Мірскі замак: шлях да 500-годдзя. Выпуск 1

Мірскі замак — адзін з самых вядомых сімвалаў Беларусі, унікальны помнік архітэктуры XVI стагоддзя і аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — налета адзначыць 500-годдзе. Да юбілею газета “Культура” і музей “Замкавы комплекс «Мір»” пачынаюць сумесны праект. На працягу 2026-га мы будзем адкрываць багатую спадчыну замка і расказваць пра сучасныя ініцыятывы. Гісторыя прадаўжаецца!

 

У студзені Мірскі замак на вечар традыцыйна мяняе штодзённы музейны рытм і паглыбляецца ў атмасферу старадаўняга свята. Калядны баль — падзея, якая за апошнія гады стала прыкметнай часткай зімовага культурнага жыцця краіны і выйшла за рамкі звычайнай турыстычнай праграмы. З 2013-га тут адбылося ўжо 12 такіх імпрэз.

 

ГОЛАС ВЯКОЎ

Калядны баль у Мірскім замку — гэта не стылізацыя пад даўніну, а старанна выбудаваная рэканструкцыя свецкага мерапрыемства мінуўшчыны.

Арганізатары робяць стаўку на эфект прысутнасці ў атмасферы эпохі: дрэс-код, жывая музыка і класічныя танцы, правілы прыдворнага этыкету і гістарычныя інтэр’еры — усё стварае адчуванне выхаду за межы часу.

Гасцей цёпла вітаў дырэктар музея “Замкавы комплекс «Мір»” Аляксандр Лойка. Ён адзначыў, што гэтае каляднае свята аб’яднала аматараў бальных танцаў у вялікую сям’ю.

Падарункамі сталі музычнае суправаджэнне ад заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь капэлы “Санорус” Мінскай вобласці, чароўныя нумары шоу-балета “Феерыя”, удзел у праграме юнай зоркі айчыннай скрыпічнай школы Нікана Мазоля.

Сярод прыемных сюрпрызаў — салон старажытных гульняў і экскурсія па начным замку.

Баль для гасцей музейнага комплексу — гэта не толькі магчымасць незвычайна адзначыць зімовыя святы, але і шанц дакрануцца да гісторыі не праз вітрыны ў экспазіцыях, а праз рух, музыку і асабісты досвед.

На думку пастаянных удзельнікаў імпрэзы Валянціны і Валерыя Ранцэвічаў, адметную каштоўнасць мерапрыемству надае свабодны фармат і камернасць: “Прыязджаеш як у госці. Ёсць танцмайстар, які падкажа, пакажа, і ты проста танчыш, не баючыся памыліцца, — адпачываеш!”

Напрыканцы вечарыны парам, якія найбольш вылучыліся, арганізатары ўручылі памятныя падарункі.

У адрас калектыву замкавага комплексу прагучала шмат слоў шчырай падзякі: імпрэза ператварыла старадаўнія сцены ў прастору жывой культуры. 

ЯК НАРАДЖАЕЦЦА БАЛЬ

Падрыхтоўка пачынаецца задоўга да таго, як у залах зайграюць мелодыі. Фарміруецца канцэпцыя, прадумваецца сцэнарый, падбіраюцца музычныя і харэаграфічныя акцэнты.

— Асаблівая ўвага — гістарычнаму кантэксту, — дзеліцца культуролаг музея Анаіт Арзуманян. — Баль у нашым замку не проста эфектная забава, а напамін пра час, калі падобныя вечары былі значнай часткай грамадскага і культурнага жыцця.

Захаваць баланс паміж адпаведнасцю эпосе і чаканнямі сённяшняй публікі — задача нялёгкая, але ў Мірскім замку з ёй выдатна спраўляюцца.

— Кожны баль у нас тэматычны і ніколі не паўтарае папярэдні, — тлумачыць Анаіт Самвелаўна. — І пры гэтым заўсёды абапіраемся на дакладныя гістарычныя крыніцы. Вывучылі, як прайшоў баль пры Каралю Станіславе Радзівіле па мянушцы Пане Каханку ў снежні 1761 года, — аднавілі атмасферу па апісаннях.

Дарэчы, нават эфектныя кульмінацыі вечароў маюць гістарычную аснову: напрыклад, з’яўленне летась балерыны з вялізнага арэха было навеяна задакументаванымі ўспамінамі княгіні Марыі Святаполк-Мірскай.

Калі год звязаны з важнай датай ці юбілеем аднаго з былых уладальнікаў, мерапрыемства прысвячаюць гэтай падзеі. Так адзначалі імяніны Дамініка Радзівіла і Тэафіліі Канстанцыі Радзівіл.

Часам арганізатары звяртаюцца да арыгінальных бальных канцэпцый: раней запрашалі гасцей на Венскі баль, а сёлета — на Венецыянскі карнавал.

Па водгуках удзельнікаў, такі падыход вельмі каштоўны: вечарыны ў Мірскім замку дазваляюць па-сапраўднаму адчуць канкрэтную эпоху.

Не баяцца арганізатары і эксперыментаў: уключаюць у праграмы сучасныя нумары, але абавязкова — з адсылкай да традыцый мінулага.

 

ГУЛЬНІ ЭПОХІ І НОВЫ РАРЫТЭТ

Адзін з тэматычных элементаў мірскіх калядных баляў — салон старажытных гульняў.

Госці могуць паспрабаваць сябе ў інтэлектуальных забавах, якімі людзі захапляліся стагоддзі таму, атрымліваюць магчымасць бліснуць эрудыцыяй і патрэніраваць назіральнасць.

Сёлета арганізатары падрыхтавалі сапраўдную сенсацыю — настольную гульню “Млын”, вытокі якой — у часах Рымскай імперыі. Пасля мерапрыемства ўнікальны набытак папоўніць замкавую калекцыю рэдкіх артэфактаў.

ТАЯМНІЦЫ НАЧНОГА МУЗЕЯ

Цёмныя залы, цішыня, што раптам парушаецца амаль няўлоўнымі крокамі, і нечаканая сустрэча з прадстаўнікамі іншага свету...

Атмасфера ночы дазваляе ўбачыць замак загадкавым і містычным! Старажытныя сцены хаваюць мноства гісторый, але некаторыя сакрэты гатовы адкрыць выключна падчас позніх прагулак. Заслону тайны прыадхінаюць прафесійныя экскурсаводы.

НЯЁМКАСЦІ — НЕ!

Адна з асаблівасцей Каляднага балю — інтэрактыўнасць: прастаяць вечар ля сцяны таму, што ты ніколі не выконваў мазурку ці паланэз, — гэта не пра Мірскі замак! Вопытны танцмайстар усё раскажа і пакажа. Так што асновы старажытных танцаў дададуць у свой актыў нават навічкі.

— Навучыць тых, хто робіць першыя крокі на танцпляцоўцы, нялёгка, — адзначае харэограф Аляксей Кісялёў. — Аднак досвед дазваляе бачыць магчымасці кожнага. Мы спрашчаем харэаграфію, але захоўваем ключавыя элементы. Лепш за ўсё госці асвойваюць гульнявыя танцы: катыльёны “Кветкі” і “Снежны ком”, польку-тройку. Яны нескладаныя і, да таго ж, дапамагаюць пазнаёміцца: партнёры ўвесь час змяняюцца — ствараюцца новыя пары.

Няёмкасць знікае вельмі хутка. Як толькі ўдзельнікі балю пачынаюць прытрымлівацца музыкі і аддавацца эмоцыям, рухі становяцца свабоднымі, а сарамлівасць саступае месца шчырай радасці.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Анаіт АРЗУМАНЯН