Шчодры вечар: традыцыі і сімволіка свята

Калядныя і навагоднія святы скончыліся, пакінуўшы ў сэрцах цеплыню сустрэчы і святочны бляск агнёў. Людзі пакрысе вяртаюцца да звыклага рытму, але ў народнай традыцыі жыве яшчэ адно асаблівае свята.

 

Шчодры вечар — час багатай куцці, песень і вясёлых абрадаў, калі мінулае і будучыня сустракаюцца ў адным святочным імгненні. Шчодры вечар прыходзіць у хату, каб падарыць цеплыню і надзею. Мы завіталі ў Ашмянскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры і пагутарылі пра свята, яго паходжанне, традыцыі і значэнне з Вольгай Кавалеўскай, майстрам цэнтра.

— Вольга Васільеўна, раскажыце, калі ласка, нашым чытачам пра Шчодры вечар. Што гэта за свята і калі яно адзначаецца?

— Шчодры вечар — гэта народнае свята каляднага цыклу, якое адзначаецца напярэдадні Старога Новага года. У беларускай культуры яго яшчэ называюць "Багатая куцця", або "Шчодрык". Свята мае язычніцкія карані, звязаныя з культам урадлівасці і абнаўлення, але з часам яно ўвайшло і ў хрысціянскі каляндар, стала часткай каляднага цыклу. У хрысціянскім календары гэта дзень святой Меланіі, таму ў некаторых рэгіёнах яго называлі "Маланкі".

— Якія традыцыі звязаны са святочным днём?

— Нездарма гэта свята па-іншаму называюць багатай куццёй. У гэты дзень на стале прысутнічае куцця. У адрозненне ад поснай каляднай на стол ставілі мясныя стравы, што сімвалізавала дастатак у новым годзе. Звязана яна таксама са шчадраваннем — дзеці і моладзь хадзілі па хатах, спявалі песні-шчадроўкі з пажаданнямі здароўя і ўраджаю, а гаспадары частавалі іх прысмакамі. Асаблівае месца займае і ваджэнне казы — маскарадны абрад, дзе "каза" ўвасабляла ўрадлівасць і абарону ад злых духаў. Канешне, прысутнічала і варажба: дзяўчаты спрабавалі даведацца пра сваю будучыню, выкарыстоўваючы розныя абрады. Са свайго дзяцінства памятаю, як мы з моладдзю шчадравалі. Заходзячы ў чарговы дом, заўсёды прамаўлялі наступныя словы: "Маланка, маланка па полі хадзіла. Па полі хадзіла, Васюту будзіла. Васютачка, тата, пусці мяне ў хату на старую зіму, на новае лета. Тох-тох, зарадзі, Божа, гарох, жыта, пшаніцу пад самую бажніцу".

— Якая сімволіка Шчодрага вечара, і што яна азначае ў народнай традыцыі?

— Сімволіка Шчодрага вечара вельмі разнастайная. Перш за ўсё, гэта багатая куцця, якая ўвасабляе дастатак і надзею на сытасць і дабрабыт у новым годзе. Асаблівае месца займае і ваджэнне казы — абрад сімвалізуе ўрадлівасць, абарону ад злых духаў і жыццёвую сілу. Песні-шчадроўкі нясуць пажаданні здароўя, радасці і ўраджаю, а сам абрад аб'ядноўвае людзей праз добрыя словы і падарункі. Варажба сімвалізуе імкненне чалавека зазірнуць у будучыню. Свята — гэта жывая сувязь паміж старажытнымі язычніцкімі абрадамі і хрысціянскай традыцыяй.

— Дзякуй за размову!

Гутарыла Марта БАГДАНОВІЧ.