Часопіс “Мастацтва” распачынае Год беларускай жанчыны новым праектам. Пад дэвізам “Музыка жаночага хараства” кожны месяц на глянцавых старонках будуць з’яўляцца найлепшыя жаночыя вобразы айчыннага жывапісу ў сугуччы з шэдэўрамі нацыянальнай музыкі.

У першым нумары, які неўзабаве выйдзе з друку, прадстаўлена гісторыя партрэта Ларысы Александроўскай пэндзля народнага мастака БССР Івана Ахрэмчыка. У артыкуле Надзеі Усавай раскрываецца таямніца працяглага часу стварэння карціны — 1943—1963 гады — і распавядаецца пра няпростыя адносіны майстра і яго мадэлі.

Галоўная тэма студзеньскага выпуску — мастацтва маладых. Вынаходнікамі новых формаў Ганна Нафікава называе пераможцаў Трыенале маладых мастакоў — 2025.
Допіс Надзеі Бунцэвіч прысвечаны нашым таленавітым маладым кампазітарам, якія актыўна папаўняюць скарбонку найноўшых дасягненняў.
Рэспубліканскі фестываль “Таленты Беларусі — будучыня краіны” аналізуе ў інтэрв’ю Максім Расоха, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга.
Аб вучэбным тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў расказвае артыкул Анастасіі Васілевіч “Першая сцэна, альбо Мадэль прафесійнага тэатра”.
А здабыткі сталых прафесіяналаў адзначаны ў рэцэнзіі на спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек “Хутар” маладога крытыка Яўгеніі Бачыла.
Традыцыйнай у выставачным жыцці сталіцы стала экспазіцыя “Зімовыя дзівосы”, якая ад снежня да сакавіка працуе ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі. Сёлета свае работы прадстаўляюць аўтары, што належаць да секцыі “Верасень” Беларускага саюза мастакоў. На думку старшыні секцыі Марыны Эрэнбург, “вераснёўская” зіма атрымалася не сумнай і разнастайнай.
У рубрыцы “Сакрэты прафесіі” Вольга Адамава распавядае аб майстру па мастацкім метале Іване Конане. Ён перакананы, што найважнейшы складнік поспеху творцы — гэта разуменне матэрыялу, з якога нараджаецца работа: “Кожны матэрыял мае сваю тэктоніку, і яе трэба ведаць”. Працягваецца праект “Беларусь — Расія”.
У артыкуле “Птушка Алканост і яе незвычайныя кветкі” Галіна Нячаева, мастацтвазнавец Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава, разам з маскоўскай траўніцай Вольгай Грыгор’евай адкрывае таямніцы народных паданняў і ўяўленняў пра чароўныя зёлкі, а таксама — пра райскую птушку Алканоста, відарыс якой на старонках веткаўскай рукапіснай кнігі ўпрыгожаны кветкамі лотаці, пярэсны і плакун-травы.
Асобнае значэнне ў студзеньскім нумары надаецца новай культурнай сталіцы Беларусі — Паставам. Фотарэпартаж Анатоля Дрыбаса паказвае непаўторную абаяльнасць архітэктуры гэтага горада, а Таццяна Ядзевіч расказвае пра “Стары млын” — цэнтр жывой народнай культуры Пастаўшчыны.
kultura-info.by