Выхоўваючы прафесіяналаў

Апублiкавана: 18 снежня 2025 Стужка Адукацыя Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Выстава Alma mater кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў праходзіць у арт-гасцёўні “Высокае места”. Экспазіцыя прымеркавана да 80-годдзя навучальнай установы, што вызначае культурнае асяроддзе краіны і выгадавала не адно пакаленне прафесіяналаў.

 

АСОБЫ І ВЕХІ

Кафедра створана ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, як тады называлася акадэмія, у 1961-м. Першым загадчыкам стаў знакаміты жывапісец Гаўрыла Вашчанка, які пазней атрымаў званне народнага мастака БССР.

З 1978 па 1990 год кафедрай кіраваў Тарас Паражняк, што працаваў са шклом і з керамікай, будучы заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, а з 1990-га па 1994-ы — кераміст Уладзімір Угрыновіч.

У 1994—1996 і 2004—2010 гадах кафедру ўзначальваў Міхаіл Казарог, у 1996—1998-м — Іван Конан, у 1998—2004-м — Людміла Церах, а з 2011-га загадчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь кераміст Аляксандра Дзятлава.

Сярод асноўных напрамкаў даследаванняў на кафедры — сучасныя працэсы ў айчынным ды сусветным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і гісторыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашай краіны. Тут вывучаюцца і асаблівасці развіцця, сённяшнія тэндэнцыі сувенірных кірункаў.

Выпускнікі заняты як на прамысловых прадпрыемствах, так і ва ўстановах культуры ды адукацыі. Кафедра актыўна супрацоўнічае з Добрушскім фарфоравым заводам, Івянецкім заводам мастацкай керамікі, са шклозаводам “Нёман”, з “Белмастацкерамікай”, “Бярозабудматэрыяламі” ды іншымі арганізацыямі.

 

ПЯЦЬ НАПРАМКАЎ

У 1961 годзе было створана аддзяленне мастацкага афармлення тканін, а ў 1964-м — кафедра мадэлявання адзення і мастацкага ткацтва, якую ўзначаліў майстар тэкстыльнага малюнка Іван Утарушын. У 1989-м прайшоў набор студэнтаў на спецыялізацыю “касцюм”, у 1991-м — на спецыялізацыю “тэкстыль”, а ў 1993-м адкрылася кафедра касцюма і тэкстылю.

Яе да 2013 года ўзначальвала лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Бартлава. Пасля кафедрай кіраваў Юрый Піскун, з 2015-га — Вераніка Рассыльная, з 2017-га — Маргарыта Шчамялёва.

У 2018 годзе кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама касцюма і тэкстылю аб’ядналіся. За новай структурай замацавана пяць напрамкаў спецыяльнасці “дэкаратыўнапрыкладное мастацтва”: “вырабы з керамікі”, “вырабы са шкла”, “вырабы з металу”, “касцюм” і “вырабы з тэкстылю”.

Студэнты праходзяць практычнае навучанне на такіх прадпрыемствах, як “Дынама Програм”, “Калінка”, “Мастра”, “Цэнтр моды”, “Элема”, “Элод” і іншыя, актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, фестывалях.

 

ЮБІЛЕЙНЫ СКЛАДНІК

Да цырымоніі адкрыцця выставы далучыліся дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кіра Капусціна, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Вольга Адамава, загадчык кафедры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва і касцюма Аляксандра Дзятлава, дацэнты кафедры Маргарыта Шчамялёва і Хрысціна Высоцкая.

Экспазіцыя — адзін з найважнейшых складнікаў юбілейных святкаванняў. Яна аб’ядноўвае гісторыю і сучаснасць акадэміі, якая сапраўды стала мацікарміцелькай для многіх пакаленняў аўтараў. Менавіта тут фарміруецца і развіваецца беларуская мастацкая школа, увасабляюцца новыя задумы, спалучаюцца майстэрства і даследчы падыход, традыцыя і смеласць эксперымента, а галоўнае — не перарываецца пераемнасць пакаленняў.

На выставе прадстаўлены вынікі творчых пошукаў — больш за сотню курсавых і дыпломных праектаў студэнтаў розных гадоў. Адлюстравана жывое ўзаемадзеянне педагогаў і выхаванцаў, чыя праца фарміруе культурны ландшафт сённяшняй Беларусі.

Экспазіцыя дэманструе шырокі спектр плыней ад традыцыйнага ручнога ткацтва і мастацкай керамікі да актуальных напрамкаў арт-тэкстылю і аўтарскага касцюма, багацце сэнсавых і пластычных рашэнняў.

Усе работы — гэта праявы індывідуальнасці, але адначасова і часткі агульнай мастацкай прасторы, народжанай у акадэміі.

Убачыць іх можна да 25 студзеня.

Антон РУДАК. Фота аўтара