«Ваша Ларыса Пампееўна Кармэн». Загадкавы партрэт Александроўскай

«Няхай наша жанчына-працаўніца з усмешкай сустракае свайго мужчыну, які служыць ёй апорай і абаронай. Моцнай вам любові — чароўнай і ўсёпаглынальнай, якая дапаможа здзяйсняць цуды і неверагоднае! Без любові да жанчыны, дзяўчыны сапраўднай любові быць не можа!

Мы ўшаноўваем нашых маці, жонак і дачок адзін дзень у годзе. Надышоў час аддаць належнае іх асаблівай ролі ў нашым жыцці і аб'явіць 2026 год Годам беларускай жанчыны. Нічога больш дасканалага, чым яна, прыродай не створана! Будзем берагчы нашу жанчыну і сваю зямлю, абараняць сваю будучыню — сям'ю, родных, блізкіх і сяброў ад бед і нягод».

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка

Часопіс «Мастацтва» сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прэзентуюць інтэрактыўны праект «Музыка жаночага хараства», што злучае выявы візуальнага мастацтва з гучаннем нацыянальнай музыкі, а традыцыйны фармат мастацкай рэпрадукцыі з сучаснай інфасферай сацыяльных медыя.

У Год беларускай жанчыны кожны нумар часопіса мы ўпрыгожым шэдэўрамі жывапісу са збораў Нацыянальнага мастацкага музея. Прыгажосць нашых жанчын, шчырых і адважных, выдатных у працы і ў творчасці, захаваная пэндзлем мастака, яшчэ ярчэй загучыць, падкрэсленая лепшымі творамі класікаў музычнага мастацтва Беларусі ў выкананні таленавітых юных музыкантаў.

«Ваша Ларыса Пампееўна Кармэн».
Загадкавы партрэт Александроўскай пэндзля Івана Ахрэмчыка

Партрэт гэты незвычайны тым, што, мяркуючы па подпісе мастака, ствараўся 20 гадоў, з 1943-га па 1963-ці. За дзвюма датамі стаіць цэлая гісторыя. Іван Ахрэмчык распачаў работу над палатном у ваенную пару ў Маскве. Там было шмат дзеячаў беларускай культуры, якія здолелі выбрацца ў чэрвені 1941 года з Мінска, ахопленага агнём. Іван Восіпавіч працаваў пры Цэнтральным штабе партызанскага руху ў сатырычным часопісе «Раздавім фашысцкую гадзіну», пісаў сюжэтныя карціны, задумваўся аб стварэнні партрэтнага цыкла сучаснікаў. У 1942—1944 гадах зрабіў партрэты акцёра Глеба Глебава, балерыны Зінаіды Васільевай, літаратараў Пятра Глебкі і Кузьмы Чорнага. Многія, хто ведаў Івана Ахрэмчыка, згадваюць, што ён ніколі не маляваў людзей, да якіх не адчуваў духоўнага прыцягнення. Гэта было абавязковай умовай партрэтавання. Але Ахрэмчык ніколі не быў кампліментарным. Застаючыся сапраўдным рэалістам, ён «пісаў толькі праўду».

Ларыса Александроўская ў 1942 годзе ўступіла ў шэрагі ВКП(б), у гады вайны часта выязджала з канцэртамі на фронт і ў шпіталі, да партызанаў, выконваючы свой каронны нумар — «Перапёлачку». Па ўспамінах Заіра Азгура, аднойчы ў нумары гатэля «Якар», дзе жылі беларускія мастакі, яна выканала ўсе песні, якія спявала байцам, і тады яе вобраз натхніў абодвух партрэтыстаў. Эцюд Іван Ахрэмчык накідаў у 1943 годзе. Ён пісаў Александроўскую — жонку пракурора Вярхоўнага суда БССР і першую народную артыстку СССР,  члена партыі, лаўрэата Сталінскай прэміі (1941), што была ўшанавана за шматгадовыя творчыя дасягненні. Нездарма Ахрэмчык папрасіў Ларысу Пампееўну прыкалоць да канцэртнай сукенкі ордэн Леніна — узнагароду, якую спявачка атрымала за ўдзел у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 годзе.

Ларыса Аляксандроўская ў ролі Кармэн

Ларыса Александроўская была харызматычнай асобай. Людзей заварожваў не толькі яе дзіўны голас. Больш за ўсё іх вабіла весялосць, шчырасць і магнетызм, адметны бляск вачэй, хаця характар артыстка мела ўладны, моцны, жалезны. Прымадонна Мінскага опернага тэатра, вельмі прывабная жанчына, яна заўсёды ўсміхалася, было адчуванне, што яе жыццё — суцэльнае свята, апладысменты, кветкі, захапленне публікі. Канешне, гэта не так, здарылася і шмат горкіх хвілін: у першыя гады вайны загінуў муж, хварэў сын. Пастаянныя раз’езды Александроўскай не давалі магчымасці завяршыць партрэт.

Паштоўка з фондаў БДАМЛіМ

Ад гэтага перыяду творчых зносін спявачкі і мастака засталося хіба адзінкавае дакументальнае сведчанне — паштоўка Ахрэмчыка, датаваная снежнем 1943 года: «Паважаная Ларыса Пампееўна! Не маючы магчымасці Вас асабіста наведаць і дамовіцца адносна нашых сеансаў, прашу Вас выбраць гадзіну-паўтары ў дзень і даць мне магчымасць скончыць які-небудзь з партрэтаў. Прыходзьце проста ў майстэрню ў любы час, бо я знаходжуся ў ёй увесь дзень. Прашу ўлічыць, што выстава на носе і я ні адной хвіліны не марную дарма. З прывітаннем, Ахрэмчык».

Праз занятасць Александроўскай (а верагодна, праз яе крытычныя заўвагі) партрэт так і не быў завершаны. Мастак адклаў гэтую працу і не прадставіў яе на знакавай выставе 1944-га, прысвечанай 25-годдзю БССР, у Траццякоўскай галерэі.

Няскончанае палатно засталося ў майстэрні і настойвалася, як добры каньяк, на працягу 20 гадоў, паступова набіраючы новыя сэнсы. Родныя адзначаюць, што Ахрэмчык не любіў расставацца са сваімі карцінамі, неахвотна іх прадаваў; любіў пакідаць творы перад вачыма, каб мець магчымасць іх паправіць, перарабіць. Ніколі не пісаў паўторы. І толькі праз 20 гадоў, да Рэспубліканскай выставы 1963-га, Іван Восіпавіч вырашыў завяршыць партрэт Ларысы Пампееўны.

Ларыса Пампееўна Александроўская

Чаму менавіта тады? Шмат што змянілася. Спявачка ў пасляваенныя гады была галоўным рэжысёрам опернага тэатра, самай вядомай і ўплывовай жанчынай Беларусі. Ахрэмчык, безумоўна, сустракаўся з Александроўскай: ён з 1947 года выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, якое тады размяшчалася ў будынку тэатра, а ў 1954—1956-м, ужо народны мастак БССР, разам з Ісакам Давідовічам рабіў роспісы ў фае опернага.

У 1960 годзе нечакана для ўсіх Ларыса Александроўская ў росквіце творчых сіл сыходзіць на пенсію, застаючыся толькі старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства. Яна пакутліва перажывае змушаную бяздзейнасць. Менавіта тады Ахрэмчык завяршыў партрэт, відаць, як жэст сяброўскай падтрымкі, напамін сучаснікам аб гадах маладосці спявачкі, калі ўсё было яшчэ наперадзе — ролі, слава, поспех. Мастак мог бы напісаць з натуры зусім іншую мадэль, стварыць новую карціну. Але Іван Восіпавіч мудра вырашыў не мяняць выявы, а толькі прапісаць фон старога партрэта 40-гадовай Александроўскай, увёўшы антураж — букет бэзу на раялі. Ахрэмчык у гэтыя гады вельмі любіў маляваць бэз, квітнеючыя кусты і букеты ў вазах. Такі «датавальны» кветкавы нацюрморт — намёк на час напісання партрэта, вясну 1963-га.

Іван Ахрэмчык з маладосці адрозніваўся неардынарным, прамым характарам, грубаватасць мастака не ўсім падабалася. Але куды падзелася гэтая грубаватасць у партрэце Ларысы Александроўскай? Іван Восіпавіч, нібы ў маладыя гады, шчыра захоплены і зачараваны жаноцкасцю сваёй мадэлі. «Жывапісны твор задумваецца сэнсава, тонава і калярова», — гаварыў Ахрэмчык вучням. Ідэя гэтага партрэта — стварэнне вобраза вялікай артысткі, выбітнай беларускай жанчыны-ардэнаносца, «беларускай Кармэн». Ля раяля, у канцэртнай сукенцы — партрэт рэпрэзентатыўны, парадны, няўлоўна «сяроўскі» па кампазіцыйнай структуры, па грацыёзным руху рукі, па жывапісным артыстызме.

Масква, 1943 год. Актрыса ў вобразе Кармэн

Ахрэмчык выкарыстаў у якасці натхнення вядомую фатаграфію спявачкі ў ролі Кармэн, але, вядома, без пафасу і грыму, — гэта была найлепшая партыя Александроўскай, роля, якую яна выконвала першай у БССР. Прымадонна часам так і падпісвалася ў тэлеграмах: «Ваша Ларыса Пампееўна Кармэн».

Партрэт пабудаваны на найтанчэйшых тонавых суадносінах, найбольш поўна бачных у руплівай працы з фонам — кутняй сцяной пакоя. На ёй контражурам вылучаецца сілуэт артысткі, якая стаіць, прыгожа абапіраючыся на раяль. Сіла колеру праяўляецца ў акцэнтах: віртуозна паказаным серабрыста-белым паланціне і асабліва яркай пляме бэзу. Гэтае палатно Ахрэмчыка проста з выставы было набыта ў фонды Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.

Ларысе Аляксандроўскай – 70 гадоў

Ці ўбачыла твор Ларыса Пампееўна — праз 20 гадоў пасля пазіравання? Тэарэтычна — падобнае магло здарыцца на выста­ве ў 1963-м ці пасля смерці мастака, на яго рэтраспектыве ў 1977-м. Думаецца, карціна абудзіла ўспаміны Александроўскай пра цяжкія гады Вялікай Айчыннай — і таксама пра гады найвышэйшай славы спявачкі.

Галерэя партрэтаў беларускіх дзеячаў культуры ваеннага перыяду пэндзля Івана Ахрэмчыка зрабілася скарбам Нацыянальнага мастацкага музея, і выява Александроўскай — адна з самых арыгінальных у сталай творчасці жывапісца. У калекцыі ўстановы прадстаўлены 82 палотны Івана Восіпавіча, і асабліва вылучаюцца партрэты.

«Івана Ахрэмчыка адрознівала святое стаўленне да мастацтва, — кажа заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Васіль Сумараў. — Калі гляджу на яго працы, і сёння бачу перш за ўсё вялікага Майстра. Лічу Ахрэмчыка партрэтыстам № 1 савецкага перыяду».

Надзея УСАВА.
Фота з адкрытых крыніц і з фондаў БДАМЛіМ.