У Ашмянскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры ў межах арт-праекта "Новы год з традыцыямі" разгарнулася выстава, прысвечаная Калядам і Новаму году.

Захаванне традыцый – гэта не проста памяць пра мінулае, але жывая сувязь пакаленняў. У народных абрадах, цацках і сімвалах адлюстроўваецца светапогляд і маральныя каштоўнасці нашых продкаў. Паважлівыя адносіны да традыцый спрыяюць захаванню гісторыі.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі занялі фігуры маленькага Хрыста, Іосіфа і Марыі. Над іх фігурамі ўзвышаецца анёл, сплецены з саломы дбайнымі рукамі майстроў цэнтра. А ўнізе размясціўся незвычайны статак авечак. Жывёлы надалі сцэне хатнюю, зямную прастору, дзе падзея нараджэння Хрыста становіцца блізкай і зразумелай кожнаму.
Зацікавілі прысутных і ёлкі, створаныя майстрамі цэнтра і ўпрыгожаныя каларытнымі дэкаратыўнымі элементамі. На навагодніх дрэўцах можна заўважыць саламяныя дэкарацыі – кветкі, шышкі, зоркі. Упрыгожанне ёлак у народным стылі стала глыбокім культурным жэстам. Усё гэта вяртае да каранёў і мае свой глыбінны сэнс: саламяныя ўпрыгожванні з'яўляюцца сімваламі зямлі, урадлівасці і святла, анёлы і зоркі з саломы – напамін пра нябеснае.

Валянціна Свірская пазнаёміла гасцей з каляднымі лялькамі. Кожная з іх быццам распавядае маленькую гісторыю пра сямейныя каштоўнасці, працу і святочны настрой. А разнастайнасць строяў паказвае рэгіянальныя асаблівасці. Лялькі рабіліся з саломы, iльну, нітак, тканіны, дрэва, бяросты і гліны – з усяго таго, што было пад рукамі.

У цэнтры экспазіцыі размясціўся святочны стол з традыцыйнымі каляднымі стравамі – куццёй, кісялём, абаранкамі. Пад вышываны абрус пакладзена сена.
У бліжэйшы час усе жадаючыя могуць наведаць цэнтр і дакрануцца да калядных традыцый, задаць свае пытанні, даведацца пра традыцыі сервіроўкі каляднага стала і размяшчэння гасцей.
Марта БАГДАНОВІЧ. Фота аўтара