Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта за асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага музычнага мастацтва, падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў удастоена выкладчыца Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамара Жарава.

— Тамара Рыгораўна, перадусім дазвольце павіншаваць вас з высокай узнагародай. Як успрынялі вестку пра яе?
— Дзякуй. Для мяне гэта вельмі нечакана. Напярэдадні наша гімназія-каледж адзначала юбілей — на ўрачыстасці з такой нагоды былі ўшанаваны мае калегі, вельмі таленавітыя музыканты, выкладчыкі спецыяльных і агульнаадукацыйных дысцыплін. І тут раптам паведамляюць пра яшчэ адну ўзнагароду. Разгубілася? Напэўна. Але разам з тым адчула вялікую адказнасць. Прэмія натхніла на новыя планы, задумы і здзяйсненні.
— Раскажыце, калі ласка, як выбралі для сябе менавіта віяланчэль — інструмент няпросты і характарны.
— Амаль выпадкова. У музыку я прыйшла ўжо даволі дарослай, на фартэпіяна, пра якое марыла, мяне не ўзялі, але прапанавалі выбраць іншы інструмент. Пачуўшы голас віяланчэлі, зразумела: ён гучыць ва ўнісон з маім голасам і маімі эмоцыямі. Увогуле, ці ведаеце вы, што кожны музыкант выбірае інструмент па тэмбры і адпаведнасці ўласнаму ўяўленню жыцця? То-бок гэта свайго роду філасофія.
— Такім чынам, адносіны з віяланчэллю ў вас склаліся выдатныя?
— Зразумела. Я ж заканчвала нашу гімназію-каледж. А трапіла ў яе ў восьмым класе. На адным з конкурсаў мяне заўважылі і запрасілі. Пашчасціла пераймаць веды ў слыннага прафесара — віяланчэліста Мікалая Шчарбакова. Гэта быў выдатны педагог! Менавіта ён сфарміраваў мой жыццёвы шлях, калі навучыў выказваць думкі і пачуцці праз музыку. Вельмі актыўны чалавек, таленавіты арганізатар, надзейны дарадца і настаўнік моладзі. У нас Мікалай Сямёнавіч вёў камерны ансамбль і квартэт, але ніколі не адмаўляў у дапамозе па пытаннях за межамі дысцыплін.
— Вы — выпускніца ўстановы, дзе цяпер выкладаеце? Распавядзіце, як адбыўся пераход з аднаго статусу ў другі.
— Напачатку вучылася ў кансерваторыі, пасля — спалучала педагагічную дзейнасць у дзіцячай музычнай школе з працай у аркестры і Інстытуце культуры. І толькі калі я зарэкамендавала сябе як выкладчык, з’явілася магчымасць прэтэндаваць на вакантную пасаду ў гімназіі-каледжы. Патрабаванні да педагагічнага складу тут даволі высокія. І нядзіўна: наша ўстанова мае значны статус у сферы музычнай адукацыі, а яе выпускнікі вельмі цэняцца.
— Давайце спынімся на вашых выхаванцах. Напэўна, ёсць кім ганарыцца? І ўзнагароду вы атрымалі ў тым ліку за падрыхтоўку лаўрэатаў конкурсаў.
— Зразумела, ёсць! Ва ўнікальнай школе музычнаму майстэрству вучыцца, як правіла, таленавітая, руплівая моладзь. Нашы выпускнікі выступаюць у складзе вядучых аркестраў Беларусі і Расіі, працуюць у школах мастацтваў і каледжах. Так, напрыклад, мая выхаванка Паліна Казакевіч (цяпер Фарасцяная) скончыла Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных у Маскве, вярнулася на радзіму і зараз выкладае віяланчэль у нашай Акадэміі музыкі. Дарэчы, Паліна — лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў.
— Відаць, яна не адна такая?
— Разумееце, згадаць кожнага проста немагчыма: іх шмат — яскравых, таленавітых, працавітых. Тым не менш, напрыклад, Святлана Каратчэня перамагла ў апошнім конкурсе імя Я. Глебава, што праходзіў у Магілёве. Дарэчы, яна — неаднаразовы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Гранд-прэміі прэзідэнцкага фонду ўдастоілася мая выпускніца, а цяпер — студэнтка другога курса Акадэміі музыкі Дар’я Ітпаева. У гімназіі-каледжы на першым курсе — таленавіты хлопец, лаўрэат некалькіх конкурсаў Ягор Філіновіч, а яго малодшы брат Іосіф цяпер трэцякласнік нашай жа ўстановы, які таксама вучыцца іграць на віяланчэлі.
Першае месца на конкурсе “Музычныя надзеі” заняў Іван Іваноў. З Маскоўскай кансерваторыі ў студзені мінулага года дыплом першай ступені прывезла Соф’я Гібчык. Першае месца “Талентаў Беларусі” — у Паліны Ярашэвіч.
Увогуле, апошнія гады для нас былі багатыя на лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных творчых спаборніцтваў. Выхаванцы гімназіі-каледжа заваёўвалі перамогу ў Іспаніі, ЗША, Вялікабрытаніі, прывозілі першыя месцы з Масквы і Пецярбурга.

— І ўсё ж у чым педагагічны сакрэт выхавання лаўрэатаў?
— Сакрэт? Напэўна, вялікага сакрэту няма. Не адкрыю таямніцу, калі скажу, што поспех заключаецца ў саюзе трох бакоў: выкладчык, вучань, бацькі. Яшчэ выбітны педагог-скрыпач Пётр Сталярскі казаў: “Першапачаткова я набіраю ў клас бацькоў”. Калі тата і мама зацікаўлены — працаваць з апекаванцам лёгка. Ён з першых дзён уцягнуты ў працэс, у тую незвычайную атмасферу творчасці, у чароўны свет гукаў, і гэта прыносіць задавальненне.
Перад выхаванцам адкрываюцца вялікія магчымасці пераймаць веды ў выбітных музычных дзеячаў як Беларусі, так і замежжа, вывучаць дадаткова іншыя інструменты, займацца пад акампанемент таленавітых вопытных канцэртмайстраў, граць разам з дзяржаўнымі аркестрамі. Пагадзіцеся, што гэта годна! А пасля — дэманстраваць атрыманыя навыкі на міжнароднай арэне, тым самым праслаўляючы нашу Беларусь.
І самае галоўнае — жыць музыкай, жыць у музыцы.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва Рэспубліканскай гімназіі-каледжа