Захаванне і адраджэнне народных абрадаў не толькі з’яўляюцца часткай нашай культурнай спадчыны, але і здольныя запаліць цікавасць да сваіх каранёў, спрыяць згрунтаванню мясцовай супольнасці, і, як вынік, зрабіць вёску больш прывабнай да жыцця.

Свежым прыкладам таго, як традыцыі могуць ажывіць вёску, стала падзея ў аграгарадку Коўбча Клічаўскага раёна. Там быў адноўлены ў мінулым годзе старажытны абрад “Цягнуць Каляду на дуб”. Абрад раней шырока бытаваў у гэтай мясцовасці, і яго адраджэнне стала магчымым дзякуючы шчырай зацікаўленасці людзей і падтрымцы мясцовай улады.

Рыхтаваліся да провадаў каляд творчыя работнікі Каўбчанскага сельскага клуба.

Дапамагалі ў справе этнаграфічнае аб’яднанне “Вераценца” і творчы калектыў раённага Дома культуры – людзі, якія традыцыйна адраджаюць абрады і традыцыі і ў іншых населеных пунктах.
Хочацца адмеціць чалавека неабыякавага да жыцця сваёй вёскі — старшыню Каўбчанскага сельвыканкама Дзмітрыя Рамановіча, які заўсёды падтрымлівае мясцовых жыхароў ва ўсіх пытаннях. Ён таксама актыўна дапамог у падрыхтоўцы і правядзенні абраду. Яго ўдзел падкрэслівае важнасць, якую мясцовая ўлада надае захаванню культурных традыцый.

Абрад прайшоў так, як і ў ранейшыя часы, аднаўляючы атмасферу мінулага. Была выкуплена хата для гулянкі, упрыгожана барана, намаляваны конь на дзвярах крэйдай – сімвал таго, што Каляда вернецца і ў наступным годзе.


Цягнулі на вуліцы на санках “бабку” з куццёй, суправаджаючы шэсце песнямі і танцамі, спяваючы калядныя песні з традыцыйнымі словамі: “Ай, калядачкі, а на дуб, на дуб…”.

Пасля гэтага ў сельскім клубе працягнуліся ўрачыстасці з выкананнем мясцовых песень і традыцыйных танцаў.

Дзякуючы ажыўленым традыцыям вёскі становяцца больш прывабнымі для жыцця. Людзі адчуваюць сувязь з месцам, дзе яны жывуць, і з тымі, хто жыве побач. Калі ў вёсцы ёсць штосьці цікавае, што аб’ядноўвае людзей і дае ім пачуццё сваёй прыналежнасці, то шанцы на тое, што моладзь застанецца ці нават вернецца, значна ўзрастаюць.

Людзі бачаць, што іх абрады жывуць, і пачынаюць цікавіцца імі больш глыбока. Гэта можа прывесці да вывучэння гісторыі сям’і, роду, вёскі, што, у сваю чаргу, умацоўвае нацыянальную і культурную ідэнтычнасць.
Жанна АЧЫНОВІЧ, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання
ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”