У святле чароўнага ліхтара

Учора — дзіцячая фантазія каля старога замка, сёння — званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Тэатральная студыя “Чароўны ліхтар” Брэсцкага цэнтра культуры даказвае: святло, запаленае аднойчы, можа стаць арыенцірам для цэлых пакаленняў.

 

З КАЗКІ Ў ЖЫЦЦЁ

У кожнай гісторыі ёсць свой пачатак — унутраная іскра, з якой нараджаецца рух наперад. Для тэатральнай студыі “Чароўны ліхтар” такой крыніцай энергіі стала мара — светлая і настойлівая, здольная прайсці праз дзесяцігоддзі і з часам увасобіцца ў жыццёвы шлях.

— Раслі з развівальнага тэатра, які я заснавала ў 2005-м, — згадвае кіраўніца калектыву Наталля Мацавіла. — У першым наборы былі чатырохгадовыя дзеткі. Сярод іх і мая малодшая дачка Крысціна, якая сёння ўжо выкладае ў нашай студыі.

Пра тое, як імкненне душы паступова набывае рэальныя абрысы, ураджэнка Нясвіжа распавядае з дапамогай аўтабіяграфічнай казкі.

Ёй жа тлумачыцца назва творчага дому педагога:

— Непадалёк ад старога замка ў цішыні жыла дзяўчынка Наташа. Яна любіла марыць і гадзінамі ўзіралася ў чароўны ліхтар пад скляпеннямі прыдворнага тэатра. Вартаўнік сцвярджаў, што агеньчык даўно пагас і ўжо ніколі не запаліцца. Але ў мроях Наташа станавілася яго гаспадыняй і бачыла, як святло ліхтара нараджае дзівосныя прадстаўленні, а публіка замірае ад захаплення.

Сваё пакліканне Наталля Мацавіла адчула ў раннім узросце.

— З пяці гадоў натхнёна глядзела балет па тэлевізары, слухала аўдыяспектаклі, якія тата ўключаў, калі хварэла, — успамінае яна. — У пачатковых класах падпрацоўвала Снягуркай у дзіцячым садзе і рабіла пастаноўкі на школьнай сцэне. А потым — Мінскае вучылішча мастацтваў (рэжысура), Маскоўскі інстытут тэатральнага мастацтва (сцэнічная мова, дыкцыя, арфаэпія), Школа-студыя ММАТ…

Меж творчых імкненняў не існуе — ёсць толькі жаданне пазнаваць новае і шчодра дзяліцца набытымі ведамі. З 2017-га студыя “Чароўны ліхтар” носіць ганаровае званне “ўзорная”.

 

МАГІЯ Ў ТАЯМНІЦЫ

Сёння ў калектыве займаюцца хлопцы і дзяўчынкі ад 8 да 18 гадоў. Набор у пачатковыя групы аб’яўляецца двойчы за сезон.

— Каб патрапіць на праслухоўванне, спецыяльная падрыхтоўка не патрэбная, — тлумачыць кіраўніца. — Сустрэча праходзіць у фармаце размовы: для нас важны не дэманстрацыйны нумар, а асоба — яе адкрытасць, гатоўнасць да ўзаемадзеяння і ўнутраны рэсурс.

Місія студыі значна шырэйшая за выхаванне зорак сцэны.

— Імкнёмся стварыць прастору для ўсебаковага развіцця. Праз тэатральную практыку дапамагаем вучыцца суперажываць, асэнсоўваць рэчаіснасць і сваё месца ў ёй, фарміраваць унутраны стрыжань, заснаваны на маральных каштоўнасцях, адказнасці і гонары, — падкрэслівае Наталля Аляксандраўна.

Плён заняткаў заўжды відавочны.

— Перш за ўсё з’яўляецца ўпэўненасць. Шмат хто прыходзіць скаваным: з ціхім голасам, апушчанай галавой, у “брані”. Праз гульню, давер і сумесную працу тэатр паступова дапамагае пазбавіцца ад заціснутасці, — распавядае суразмоў­ніца.

У калектыву склалася свая сімволіка: лагатып, гімн, дэвіз. Ёсць нават статут. І традыцыі, рытуалы. Але, як жартуюць тут, “іх чараўніцтва — у таямніцы”.

 

НА ЎЛАСНАЙ МОВЕ

Рэпертуар ахоплівае шырокі тэматычны дыяпазон — ад казак да сучаснай драмы, у тым ліку твораў па актуальных грамадскіх запытах. Гэта пастаянны дыялог з эпохай, у якім юныя выканаўцы вучацца разважаць пра істотнае на ўласнай мове.

— Падбор п’есы — заўсёды няпростая задача, калі працуеш з дзецьмі. Таму нярэдка драматургічны матэрыял пішам самастойна — разам з выкладчыкамі, нават з самімі вучнямі, — дзеліцца дэталямі кіраўніца.

Спектаклі ў “Чароўным ліхтары” не нараджаюцца хутка.

— Заўважылі, што паўнавартасную пастаноўку немагчыма ўвасобіць менш чым за дзевяць месяцаў. Як развіваецца чалавек, так паступова набывае форму і сцэнічнае выказванне, — гаворыць Наталля Аляксандраўна.

Дэкарацыі, касцюмы і рэквізіт тут робяцца ўласнымі сіламі, і ў гэтым працэсе няма дробязей: кожны элемент працуе на цэласнасць выніку.

 

МАРЫЦЬ ДАЛЕЙ

Мінулы год стаў для “Чароўнага ліхтара” адметным: студыі было прысвоена ганаровае званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. У скарбонцы — дзясяткі ўзнагарод з абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Гастрольная геаграфія таксама шырокая: Расія, Чэхія, Славакія, Балгарыя…

Сярод яркіх падзей — удзел у VI Усерасійскім тэатральным фестывалі “Навучальная сцэна”. З гэтага форуму “Чароўны ліхтар” вярнуўся з двума дыпломамі: за найлепшую жаночую (Соф’я Майсюк) і найлепшую мужчынскую (Арцём Ярацэвіч) ролі. Чатыры дні ўдзельнікі і педагогі не толькі ладзілі конкурсныя паказы, але і засвойвалі насычаную адукацыйную праграму пад кіраўніцтвам вядучых тэатральных майстроў.

Творчая каманда не спыняецца ў развіцці і глядзіць наперад.

— У найбліжэйшы час плануем пачаць працу над пастаноўкай, прынцыпова іншай па форме і эстэтыцы. Пакуль жа ў нашай лабараторыі ідзе пошук новай сцэнічнай мовы — той, на якой мы будзем гаварыць з публікай, — адзначае Наталля Мацавіла.

І калі вечарам у зале гасне святло, а на сцэне запальваецца той самы чароўны ліхтарык, становіцца зразумела: гэта месца, дзе мара працягвае жыць — і натхняць іншых.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву