Важнымі падзеямі адзначаны для айчыннага сінематографа снежань

Апублiкавана: 20 снежня 2025 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Дзень беларускага кіно — прафесійнае свята, устаноўленае ўказам Кіраўніка дзяржавы ў 1994 годзе, — справілі 17 снежня. Заслугі выбітных дзеячаў галіны напярэдадні знакавай даты ўшаноўвалі ў Палацы Рэспублікі.

 

ГАЛОЎНЫЯ ЗДАБЫТКІ

Урачыстасць праходзіла 8 снежня. Тэатралізаваны канцэрт “Любіць кіно па-беларуску” аб’яднаў работнікаў творчай індустрыі з розных куткоў краіны. Як адзначыў у прывітальнай прамове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, сёлета ў сферы адбылося шмат па-сапраўднаму важных падзей.

— Мы знялі мноства цудоўных фільмаў, добрых дакументальных стужак пры падтрымцы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Бліскуча правялі ХХХІ Міжнародны фестываль “Лістапад”, — прыгадаў Руслан Іосіфавіч. — Наперадзе — яшчэ больш маштабных спраў і здзяйсненняў… Таму ў першую чаргу пажадаю кожнаму з нас сіл!

Заслужаныя ўзнагароды дзеячам галіны ўручылі Міністэрства культуры, Беларускі прафесійны саюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і Беларускі саюз кінематаграфістаў.

— Сёлетняя восень адзначана для кінастудыі дзвюма вялікімі поўнаметражнымі прэм’ерамі, што выклікалі моцную цікавасць у грамадскасці. Гэта “Класная” Кірыла Халецкага і “Пераломны момант” Дзмітрыя Сарокі. Дзякуй усім, хто сочыць за айчыннай вытворчасцю. Вашы водгукі дапамагаюць зрабіць нашыя праекты лепшымі, — сказаў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў.

 

ЭСТАФЕТУ ПРЫНЯЛІ

Яшчэ адна яркая кінагісторыя адбылася ў Мінску на гэтым тыдні. Фільмы-ўдзельнікі Адкрытай Еўразійскай кінапрэміі “Дыяментавы матылёк” паказвалі ў кінатэатры “Масква” з 9 па 11 снежня. Праграму распрацавалі Расійскі фонд культуры пры падтрымцы кампаніі “Раскіно” і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Кінапрэмія — галоўнае сістэмаўтваральнае мерапрыемства Еўразійскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў. Мэта — падтрымка, развіццё і папулярызацыя кінематографа, стымуляванне вытворчасці якасных і змястоўных фільмаў, якія транслююць еўразійскія, нацыянальныя ды іншыя агульначалавечыя духоўна-маральныя каштоўнасці. Дэвіз — “Любая праўда без любові ёсць хлусня...”.

Цырымонія ўручэння прэміі адбылася 27 лістапада ў Маскве ў “Майстэрні 12” Мікіты Міхалкова. Узнагароды прысуджаліся ў 11 намінацыях. Сеансы ў сталіцы адкрыў беларуска-расійскі гістарычны дэтэктыў Кірыла Кузіна “Чорны замак”, зняты паводле рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Карціна заваявала Еўразійскую кінапрэмію ў намінацыі “Найлепшы кампазітар”. Прысудзілі яе аўтару музыкі Юрыю Пацеенку.

У наступныя дні мінчане пазнаёміліся з іншымі стужкамі-ўдзельніцамі “Дыяментавага матылька”: “Патанцуйце з мамай!” (Расія, Кіргізія), “Махтумкулі” (Узбекістан, Туркменістан), “Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі” (Расія) і “Лясны цар” (Сербія).

 

ПРАФЕСІЙНЫ ПОГЛЯД

Круглы стол “Кінамасты сяброўства: міжнароднае супрацоўніцтва ў кінаіндустрыі” — яшчэ адзін істотны момант гасцявання “Дыяментавага матылька” ў беларускай сталіцы. Сустрэчу прысвяцілі ролі кінематографа ў пабудове дыялогу паміж брацкімі народамі і ўплыву фестывальных пляцовак на сумесную вытворчасць.

З расійскага боку да абмеркавання далучыліся рэжысёр стужкі “Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі” Андрэй Зайцаў і намеснік генеральнага дырэктара “Раскіно” Аксана Фралова. Ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў выступілі генеральны прадзюсар фільма “Патанцуйце з мамай!” Рустамжан Сайдаматаў і выканаўчы прадзюсар карціны Каніет Халілаў.

— Прыемна, што да нас прыехалі ўдзельнікі і намінанты прэміі, і мы разгледзелі з імі шляхі супрацоўніцтва, — сказаў рэжысёр і мадэратар канферэнцыі Сяргей Кацьер. — Цяпер пры Еўразійскай кінаакадэміі ствараецца маладзёжны кластар, куды змогуць прыязджаць на вучобу кінематаграфісты з розных краін.

Беларускі бок у дыялогу прадстаўлялі старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч і дырэктар магілёўскага “Кінавідэапракату” Марыя Каспяровіч.

— Людзям неабходныя карціны, што шчыра расказваюць пра чалавека і любоў да блізкага, нясуць глыбокі сэнс і маральныя ідэалы. Неабходнае кіно, якое пакідае незгладжальны след, — падкрэсліў Яўген Арэндарэвіч. — “Дыяментавы матылёк” у гэтым сэнсе з’явіўся вельмі своечасова. Прэмія важная не толькі для нашай прасторы, але і для ўсёй сусветнай супольнасці.

Такія праекты і фестывальны рух у цэлым, на думку старшыні БСК, дапамагаюць спасцігаць традыцыі розных народаў і аб’ядноўваюць кінематаграфістаў дзеля стварэння якасных фільмаў.

— Расія мае вялікія фінансавыя магчымасці. Можам выходзіць на капрадукцыйную вытворчасць і, выкарыстоўваючы сілы нацыянальнай кінастудыі, прыцягваць спецыялістаў і здымаць на нашай зямлі моцныя карціны. А затым дэманстраваць іх не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі ды іншых краінах, — распавёў Яўген Мікалаевіч. — Мы гатовы да любога ўзроўню складанасці. Наша мэта — наладжваць масты культурнага супрацоўніцтва, каб з’яўлялася як мага больш сумесных фільмаў з дружалюбнымі дзяржавамі.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота аўтара і з Telegram-канала БСК