Народная песня заўсёды знаходзіць тых, хто здольны адчуць яе душу і перадаць прыгажосць. У Свіслацкім раёне такім голасам стала “Спадчына” — фальклорны калектыў, што зберагае і нясе праз гады мясцовыя традыцыі. Гурт, народжаны любоўю да культуры і зямлі, адзначае 20-годдзе — важная вяха сведчыць: аўтэнтычная музычная спадчына жыве.

— У Грынках спявалі заўжды, — расказвае метадыст па народных мастацкіх рамёствах, традыцыях, абрадах і фальклоры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Дзянісава. — Амаль у кожнай хаце граў гармонік, усе ведалі па некалькі дзясяткаў песень. Вёска ніколі не маўчала — яна гучала. Менавіта гэтая спрадвечная музычнасць прыцягнула і знакамітага фалькларыста Рыгора Шырму, які ў 1930-я прыязджаў запісваць тутэйшы матэрыял. Мелодыі не згубіліся ў часе — яны жывуць у выкананні ўдзельніц “Спадчыны”.
НІЦЬ ПЕРАЕМНАСЦІ
Гісторыя гурта пачалася задоўга да таго, як ён набыў сённяшні выгляд і статус. У 1970-я ў Грынкаўскім сельскім клубе працаваў хор пад кіраўніцтвам Людмілы Лукша — адданай сваёй справе работніцы культуры, якая ўмела запальваць у людзях творчы агонь. У склад уваходзілі мясцовыя жыхары, настаўнікі, маладыя спецыялісты.
— Я родам з вёскі Грынкі і з удзельнікамі хору знаёмая з дзяцінства, — успамінае Святлана Паўлаўна. — Мая мама таксама спявала ў тым калектыве. Ён быў вельмі моцны: часта і натхнёна выступаў, стабільна займаў прызавыя месцы на конкурсах і фестывалях. Гэта была поўная імпэту каманда.
У 1980-я нават давялося кіраваць ёю тры гады, калі маладым спецыялістам вярнулася працаваць на малую радзіму. Таму для мяне “Спадчына” мае асаблівае, пачэснае значэнне — можна сказаць, яна выхавала мяне творча.
У 1990-я хор распаўся — час быў няпросты. Але ў 2005-м Людміла Георгіеўна адчула: песня ў Грынках мусіць гучаць і далей. Руплівіца яшчэ раз сабрала жанчын. Калектыў узначаліла яе дачка Святлана Гінч, якая стала рухавіком новага развіцця “Спадчыны”.
— Святлана Віктараўна — чалавек-энергія, — падкрэслівае метадыст. — Яна і рэжысёр, і сцэнарыст, і выканаўца, і нават касцюмер. Усе сцэнічныя строі падрыхтаваны яе рукамі.
Далучыўся і сын Людмілы Георгіеўны — Сяргей Лукша. Песні на яго вершы ўвайшлі ў рэпертуар гурта, надаўшы “Спадчыне” адмысловы мясцовы каларыт.
З ЗАПАЛАМ І ШЧЫРАСЦЮ
Сёння калектыў аб’ядноўвае дзевяць жанчын ад 65 да 80 гадоў. Усе ўжо на заслужаным адпачынку, за плячыма — настаўніцкі, бухгалтарскі стаж або праца ў сельскай гаспадарцы. Здавалася б, жыццёвае кола зрабіла поўны абарот — аднак для тых, хто носіць у сабе песню, новыя старонкі працягваюць адгортвацца.
— Гэтыя жанчыны — прыклад таго, што творчасць не мае ўзросту. Яны прыходзяць на рэпетыцыі з вялікім запалам, — кажа Святлана Дзянісава. — Галасы — чыстыя, шчырыя, сапраўдныя. Такія, якія павінны быць у фальклоры.
Асноўны кірунак дзейнасці — захаванне і папулярызацыя рэгіянальнай культурнай спадчыны. Удзельніцы глыбока вывучаюць мясцовыя народныя набыткі, вяртаюць на сцэну ў рэканструяваным выглядзе многія традыцыі, што засталіся ад мам і бабуль. Рэпертуар уключае больш за сотню аўтэнтычных песень, побытавыя танцы, прыпеўкі і перапеўкі, музычна-гумарыстычныя мініяцюры, а таксама творы на словы тутэйшых паэтаў — Івана Ламашкевіча, Янкі Насуты і Сяргея Лукшы. Звычаі мінулых дзесяцігоддзяў адлюстроўваюць абрады “Каравай”, “Хрысціны”, “Першае купанне дзіцяці” ды іншыя.

СЭРЦАМ І ГОЛАСАМ
Гурт “Спадчына” — часты і жаданы госць на канцэртных пляцоўках у Свіслацкім раёне і па-за яго межамі. Гэтыя самадзейныя артысткі — заўсёдніцы фестывалю ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, “Свіслацкага кірмашу”, абласных фальклорных форумаў “Панямоння жыватворныя крыніцы”, “Скарбы Гродзеншчыны”…
— Калі ўдзельніцы ансамбля выходзяць на публіку, адразу бачна: яны жывуць песняй, — падкрэслівае Святлана Паўлаўна. — Гледачы заўсёды сустракаюць гурт цёпла, бо ў выступленнях ёсць тая непасрэднасць, што ідзе ад душы і ад зямлі.
Асаблівая вяха — кастрычнік 2024-га, калі калектыў стаў народным. — Вельмі высокая ацэнка, — адзначае суразмоўніца. — Разумеем: званне абавязвае. Але ўпэўнены, што “Спадчына” яшчэ доўга будзе радаваць людзей. Пакуль жыве песня, жыве і сама вёска.

ЗАХАВАЦЬ СВЯТЛО
Юбілей ансамбля — нагода не толькі згадаць мінулае, але і паглядзець у будучыню. “Спадчына” — мост паміж пакаленнямі, гісторыяй і сучаснасцю. Жанчыны, якія збіраюцца ў сельскім клубе, з дапамогай сваіх галасоў нясуць тое, што не мае права знікнуць: мясцовы каларыт, мову, памяць. І менавіта дзякуючы такім людзям у Грынках заўсёды будзе гучаць песня — тая самая, якую калісьці пачулі Рыгор Шырма і сотні вясковых дзяцей, што выраслі на яе звонкіх матывах. Святлана Паўлаўна падсумоўвае:

— Спадчына — не проста назва калектыву, а тое, што мы праносім праз жыццё і пакідаем пасля сябе. Нашы артысткі робяць гэта з вялікай любоўю, захоўваючы святло і цяпло, якія аб’ядноўваюць сэрцы.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву