У 2026 год з Уладзімірам Мулявіным і “Песнярамі”

Апублiкавана: 05 студзеня 2026 Стужка Бібліятэкі Мінск Бібліятэчная справа

Аўтар: Аўтары

Вось і стартаваў новы, 2026 год, а з ім і юбілейныя даты дзеячаў культуры і мастацтва. У гэтыя дні Нацыянальная бібліятэка Беларусі радуе карыстальнікаў добрымі навінамі і прапануе ў чарговы раз натхніцца творчасцю Уладзіміра Мулявіна, 85-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца не толькі 12 студзеня, але і на працягу ўсяго года.

 

У 2024 годзе, калі шырокая грамадскасць адзначала 55-годдзе заснавання ансамбля “Песняры”, бібліятэка стварыла маштабны віртуальны праект “«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”, дзе сабрала і прадставіла вялікую колькасць дакументаў з уласных фондаў, архіўных і музейных устаноў краіны.

 Падчас святочнай прэзентацыі рэсурсу, якая адбылася 12 снежня 2024 года, галоўная кніжніца атрымала ў дар ад малодшай дачкі Песняра Вольгі Мулявінай і лектара-музыказнаўцы Беларускай дзяржаўнай філармоніі Вольгі Брылон каштоўныя кампакт-дыскі гурта, якія пабачылі свет у 2023–2024 гг. і раней не былі прадстаўлены ў калекцыі аўдыядакументаў бібліятэкі. Рады паведаміць, што нядаўна дыскі былі цалкам алічбаваны супрацоўнікамі аддзела алічбоўкі дакументаў і цяпер даступны для праслухоўвання ў будынку “алмаза ведаў”.

 

У доступе карыстальнікаў – фолк-рок-опера “Гусляр” (1979), выбітная праграма “Календарно-обрядовые песни” (1979) і гістарычны для прыхільнікаў ансамбля канцэрт 1984 года, запіс якога месціцца на двух кампакт-дысках “Победы свет! Концерт 1984”, дзе сярод песень розных гадоў можна пачуць і адно з найбольш моцных палотнаў “Песняроў” – цыкл “Через всю войну”, напісаны на вершы паэтаў-франтавікоў да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

Дыскі з’яўляюцца ўнікальнымі аўдыядакументамі, бо праграмы, прадстаўленыя на іх, у свой час у сілу розных прычын не выдаваліся і не захаваліся ў запісах у поўным варыянце. Да нашага часу цыклы можна было пачуць толькі часткова ў межах асобных відэа. Напрыклад, праграма “Календарно-обрядовые песни”, якая лічыцца адным з найвышэйшых музычных дасягненняў ансамбля, была даступна ў межах фільма “20 минут с «Песнярами»” (1980), куды ўвайшлі ўсяго 6 песень. Дзякуючы прыхільнікам гурта, у якіх захаваліся поўныя запісы, зробленыя з гукарэжысёрскага пульта, на адным з алічбаваных бібліятэкай кампакт-дыскаў гэтая праграма нарэшце стала даступнай у поўным варыянце, як яе некалі задумаў Уладзімір Мулявін. Дадзены грандыёзны праект пабачыў свет дзякуючы стараннай працы цэлага шэрагу людзей, у ліку якіх старэйшая дачка Песняра Марына Мулявіна, Вольга Брылон, музыканты ансамбля Анатоль Кашапараў, Людміла Ісупава, Уладзіслаў Місевіч, Леанід Тышко, Уладзімір Ткачэнка, гукарэжысёр Мікалай Неронскі, які зрабіў высокапрафесійную рэстаўрацыю запісаў. Цяпер слухачы маюць магчымасць не толькі слухаць высокамастацкі твор, але і чытаць пра гісторыю яго аднаўлення ў буклеце, які з’яўляецца змястоўным дадаткам да дыска.

 Звярнуўшыся да другога алічбаванага з буклетам кампакт-дыска “Победы свет! Концерт 1984” (2024), прыхільнікі ансамбля зноў могуць перажыць хвалю пачуццяў і эмоцый, бо рэдкі запіс дае магчымасць апынуцца на тым самым памятным выступленні вялікіх “Песняроў” у далёкім 1984 г. з праграмай “Через всю войну”.

Рэалізаваць такую грандыёзную ідэю ўдалося зноў жа дзякуючы ўласнаму архіву прыхільніка гурта Аляксандра Камышова, які адшукаў у сябе “катушкі саракагадовай даўнасці з надпісам «Военная программа»”. Сёння гэты дыск – годная даніна памяці ўсім музыкантам легендарного ансамбля “Песняры”, якія пайшлі з жыцця.

 

Нацыянальная бібліятэка Беларусі шчыра дзякуе Вользе Мулявінай і Вользе Брылон за каштоўныя падарункі, якія ўзбагацілі “песняроўскі” фонд галоўнай кніжніцы!

Дзякуючы калегам з аддзела алічбоўкі дакументаў доступ да гэтых рэдкіх аўдыязапісаў цяпер атрымае шырокае кола слухачоў. 

Матэрыял падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычным аддзелам НББ