Захаванне і папулярызацыя нацыянальных традыцый — галоўная мэта нядаўна зацверджанай Дзяржаўнай праграмы “Культурная прастора” на 2026—2030 гады. Цікавы вопыт адраджэння абрадавай спадчыны ёсць у Лагойскага раённага Дома рамёстваў.

Яго супрацоўнікі аднаўляюць вясельныя звычаі ўжо некалькі гадоў. Пачыналася ўсё сціпла, з ідэі стварыць парад аўтэнтычных вясельных строяў. Знойдзеныя падчас даследчых экспедыцый рэчы ды звесткі падштурхнулі апантаных спецыялістаў да больш глыбокага вывучэння спадчыны і яе папулярызацыі сярод землякоў.
ВЫШЫВАНКА І НАМІТКА
Каб адрадзіць вясельныя ўборы, характэрныя для Лагойшчыны сярэдзіны ХХ стагоддзя, работнікі Дома рамёстваў звярнуліся да мясцовых жыхароў з просьбай адшукаць у сямейных архівах старыя фотакарткі. Допісаў было шмат. За аснову ўзялі здымак Аляксея Вайткуна і Любові Арлоўскай, якія пабраліся шлюбам у 1950-х.

Энтузіястам пашанцавала. Акрамя фота, знайшлі амаль поўны строй жаніха. Тыповы мужчынскі касцюм таго часу — спалучэнне народнага і класічнага стыляў: пад пінжак малады надзяваў вышыванку. Кашулю і адмысловы ўзор умеліцы адрэстаўравалі ўласнымі рукамі. На шчасце, астатнія элементы аказаліся ў неблагім стане.

Складаней было з уборам маладой: аўтэнтычнага адшукаць не ўдалося, таму прыйшлося вырабляць яго па здымках і ўспамінах вяскоўцаў. Шлюбная сукенка рэканструявана майстрыхай Кацярынай Асташэвіч з сучасных матэрыялаў — габардзіну і фаціну. Згодна з атрыманымі звесткамі, адметнасцю строю нявесты быў вянок з васкаванай паперы. Кветкі для яго стваралі задоўга да свята, кожны бутон акуналі ў растоплены воск. Потым прасушвалі і спляталі ў кампазіцыю.
Самабытнасць жаночаму вясельнаму касцюму надавала і намітка, ролю якой выконваў вэлюм, завязаны на шыі асаблівым чынам.
ЗБАН НА ШЧАСЦЕ
Прыкладна ў той жа перыяд супрацоўнікі ўстановы знайшлі яшчэ адзін цікавы напалову забыты абрад, уласцівы цэнтральнай частцы Беларусі, у прыватнасці Лагойскаму раёну.

У краі, багатым на ганчароў, існавала традыцыя вырабу вясельнага збана. Як правіла, маладыя звярталіся да самага паважанага ў акрузе майстра, каб той, вылепліваючы гаршчок, гляк ці міску, перадаў праз цеплыню рук жыццёвую мудрасць, спагаду, дастатак і шчасце.
Ці трэба казаць, што і сам умелец мусіў быць добрым сем’янінам і заможным гаспадаром?

— Сёння ў нашым Доме рамёстваў гэтую ролю выконвае народны майстар Беларусі Іван Раманчук, — распавядае кіраўнік народнай дзіцячай студыі па лепцы з гліны “Натхненне” Вольга Кісялёва. — Варта адзначыць, што Іван Клеафасавіч, як і другі на родны майстар Мікалай Стрэльчанка, адпавядае ўсім канонам абрадавай спадчыны.
Не менш патрабаванняў было і да матэрыялу: лічылася, што чым больш мяккая ды пластычная гліна — тым больш спагадлівай акажацца жонка. Па якіх прынцыпах выбіралася форма пасудзіны, на жаль, засталося для даследчыкаў загадкай.

Абрад праводзіўся наступным чынам. Гліна дзялілася на дзве роўныя часткі. На адной з іх надрапваў пэўныя сімвалы будучы галава сям’і, на іншай — маладая (цяпер, праўда, пакідаюць словы “муж” і “жонка”).

Затым майстар злучаў кавалкі, перамешваў і ляпіў на ганчарным крузе ёмістасць, на якой сужэнцы рабілі надпіс — часцей за ўсё пазначалі дату шлюбу.

Збан запаўнялі зернем і захоўвалі ў пачэсным месцы.
АДМЫСЛОВАЯ МУЗЫКА

Свята ладзілася пад вясельныя песні. І ва ўвасабленні такога элемента сямейнай урачыстасці спецыялістам пашанцавала. Яшчэ на пачатку 2000-х мясцовы фалькларыст, збіральнік народнай спадчыны Віктар Несцяровіч выпусціў унікальную кнігу — “Песні Лагойшчыны”. Гэта апошняя грунтоўная праца таленавітага беларуса.

У выданне ўвайшло 427 твораў, перанятых ад носьбітаў з 47 вёсак раёна і аб’яднаных у тры цыклы: каляндарна-абрадавая паэзія (валачобныя, купальскія, жніўныя, восеньскія, масленічныя), сямейна-абрадавая паэзія (вясельныя, хрэсьбінныя) і пазаабрадавая лірыка, прадстаўленая сямейна-бытавымі, любоўнымі, салдацкімі, гістарычнымі, жартоўнымі песнямі. Адметнасць кнігі ў тым, што яна была дапоўнена акустычнымі запісамі выканаўцаў.

Гэтыя матэрыялы выкарыстоўвалі вакальныя калектывы рэгіёна, у тым ліку народны ансамбль народнай песні “Шчодрыца”. Маладыя спявачкі выступалі з аўтэнтычнымі творамі на канцэртных пляцоўках Беларусі і замежжа, а таксама дапаўнялі вясельны абрад.
ДАЛУЧЫЦЦА ДА КАРАНЁЎ
— Што характэрна, амаль забыты ў познесавецкі і перабудовачны перыяд звычай цяпер не проста адраджаецца, а набывае папулярнасць, — гаворыць загадчыца Дома рамёстваў Алена Паўловіч. — Усё часцей да нас звяртаюцца землякі, якія рыхтуюцца ўзяць шлюб, з просьбай правесці абрад.

Паводле слоў Алены Васільеўны, рамеснік прасушвае, абпальвае збан, пры жаданні маладых — пакрывае яго глазурай. Да таго ж майстры ў якасці падарунка новай сям’і вырабляюць традыцыйную ляльку-абярэг — сімвал кахання, вернасці, замацаваных клятвай, парушыць якую нельга. “Неразлучнікі” — гэта дзве фігуркі, жаночая і мужчынская, з агульнай рукой-палачкай.
Зразумела, сённяшняя вясельная мода дыктуе свае правілы, але ўмельцы Лагойшчыны ўпэўнены: спадчына продкаў, а разам з ёй і жыццёвая мудрасць знойдуць месца ў сучаснасці.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіваў установы