За выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа медалём Францыска Скарыны ўганаравана дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Алена Стрыжэвіч.

Урачыстая цырымонія адбылася 10 снежня ў Палацы Рэспублікі. Па даручэнні Прэзідэнта найлепшых прадстаўнікоў розных сфер узнагароджваў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Мы сустрэліся з Аленай Стрыжэвіч у гэты важны дзень, каб павіншаваць са значнай падзеяй і даведацца пра шлях да высокага прызнання.

— Да кніг я прызвычаілася з дзяцінства, — расказвае Алена Якаўлеўна. — У маёй бабулі быў даволі багаты збор. Чыталі ўсе: яна, мае тата і мама, сястра, я. Да таго ж хадзіла ў нашу Ляхавіцкую раённую бібліятэку. Напэўна, прага пазнання новага, а яшчэ прыязныя адносіны работнікаў установы і вырашылі мой прафесійны лёс.
— Як будавалі кар’еру?
— У 1993-м з дыпломам Інстытута культуры — цяпер гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — была накіравана ў Ляхавіцкую цэнтральную раённую бібліятэку. А налета пайшла працаваць у Брэсцкую абласную імя М. Горкага. З таго часу — ужо 32 гады — не пакідаю яе. Пачынала з пасады бібліятэкара 1 катэгорыі. Сталеючы, падымалася крок за крокам па прафесійнай лесвіцы і ўжо сем гадоў узначальваю ўстанову. І ведаеце, што самае галоўнае? На якой пасадзе я б ні знаходзілася, адчувала: кнігі — гэта маё жыццё, маё сэрца.

— Алена Якаўлеўна, як лічыце, за што вам далі такую высокую ўзнагароду?
— Думаю, за працу, за тое, што ўсё жыццё прысвяціла бібліятэчнай справе. За тое, што сёння Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага — лідар у рэспубліцы па шматлікіх кірунках дзейнасці. Гэта сучасная ўстанова. Летась мы правялі маштабную рэканструкцыю будынка, і цяпер ён не толькі прыгожы і ўтульны, але і зручны для наведвальнікаў.
— Распавядзіце, калі ласка, пра рэканструкцыю падрабязней.
— У 2023 годзе Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аб неабходнасці нашай мадэрнізацыі. Да пачатку 2024-га падрыхтавалі праектна-каштарысную дакументацыю, а 11 сакавіка стартавалі працы. У працэсе рэканструкцыі існавалі дзве асноўныя задачы: стварыць належныя ўмовы для захоўвання ўнікальнага фонду і зрабіць бібліятэку даступнай для людзей з інваліднасцю.

— І якія змены здарыліся ў межах мадэрнізацыі?
— Па-першае, мы перанеслі галоўны ўваход: раней ён быў у двары шматкватэрнага дома, сёння — на цэнтральнай вуліцы, ля помніка Брэсцкай Бібліі, які з’явіўся ў 2017-м. Дарэчы, тое, што побач з ім цяпер пралягае дарога ў наш дом кніг, — вельмі сімвалічна, бо ва ўстанове захоўваецца арыгінальны фрагмент Брэсцкай Бібліі, датаваны 1563 годам. Узведзена прыбудова з ліфтавай шахтай. Гэта дазволіла прымаць наведвальнікаў з інваліднасцю. Цягам рэканструкцыі заменены ўсе камунікацыі, аддзел кнігасховішча поўнасцю адрамантаваны і абсталяваны мабільнымі стэлажамі.
— Праца насамрэч грунтоўная. Відаць, яна запатрабавала шмат часавых і людскіх затрат…
— Мы ўклаліся ў рэкордна кароткі тэрмін — дзевяць месяцаў. Удзельнічалі ўсе работнікі абласной бібліятэкі, чым маглі дапамагалі калегі, чытачы. І трэба заўважыць, што падчас рэканструкцыі ўстанова не спыніла асноўнай дзейнасці ні на адзін дзень. Выпускаліся кнігі, працавалі залы, ладзіліся мерапрыемствы.
— Алена Якаўлеўна, вы згадалі фрагмент Брэсцкай Бібліі. Напэўна, гэта не адзіны рарытэт, які зберагаецца ў фондах?
— Зразумела, не. Сектар рэдкай кнігі — больш за 3000 каштоўных выданняў з XVI стагоддзя па цяперашні час. Самы галоўны скарб — арыгінальны фрагмент Брэсцкай Бібліі.

Акрамя яго, захоўваюцца рукапісныя дакументы XVII—XIX стагоддзяў з Вольнаўскага і Быценскага манастыроў, аўтэнтычныя асобнікі XVII стагоддзя, надрукаваныя ў знакамітых выдавецтвах — Плантэна ў Антверпене і Эльзевіраў у Амстэрдаме, калекцыя кніг з пячаткамі і штампамі бібліятэк і іншых устаноў Брэста 1921—1939-га, першыя прыжыццёвыя кнігі класікаў беларускай літаратуры, калекцыя факсімільных і рэпрынтных выданняў Тураўскага, Полацкага і Слуцкага Евангелляў, Біблій Скарыны, Буднага, Цяпінскага і іншыя.

— Ці могуць наведвальнікі пабачыць пералічаныя артэфакты?
— Так. Да 80-годдзя нашай бібліятэкі, якое мы адзначалі ў 2020-м, падарункам ад Брэсцкага аблвыканкама стала выдаткаванне сродкаў на стварэнне музейна-выставачнай экспазіцыі. І ў той жа год мы яе ўрачыста адкрылі. Сёння гэта адзін з самых папулярных сектараў нароўні з аддзелам абанемента, які штодзень наведваюць каля 200 карыстальнікаў. Там праводзяцца музейна-бібліятэчныя заняткі, экскурсіі па экспазіцыі, рэалізоўваюцца культурна-адукацыйныя праекты.
— Напрыклад?
— Адзін з апошніх — “Гісторыя ў пераплётах”, у межах якога расказваем пра кнігу з пункту гледжання вокладкі. Сіламі супрацоўнікаў былі адноўлены некаторыя гістарычныя хрыбткі выданняў. Таксама мы прэзентавалі праект у Івацэвічах на Дні беларускага пісьменства ў 2024-м. І сёння ініцыятыва дастаткова папулярная. Акрамя таго, вырабілі сшывальны станок — дзякуючы яму нашы наведвальнікі могуць стварыць якую-небудзь вокладку. То-бок гэта невялікі інтэрактыў з ХІХ стагоддзя.

— Калі мы ўжо закранулі тэму праектаў, раскажыце пра самыя значныя.
— Іх насамрэч шмат — кожнае структурнае падраздзяленне рэалізоўвае па некалькі. Цяпер згадаю “Берасцейскі летапіс”. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя пад такой назвай была прымеркавана да 85-годдзя абласной бібліятэкі. Мы прэзентавалі электронна-інфармацыйны рэсурс “Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны”, над якім працавалі каля чатырох гадоў. Ён уключае фаліянты, што знаходзяцца не толькі ў нашай установе, але і ў раённых, гарадскіх бібліятэках, у бібліятэках вышэйшых навучальных устаноў і музеях вобласці. Вынік атрымаўся даволі маштабным. Дарэчы, рэсурс — у адкрытым доступе на нашым сайце.
— Ці адсочваеце, як паказвае сябе гэты ці іншыя праекты?
— Зразумела. Напрыклад, згаданы — па колькасці праглядаў. Як прыклад прывяду яшчэ адзін папулярны інтэрнэт-праект “Гэты дзень у гісторыі Берасцейшчыны”. У яго аснове — матэрыялы рэгіянальнага перыядычнага друку: абласной газеты “Заря” і раённых з 1940-х па 2023-і. Выданні захоўваюцца ў фондзе нашай бібліятэкі і змяшчаюць памяць аб падзеях і суайчынніках, якія і зрабілі гісторыю Першага рэгіёна. Калекцыя запатрабавана: шматлікія ўстановы звяртаюцца па інфармацыю аб сваім мінулым. Цяпер нашы супрацоўнікі актыўна алічбоўваюць перыёдыку, каб дзякуючы электронным носьбітам пашырыць кола карыстальнікаў.

— Алена Якаўлеўна, вы казалі пра наведвальнікаў з інваліднасцю. Што робіцца для іх у бібліятэцы?
— Для тых, хто мае цяжкасці ў перамяшчэнні, пабудаваны ліфт. Калі раней для гэтых людзей доступ быў толькі на першы паверх, цяпер яны могуць трапіць на другі і трэці. Мы зрабілі значны крок і насустрач асобам з парушэннямі зроку. Пасля рэканструкцыі ў абласной бібліятэцы ёсць неабходнае абсталяванне, што дазваляе слабавідушчым наведваць установу. Напрыклад, шыльдачкі са шрыфтам Брайля, накіроўчыя на падлозе, а таксама сістэма гукавога суправаджэння, якая праз спецыяльныя праграмы на смартфоне дапамагае арыентавацца ў памяшканнях.
— Да вас завітваюць і людзі з інваліднасцю па зроку?
— Так. Для іх створаны ўсе ўмовы. Больш за тое, у 2019 годзе першай сярод кніжных скарбніц рэспублікі наша стала абанентам электроннай бібліятэчнай сістэмы “Літрэс”, што прадстаўляе і аўдыявыданні. Гэта платная платформа. Але нашы наведвальнікі карыстаюцца яе магчымасцямі, не ўносячы грошы. Для таго трэба прыйсці і запісацца ў бібліятэку, атрымаць чытацкі білет, потым індывідуальны лагін і пароль. Фонд установы налічвае каля 12 000 электронных кніг, з якіх тысячы паўтары — у аўдыяфармаце.
— Такім чынам вы папулярызуеце чытанне сярод жыхароў Брэстчыны?
— У тым ліку. Для наведвальнікаў дзейнічаюць розныя праграмы, праекты. Ёсць нават спаборніцтвы.
— Як гэта?
— У юбілейны для бібліятэкі год мы запусцілі марафон “25 за 2025”. Задача простая — за 2025-ы прачытаць па прапанаваных пунктах 25 выданняў. Удзельнікі выбіраюць іх самі — спіс даволі разнастайны. Напрыклад, з лічбай у назве, твор, сюжэт якога звязаны з кнігарняй ці бібліятэкай, работа беларускага літаратара і гэтак далей. У жанрах і аўтарах не абмяжоўваем. Пачаць марафон можна ў любы дзень года, а чытаць кнігі — у любой паслядоўнасці. Вынікі конкурсу плануем падвесці ў дзень нараджэння ўстановы — у студзені 2026-га.
— Алена Якаўлеўна, хацелася б яшчэ закрануць тэму папулярызацыі кнігі сярод малодшага пакалення.

— У нас створаны два аддзелы — дзіцячы і юнацкі. Першы наведваюць з двух гадоў і да 4 класа, другі — з 5 па 11 клас. Так, не здзіўляйцеся, самаму малому нашаму чытачу ўсяго два гадкі. Увогуле лічу: думка, што сённяшняя моладзь цураецца кнігі, — няправільная! У тых сем’ях, дзе чытаюць бацькі, чытаюць і сыночкі-дочкі. Гэта аксіёма. І такіх дзяцей бачна. Яны больш выхаваныя, адукаваныя, разважлівыя. Яны здольныя думаць і рабіць высновы.
— Напэўна, калі вы праводзіце мерапрыемствы для дарослых, то не пакідаеце па-за ўвагай і дзяцей?
— Сапраўды. Летась зладзілі сацыяльны праект “ЧытайФэст” сумесна з кампаніяй BREMOR. Ён разлічаны на падлеткаў з 10 гадоў. Сутнасць такая: за кожныя прачытаныя пяць твораў удзельніку выдавалася наклейка. Прычым забаранялася проста ўзяць кнігу, а потым здаць — трэба было запоўніць чытацкі дзённік спецыяльнай формы. Да праекта падключылася 253 хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны з красавіка па верасень прачыталі больш за 5500 выданняў! Прызамі забяспечыла кампанія-партнёр. Падлеткі, якія занялі першае, другое, трэцяе месцы, атрымалі смарт-гадзіннік, Яндэкс-станцыю і веласіпед. Шэраг удзельнікаў быў узнагароджаны ад абласной бібліятэкі.

— І гэта не адзіны праект, накіраваны на юных чытачоў?
— Зразумела. Цікавасць выклікае і “#1рэгіён у асобах: дзіцячыя пытанні — дарослыя адказы” — нешта накшталт вядомай тэлеперадачы “100 пытанняў даросламу”. Мы запрашаем на сустрэчу цікавых людзей вобласці, якім юныя наведвальнікі бібліятэкі задаюць шчырыя пытанні. Формы дзейнасці ў нас вельмі разнастайныя — да кожнай катэгорыі знаходзім індывідуальныя падыходы, стараемся зрабіць тое, што будзе цікава канкрэтным людзям.

— Хто ваша галоўная падтрымка?
— Мой калектыў — паспяховае спалучэнне вопыту і маладосці. Працуюць яшчэ тыя, хто быў на ключавых пасадах, калі я толькі прыйшла ў бібліятэку. Яны, мая галоўная падтрымка і апора, маюць высокі прафесійны ўзровень, умела навучаюць маладых — крэатыўных і сучасных работнікаў, якія нараджаюць цікавыя ідэі і праекты. Вельмі ўдзячная лёсу, што аказалася сярод гэтых людзей, і лічу, што нядаўняя ўзнагарода — найперш прызнанне шчырай працы ўсяго калектыву.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы