Форум распачаўся “Арлеанскай дзевай” Чайкоўскага.

Юбілейнае свята працягнулася да 21 снежня, з’яднаўшы пяць спектакляў і фінальны гала-канцэрт. Але і па яго завяршэнні ў Вялікім, як заўжды, ёсць што паглядзець — да канца сезона ўлетку.

ФОРУМ
З асаблівай нецярплівасцю на оперным фестывалі чакалі не проста замежных зорных салістаў, якіх было багата, але і гасцявыя спектаклі. Сёлета такім падарункам стаў прыезд знакамітага Самарскага тэатра “Шастаковіч Опера Балет. Пазалетась прывозілі нечакана супрэматысцкую, з візуальнымі спасылкамі на віцебскі мастацкі авангард 1920-х “Любоў да трох апельсінаў” Сяргея Пракоф’ева.

І вось традыцыя ўвасаблення опернай класікі ХХ стагоддзя працягнута: 16 снежня прайшоў спектакль “Майстар і Маргарыта” Сяргея Сланімскага, уганараваны найпрэстыжнейшай Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміяй “Залатая маска”.

Гэты твор стаў першым увасабленнем у жанры оперы нашумелага рамана М. Булгакава.
Але ж быў і беларускі аналаг! У 1990-я ў нас ішла аднайменная опера Яўгена Глебава ў пастаноўцы Вячаслава Цюпы — з вялізным люстэркавым кубам пасярэдзіне сцэны і двайнікамі цэнтральных герояў. Яшчэ раней, пачынаючы з 1987-га, неверагодныя аншлагі збірала прачытанне сталічнага тэатра лялек, шчодра аздобленае музыкай Уладзіміра Кандрусевіча — і ў запісе, і жывой: спецыяльна для гэтага ставілі піяніна. Апроч дзеяння на двух паверхах сцэны, у зале змяшчалі вялізныя фігуры “абывацеляў”, што ў пэўны момант ускоквалі з крэслаў і выступалі з “прамовамі”.
У 2022-м у Тэатры-студыі кінаакцёра і ў скарочаным выглядзе на IFMC — Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску — дэманстраваўся аднаактовы балет “Поўня” Настассі Голешавай. Яшчэ адзін “пераклад” на пластычную мову нядаўна з’явіўся ў Дзяржаўным ансамблі танца пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча. Увасабленне “Майстра і Маргарыты” ТЮГа ўвайшло ў шорт-ліст 8-й Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Містычны мюзікл Аляксандра Сухарава з’явіцца ў Маладзёжным тэатры эстрады ў лютым — акурат “у пятніцу 13-га”.
А колькі было гастрольных паказаў — не пералічыць! Ці ж не цікава ўсё гэта параўнаць? І дадаць яшчэ кіно, тэлестужкі. Бо ў кожнага майстра — свае ўяўленні пра герояў.

Не менш знакавай падзеяй форуму стала прэм’ера оперы Г.Ф. Гендэля “Ацыс і Галатэя”. Сцэнічныя творы гэтага кампазітара, аднагодкі І.С. Баха, у нашым тэатры не ставіліся. А між тым барочныя оперы перажываюць сёння другое нараджэнне. Бо міфалагічныя сюжэты як мага лепей пасуюць для касмічна-пазачасавага ўвасаблення, перанесенага ў любыя прасторавыя каардынаты.
— Міф дае бясконцае поле для фантазій, — гаворыць рэжысёр Наталля Бараноўская, якая раней выпусціла “Пінокіа” і “Казку пра цара Салтана”. — Наша задача — стварыць магічную рэальнасць, якая прыўзніме гледача над побытам і паглыбіць у чараўніцтва.
А пачалося ўсё з таго, што габаістка нашага аркестра Надзея Рэнанская прапанавала ўзяць асобныя нумары гэтай гендэлеўскай оперы для канцэрта барочнай музыкі, які ладзіўся сёлета ў Нясвіжы ў час летніх “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Там іх пачуў мастацкі кіраўнік тэатра Арцём Макараў і прапанаваў паставіць оперу цалкам.

Разам з дырыжорам Віталём Грышчанкам і харэографам Настассяй Голешавай мы зрабілі сваю рэдакцыю, скарацілі пастуха Дэймона, сябра Ацыса. Але ўвялі балетную пару — Рэўнасць і Лютасць, што апаноўваюць Паліфема, таксама закаханага ў Галатэю. А каб зрабіць змест больш зразумелым для гледачоў, дадалі між нумарамі рускамоўныя тэксты ў духу антычных трагедый. Так што хор у нас не толькі спявае, як звычайна, але і выступае апавядальнікам.
Дарэчы, опера напісана на стараанглійскай мове, і я бясконца ўдзячная салістцы Вользе Маліноўскай, якая працавала з артыстамі над правільным маўленнем. Для мяне гэта першы барочны вопыт, раней я не была прыхільніцай такой музыкі. А як паспрабавала, адкрыла для сябе свет дзівоснай прыгажосці і глыбіні. І хачу, каб такое ж адкрыццё зрабілі гледачы!
ПЛАНЫ
Наступнай прэм’ерай стала “Набука” Дж. Вердзі. Раней опера ішла ў нашым тэатры двойчы: у 1999-м і ў 2010-м. Гэтым разам яе паставіў знаны італьянскі рэжысёр Джанкарла дэль Монака. Вернецца ў рэпертуар і абноўленая “Баядэрка” Л. Мінкуса, над якой будзе працаваць галоўны балетмайстар Ігар Колб.

Разам з яго нядаўнім “Шчаўкунком” яна ўвойдзе ў праграму “Балетнага лета ў Вялікім”.
Госцем чэрвеньскага фестывалю запрошаны Краснаярскі тэатр оперы і балета са спектаклем “Катарына, або Дачка разбойніка” Ц. Пуні.
Ідуць перамовы з творчым аб’яднаннем “Лабараторыя Лаўроўскіх” з Масквы, а таксама з Тэатрам балета Барыса Эйфмана — даўнім улюбёнцам нашай і сусветнай публікі.
Адным з найбольш значных гастрольных тураў стане паездка ў Нікарагуа ў ліпені — ужо трэці раз, пры падтрымцы Банка развіцця Беларусі. На базе Нацыянальнага тэатра Рубэна Дарыа ў Манагуа і фонду INCANTO, з якімі плённа супрацоўнічае наш Вялікі, там будзе праходзіць Дзіцяча-юначы форум для адоранай моладзі. Таму ад беларускай дэлегацыі чакаюць не толькі ўласна выступленняў да нацыянальнага свята — Дня Народнай Сандынісцкай рэвалюцыі, — але і правядзення майстар-класаў па акадэмічных спевах, інструментальным выканальніцтве, харэаграфіі і акцёрскім майстэрстве.

А на Калядным оперным форуме госці з Нікарагуа па традыцыі ўзялі ўдзел у гала-канцэрце да стагоддзя Ірыны Архіпавай — разам з лаўрэатамі Міжнароднага конкурсу імя М. Глінкі і сусветна вядомай спявачкай Альбінай Шагімуратавай.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Таццяны БЕРВІНАЙ, з архіва Вялікага тэатра Беларусі