мулявіна і надпісам: “Песняры — это образ мысли, жизни, мышления”.

— Калекцыя створана на знак павагі і падзякі чалавеку, які змяніў успрыманне беларускай культуры, даў ёй сучасны голас і зрабіў вядомай далёка за межамі краіны, — адзначыў намеснік дырэктара па развіцці Рафік Саркісян. — Гэта спроба захаваць памяць аб асобе, чый уплыў адчуваецца і сёння.

Цеплынёй, шчырасцю, павагай да музычнай спадчыны была прасякнута ўся вечарына. Здавалася, тут сабраліся не проста прыхільнікі творчасці вялікага песняра, а сваякі і даўнія сябры.

 

“Я БУДУ МАЛІЦ­ЦА…”

Завяршальным і, бадай, самым яркім акордам імпрэзы стаў канцэрт, прысвечаны юбіляру. На сцэне — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Крамко.

А таксама выбітныя выканаўцы: суарганізатар “Песняроў” Уладзіслаў Місевіч, Уладзімір Ткачэнка, Аляксандр Мурашка, Пётр Ялфімаў, Вольга Брылон, Вячаслаў Ісачанка, Кацярына Дзегцярова, Стэфан Казакевіч, Леў Казакевіч, іншыя.

Прагучалі опера-прытча паводле паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня”, напісаная Уладзімірам Мулявіным амаль паўстагоддзя таму, вядомыя і любімыя многімі песні “Хлопец пашаньку пахае”, “Чырвоная ружа”, “Завушніцы”, “Касіў Ясь канюшыну”. А калі раздаліся першыя ноты кампазіцыі “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…”, усе гледачы ўсталі, нібы ў памкненні далучыцца да святых слоў і музыкі.

Гэты канцэрт у філармоніі ладзіўся двойчы — і абодва разы пры поўным аншлагу.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА