Пра духоўныя традыцыі

Сярод сёлетніх уладальнікаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі — Брэсцкі тэатр лялек, уганараваны “За значны ўнёсак у захаванне нацыянальных духоўных традыцый, папулярызацыю маральных каштоўнасцей сродкамі тэатральнага мастацтва”. Дарэчы, гэта ўжо другая такая прэмія калектыву, бо першая была 20 гадоў таму — “За развіццё міжнародных культурных сувязей”. Наша размова з дырэктарам Тамарай Паўлюковіч не толькі пра дасягнутае, але і пра планы на будучыню.

 

— Тамара Іванаўна, шчыра віншуем тэатр у вашай асобе адразу з двума знакамі прызнання. Бо незадоўга да ўручэння спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва падводзіліся вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі. І спектакль “Еўфрасіння Полацкая. Святыя літары”, створаны пры падтрымцы прэзідэнцкага гранта, быў адзначаны “За духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі”.

— Наш калектыў успрыняў гэта з натхненнем, жаданнем працягнуць стварэнне спектакляў пра выбітных асоб нашай мінуўшчыны. Бо высокія ўзнагароды — гэта заўжды яшчэ і вялікая адказнасць.

І адначасова — вялізны стымул рухацца, развівацца, рабіць штосьці добрае. У нас з самага пачатку была ідэя стварыць суцэльную трылогію пра беларускіх святых і асветнікаў. Спярша звярнуліся да постаці Еўфрасінні. У наступным годзе павінна выйсці прэм’ера пра Кірылу Тураўскага. П’еса ўжо гатова, але мы не спяшаемся, улічваем некаторыя недахопы, з якімі сутыкнуліся ў час працы над аповедам пра Еўфрасінню, кансультуемся з царквой.

— “Еўфрасінню Полацкую. Святыя літары” вы паказвалі не толькі на тэатральных пляцоўках Брэста і Мінска, але і ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

— Так, у час святкавання яго 900-годдзя. У нас з царквой — адныя мэты, толькі розныя формы выхавання духоўнасці.

— Спектакль атрымаўся вельмі паэтычным. У ім метафарычнымі тэатральнымі сродкамі прыпаднесены факты жыцця і дзейнасці Святой Асветніцы — невыпадкова ёсць вядомая песня з такой назвай, — замацаваны маральныя каштоўнасці.

— Наш слоган, як вы маглі заўважыць у сацыяльных сетках, — “Тэатр сапраўдных эмоцый”. Таму большасць спектакляў — для сямейнага прагляду. На тую ж “Еўфрасінню...” можна прыходзіць і з маленькімі, каб дарослыя патлумачылі ім некаторыя рэчы, і з падлеткамі. У абодвух выпадках будзе што абмеркаваць, над чым паразважаць.

— Духоўна-патрыятычнай тэматыцы прысвечаны і іншыя вашы спектаклі. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі пастаўлены “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” паводле апавядання Івана Чыгрынава.

Для дарослых ёсць больш ранні “Сотнікаў” па аповесці Васіля Быкава, нядаўняя “Карова” па прозе Андрэя Платонава, уганараваная на шэрагу расійскіх фестываляў. Што будзе яшчэ?

— Рыхтуемся да круглай даты пачатку Вялікай Айчыннай. Спектакль-канцэрт з гэтай нагоды не павінен стаць чарговым — толькі адметным, зробленым усім сэрцам і душой. “Дзядзечкаў сон” Дастаеўскага паставіць знакаміты Ігар Казакоў. Ён дзесяцігоддзе быў галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек, там яго спектаклі і дагэтуль збіраюць аншлагі. Амаль столькі ж ён супрацоўнічае з вядучымі расійскімі тэатрамі, з’яўляецца намінантам і ўладальнікам некалькіх прэстыжных прэмій.

Папярэдняя дамоўленасць з ім ёсць і на дзіцячы спектакль — “Крэсіва” Андэрсена. Наша Аліса Ярмак-Залеўская возьмецца за апавяданні Міхаіла Зошчанкі. Ды і цяпер напярэдадні Новага года, як заўжды, падрыхтавалі навінку-сюрпрыз — казачны музычны дэтэктыў “Новыя прыгоды ў Прастаквашыне”. Рэжысёр Дзмітрый Нуянзін, які раней ставіў у нас “Канька-Гарбунка”, звярнуўся да цалкам новага сюжэта з вядомымі па мульціку героямі. Калі памятаеце, па прыездзе ў вёску яны знайшлі скарб — і на тыя грошы пачалі развіваць гаспадарку. Але тут іх пачынаюць шантажаваць ашуканцы.

— І дзяцей вучаць, як не патрапіць у іх пастку. А потым пастаноўка застанецца ў рэпертуары?

— Так, усе нашы навагоднія спектаклі мы крыху трансфармуем — і пакідаем у афішы.

Дарэчы, гэта ўжо трэцяя дзіцячая прэм’ера за сезон. У верасні з’явіўся “Рыкі-Цікі-Таві”, у канцы кастрычніка — казка пра сквапных маленькіх ваверчанят Абжорку і Гуляку.

Ёсць у нас і іншыя праекты — разнастайныя квэсты, экскурсіі, майстар-класы. Здараецца нават па чатыры спектаклі і мерапрыемствы на дзень, ды яшчэ два ў дадатак — для самых маленькіх, у гульнявой форме.

— Вы таксама выступаеце рэжысёрам — разнастайных конкурсных, фестывальных мерапрыемстваў, кшталту абласных “Дажынак”.

— Бо ёсць цудоўная каманда — увесь тэатр. Без яе ніводны рэпертуар не адбыўся б. Людзі творчыя — асаблівага складу. Але мне давяраюць, прыходзяць са сваімі праблемамі, з набалелым. Калі артыст выконвае тое, што яму рэальна падабаецца, добры вынік будзе абавязкова.

— Пасля рэканструкцыі будынка, што завяршылася ў 2019-м, з’явілася шмат новых лакацый. Вы іх актыўна абжываеце, прыдумляеце нейкія новыя творчыя формы.

— У нас працуюць ажно сем розных развівальных студый, з іх дзве — уласна тэатральныя, а ёсць яшчэ і вакальная, і танцавальная, нават юных сцэнарыстаў, дзе да ўсяго знаёмяць з асновамі рэжысуры і арганізацыі тэатралізаваных святаў. Штосьці ёсць літаральна ў кожным куточку будынка! На цокальным паверсе, дзе заніжаныя столі, прыдумалі падводнае царства для самых маленькіх — вядома, без вады, але з цацачнымі крабамі, марской зоркай, вялізным кітом.

Памятаю, неяк прывялі дзіця на спектакль, а маляня плача ды плача, ніяк не супакоіць. Я адвяла яго ў гульнявы пакой, дзе безліч цацак, і хлопчык так захапіўся, што не хацеў сыходзіць. А потым перамясціўся адтуль на спектакль і больш не плакаў, пачаў з цікавасцю глядзець. Так і выхоўваем — ад немаўлятак да дарослых.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра і з адкрытых крыніц