Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўпрыгожыў афішу прэм’ерай камедыі “Гэта цудоўнае жыццё”. І падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з... ГУМам. Адразу два пераднавагоднія сюрпрызы!

ТВОРЧЫ…
Падарунак №1 — безумоўна, спектакль. Пра тое, што ўсё жыццё — тэатр. І што тэатр для яго ўдзельнікаў — гэта таксама ўсё жыццё. Аўтар п’есы “Месяц над Буфала” Кен Людвіг ведаў пра гэта не па чутках, бо сам быў не толькі вядомым драматургам, але і сцэнарыстам, рэжысёрам, прадзюсарам. Назва спектакля зменена невыпадкова.
“Гэта цудоўнае жыццё” — адначасова і фільм, дзе здымаліся цэнтральныя персанажы, і азначэнне іх чалавечага існавання. Так-так, іх жыццё — папраўдзе цудоўнае, нягледзячы на пастаянныя спрэчкі, часам канфлікты, смешныя недарэчнасці і нежартоўныя стрэсавыя сітуацыі, у якія трапляюць героі. І хаця камедыя часцяком патрабуе перабольшвання, анекдатычныя гісторыі з артыстамі здараюцца і ў тэатральнай рэальнасці — літаральна на кожным кроку.

Таму гледачы, калі завітаюць на новы спектакль, адначасова апынуцца быццам яшчэ і за кулісамі. На падобныя экскурсіі, дарэчы, многія ўстановы культуры сёння актыўна прадаюць квіткі. А ў Купалаўскім вы можаце атрымаць “два ў адным”, пабываўшы ў тым закуліссі, што разгорнецца перад вамі на сцэне.
Пастаноўку ажыццявіў заслужаны артыст Расіі Андрэй Завадзюк. У якасці рэжысёра на сцэне Купалаўскага ён дэбютаваў у снежні 2022-га з трагікамедыяй “Апошні атракцыён”, якая карыстаецца трывалым глядацкім попытам. І вось — працяг плённага супрацоўніцтва.

Па традыцыі, спектакль ідзе на беларускай мове, пераклад належыць Алесю Мойскаму. Камедыя становішчаў, як і мае быць, вырашана з вялікай доляй эксцэнтрыкі, буфанады. Але завяршаецца, што цалкам зразумела, хэпіэндам: перамагаюць любоў да тэатра і каханне — ажно трох пар адначасова. Нават недарэчныя героі, намаляваныя выключна ў парадыйным тоне, знаходзяць асабістае шчасце. Бо жыццё і паза межамі тэатра не менш цудоўнае, чым унутры яго.

У спектаклі заняты зорны склад: народная артыстка Беларусі Тамара Міронава (Этэль), заслужаная артыстка краіны, мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Няфёдава (дачка Этэль, кінадзіва Шарлота Хэй), Уладзімір Іваноў (муж Шарлоты, вядомы ак цёр і рэжысёр Джордж Хэй), маладое пакаленне купалаўцаў, сярод якіх Ганна Мешчаракова (іх дачка Разалінда), Сяргей Бірульчык ці Ілья Крук (яе жаніх Говард), Барыс Цяцёркін (Пол, былы каханак Разалінды), Таісія Увядзенская ці Інэса Іскакава (Эйлін, палюбоўніца Джорджа).
Маляўнічае відовішча з мноствам пераапрананняў (мастак-пастаноўшчык — Марына Шуста) дапоўнена відэакантэнтам. Фота і відэа ўзнікаюць быццам у акенцы ілюмінатара, якое пазней ператвараецца ў жоўтую поўню. З гэтым “колцам” перагукаецца яшчэ адна круглая дэталь — вялізны подыум у выглядзе гэткай арэны. Бо і ўсё сцэнічнае дзеянне — гэта арэна псіхалагічных і нават уласна фізічных паядынкаў, калі смех у зале спараджае асэнсаванне жыццёвых і творчых цяжкасцей, з якімі сутыкнуліся персанажы.

Упрыгожвае спектакль вельмі ўдалае музычнае афармленне. У пачатку першай дзеі інструментальнае трыа эфектна ўзнімаецца з “падзямелля” — выязджае на спецыяльнай платформе. А ледзь толькі адчыняецца завеса пасля антракту — музыканты ўжо на сцэне. І гэтак жа павольна, урачыста спускаюцца на платформе ў аркестравую яму. Такі дадатковы перформанс адразу ператварае інструменталістаў у паўнавартасных удзельнікаў спектакля, што цалкам адпавядае перадавым тэндэнцыям.
Дарэчы, напаўненне музычнага складніка належыць самім артыстам: Генадзю Вішнякову (скрыпка), Жанне Карпенка (клавішы), Андрэю Сапоненку (ударныя). Яны не проста граюць вясёлыя мелодыі, а чулліва рэагуюць на сцэнічныя падзеі — то адпаведнымі музычнымі каментарыямі, пераважна імправізацыйнага характару, а то і даволі экстатычнымі воклічамі.
Ды і героі пастаноўкі раз-пораз бязмоўна звяртаюцца да музыкаў, запрашаюць іх аздобіць тую ці іншую сітуацыю, нават “дырыжыруюць” ім уступ, узнімаюць кверху вялікі палец, дэманструючы задавальненне. Тэатральная ўмоўнасць? Вядома! І адначасова адзін з распаўсюджаных сёння прыёмаў менавіта музычных спектакляў.

…І ПРАКТЫЧНЫ
Падарунак № 2 — пагадненне тэатра з ГУМам. Што аб’ядноўвае такія розныя ўстановы? Тое, што абедзве — першыя, кожная ў сваёй сферы. Купалаўскі калісьці называўся БДТ-1, ГУМ быў першай дзяржаўнай універсальнай крамай у Беларусі. Яднае, як падкрэсліваюць бакі, “высокая якасць прадукцыі”.
Нарэшце, агульным арыентырам з’яўляецца шырокае разуменне культуры, што ахоплівае не толькі мастацтва, але і побыт, вытворчасць, гандаль. Пагадненне дапаможа пашырыць межы культурнага жыцця. І прынясе разнастайныя сумесныя акцыі, розыгрышы.
Дарэчы, першы адбыўся яшчэ напярэдадні падпісання дамовы, да дня нараджэння ГУМа — як гэткі пілотны праект. Наперадзе шмат цікавага!
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і з Тэлеграм-канала "Купалаўскі тэатр | Купаловский театр"