Уся краіна абмяркоўвае чарговую прэм’еру айчыннага фільма: 10 месяцаў карпатлівай працы, 38 здымачных дзён — і вось “Пераломны момант” на экранах Беларусі. Уладзіміра Навіцкага запрасілі паўдзельнічаць у стварэнні стужкі. Ужывацца ў ролю аказалася нескладана: іграць прыйшлося самога сябе! Уражаннямі і думкамі вядомы спартыўны каментатар падзяліўся з “К”.

— Чым вас крануў “Пераломны момант”?
— Пакуль у Заслаўі запісваўся мой эпізод, удалося падглядзець некалькі кадраў. Ужо тады я быў прыемна ўражаны. Глыбокая аператарская і рэжысёрская праца! Шчыра кажучы, некаторыя ракурсы і планы падаліся мне незвычайнымі. Вядома, я з цікавасцю чакаў фільма — і не толькі таму, што ў мяне ёсць роля. І чаканні спраўдзіліся! Жадаю ўдачы карціне. Няхай і гледачы ацэняць яе! Хочацца, каб з “Пераломным момантам” здарыўся падобны фурор, як з “Класнай”, і новай стужцы выпала добрая будучыня!
— Ці згодны з тым, што вялікі спорт пачынаецца з маленькіх крокаў, як у фільме: з падлеткавай секцыі па веславанні, з першага пераадолення сябе?
— Вядома ж, у кожнага чэмпіёна былі гады (а то і большая частка жыцця) станаўлення. Каб дасягнуць вяршыні, прыйшлося набіць нямала гузоў. Недарма кажуць — без паражэнняў няма перамог. За тысячай і адной гісторыяй паспяховай кар’еры стаіць мноства спроб.
— Уладзімір Мікалаевіч, раскажыце пра ваш досвед каментатара.
— Штатна ў Белтэлерадыёкампаніі я адпрацаваў 38 з паловай гадоў і, калі настаў пенсійны ўзрост, усё роўна, на шчасце, аказаўся запатрабаваным. Кажу “на шчасце” таму, што люблю займацца сваёй справай, быць вядучым. І сёння прафесія прыносіць велізарнае задавальненне. Калі пачынаць адлік з 1981-га, то мой шлях па гэтай сцежцы складае 44 гады.
— Паспела змяніцца некалькі пакаленняў. Чым цяперашнія маладыя атлеты адрозніваюцца ад тых, хто пачынаў поплеч з вамі?
— Цяжка параўноўваць у адной плоскасці: іншая эпоха, іншыя тэхналогіі. Адзін інтэрнэт чаго варты! Адсюль і новыя методыкі трэніровак, спаборніцтваў. Тут ёсць адрозненне, але абсалютна нічога не змянілася ў тым, што тады, як і цяпер, шмат залежала ад сілы волі, байцоўскага характару, умення не апускаць рукі, не вешаць нос пры няўдачах. Захавалася паважлівае стаўленне і да саперніка, і да справы. Без падобных рыс немагчыма дабіцца чагосьці сур’ёзнага. Маладыя людзі, з якімі я сутыкаюся зараз, нібы з таго часу: станоўчыя якасці ўласцівыя і пакаленню NEXТ.
— Вам даводзілася працаваць на юніёрскіх ці моладзевых чэмпіянатах? У чым асаблівасць?
— Так, я каментаваў юнацкія, дзіцячыя спаборніцтвы — не толькі па веславанні, але і па іншых відах спорту. Розніца, мусіць, у тым, што прагматызм і цвярозы разлік куды менш характэрныя для падлеткаў. Як бы іх ні выхоўвалі, ні настройвалі трэнеры і бацькі, эмоцыі нярэдка бяруць верх, галава не застаецца халоднай. А гэта важна — аб’ектыўна ацаніць свае сілы і магчымасці. Але мэта каментатара не толькі ў пералічэнні ачкоў і секундаў. Галоўнае — людзі. Калі гаворка ідзе пра юнага атлета, то хочацца падрабязнасцей пра сям’ю, стаўленне бацькоў да захаплення дзіцяці. Калі ж бачу на пляцоўцы вельмі бескампрамісную, відовішчную, яскравую гульню, фарбы ўсё гэта апісаць знаходзяцца самі.
— Ваш голас для мільёнаў — саўндтрэк перамогі. А ці памятаеце свой пераломны момант у кар’еры, пасля якога зразумелі, што выраслі як прафесіянал?
— Іх нямала! Адзін прыгадваецца тут жа: 1990 год, Італія, Чэмпіянат свету па футболе. Мне пашчасціла патрапіць у лік шасці каментатараў, якіх адправілі расказваць пра спаборніцтва з месца падзей. Гэта быў сапраўды пераломны момант, і я яшчэ раз зразумеў, што займаюся сваёй справай! Вядома, хапала выпрабаванняў, мора ўспамінаў. Тыя 44 гады былі багатыя на розныя сітуацыі. Нават цяпер мой удзел у фільме — таксама новая прыступка і выклік самому сабе.
— Што б вы як майстар сваёй справы параілі тым, хто стаіць на парозе жыцця і сумняваецца ва ўласных сілах?
— Канешне, верыць у сябе. Давяраць бацькам, настаўнікам, людзям, якія жадаюць дабра, якія побач і своечасова падкажуць дакладную дарогу. Пры першых няўдачах — а без іх ніхто не можа абысціся — не апускаць рукі. Не ставіць крыж, калі адразу не атрымалася, бо ўсё яшчэ наперадзе! Толькі вера ў сябе і касмічная любоў да сваёй справы прывядзе да поспеху.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА