Сінтэз дзяржаўнай падтрымкі, навуковага падыходу і творчай энергіі: як грант Прэзідэнта дапамагае адрадзіць унікальную полацкую набіванку?

У эпоху глабалізацыі і лічбавых тэхналогій асабліва востра адчуваецца каштоўнасць спрадвечных, аўтэнтычных звычаяў, якія фарміруюць культурны код нацыі. У Беларусі надаецца асаблівая ўвага захаванню і адраджэнню такой спадчыны.

Яскравым прыкладам паспяховага сінтэзу дзяржаўнай падтрымкі, навуковага падыходу і творчай энергіі стаў праект “Полацкая набіванка”, які рэалізоўваецца ў 2025 годзе на грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры. Аўтар ініцыятывы — Таццяна Бараненка, вядучы навуковы супрацоўнік філіяла “Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я” Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
ПА ВОЛІ ВЫПАДКУ
Цікавасць да забытага рамяства ўзнікла амаль выпадкова. Як расказвае Таццяна Валер’еўна, у народным касцюме музейшчыкі прывыклі бачыць вышыўку і ткацтва. Але ў пэўны момант адмыслоўцам трапілася нешта незвычайнае. Калі знаходку сталі вывучаць, высветлілася: гэта набіванка.

Пробныя майстар-класы ў падобнай тэхніцы, праведзеныя яшчэ да атрымання гранта, выклікалі жывы водгук у публікі. Пытанне наведвальнікаў: “А ці існуе менавіта полацкая набіванка?” — прымусіла глыбока задумацца і паклала пачатак мэтанакіраванаму даследаванню.

Наогул, набіванка, або выбойка, крашаніна, набіванне, — адна з самых старажытных тэхнік дэкарыравання тканіны, калі ўзор наносіцца з дапамогай разьбяных драўляных дошак-клішэ. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя гэтае рамяство было шырока распаўсюджана ў свеце, уключаючы тэрыторыю Беларусі. Але з развіццём новых прамысловых тэхналогій традыцыя аказалася практычна забытай.
Задача праекта — не проста расказаць пра старадаўнюю тэхніку, а акрэсліць і адрадзіць яе ўнікальныя мясцовыя рысы. Ключавой навуковай тэмай стала выяўленне і фіксацыя асаблівасцей, якія адрозніваюць полацкую набіванку ад суседніх беларускіх (напрыклад, ад віцебскай) або ад расійскіх рэгіянальных. Як адзначае даследчык, першапачаткова ўзоры, што прыйшлі з Усходу (тыя самыя “персідскія агуркі”), адаптаваліся пад мясцовую эстэтыку. Паступова яны былі заменены рамонкамі і макамі, а да ХХ стагоддзя ўжо цалкам адлюстроўвалі тутэйшыя мастацкія традыцыі.

Спецыфіка полацкай, паўночнай набіванкі, па словах Таццяны Бараненка, у стрыманай каляровай палітры. Часта гэта аднатонны друк, напрыклад толькі чырвоным, або камбінацыя двух-трох колераў: жоўтага, зялёнага, чырвонага.
Найважнейшым матэрыяльным вынікам даследчай працы стаў выраб рэканструкцый саміх дошак для набівання. У аснове — сапраўдныя ўзоры дэкору з музейных фондаў: на прасціне, што цудоўна захавалася, і на даваенным бытавым абрусе з гарадскога пасёлка Ветрына. З апорай на арыгіналы былі падрыхтаваны эскізы, якія затым увасобіў у новым дрэве віцебскі разьбяр. Гэтыя дошкі цяпер актыўна выкарыстоўваюцца на майстар-класах, звязваючы мінулае і сёння.
ТРАДЫЦЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
Акрамя вывучэння музейных фондаў па ўсёй краіне і ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях, праект, што рэалізоўваецца на грант Прэзідэнта, уключае актыўную асветніцкую дзейнасць. Цэнтральнай пляцоўкай стала экспазіцыя “Набіванка: традыцыя і сучаснасць” у Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.

Выстава наглядна паказвае гістарычны шлях рамяства і яго свежыя інтэрпрэтацыі. Куратарская экскурсія “Стылістыка традыцыйнай набіванкі” дапамагае наведвальнікам зразумець тонкасці і складанасць тэхналогіі, якія хаваюцца за ўяўнай простасцю.
Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца майстар-класы, якія выйшлі далёка за межы Полацка. Праект быў прадстаўлены на буйных рэспубліканскіх пляцоўках: на міжнароднай выставе-кірмашы “Адпачынак-2025” і на Фестывалі навукі — 2025 у Мінску. Інтэрактыўныя фарматы “Раз дошчачка, два дошчачка...” і “Ярка, як маланка, робім набіванку!” даказваюць, што аўтэнтычнае рамяство можа быць займальным і для дзяцей, і для дарослых.

Адным з выніковых мерапрыемстваў стане адкрытая размова “Набіванка як творчы стымул у мадэрнізацыі сучаснага дызайну”, запланаваная на снежань. Гэта крок да таго, каб гістарычныя арнаменты і тэхнікі знайшлі новае жыццё ў работах сённяшніх мастакоў, дызайнераў адзення і інтэр’ераў.
БОЛЬШ ЧЫМ РАМЯСТВО
Ініцыятыва накіравана не толькі на адраджэнне даўняга ўмення. Таксама прадугледжваецца аднаўленне ўнікальных асаблівасцей рэгіёна, якія фарміруюць яго культурную карту. Аўтар сістэматызуе інфармацыю, каб закласці асновы для надання элементу “Аздабленне тканін у тэхніцы «набіванка»” статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прапанаваны і займальны спосаб праз практыку расказаць моладзі пра мінулае — мастацтва і побыт продкаў. У выніку ствараецца новы ўнікальны культурны прадукт і сувенір, звязаны менавіта з Полацкам.

Праект “Полацкая набіванка” паказвае, як грантавая падтрымка энтузіязму неабыякавых людзей дазваляе ўдыхнуць у старыя тэхналогіі новае жыццё, зрабіўшы іх актуальнымі і запатрабаванымі. Гэта прыклад таго, як прафесійная цікаўнасць, павага да народных традыцый і любоў да роднага можа стаць справай дзяржаўнага значэння.
Віктар ГАЎРЫШ. Фота з архіва Таццяны БАРАНЕНКА