Тэатр назаўжды!

Апублiкавана: 05 снежня 2025 Стужка Тэатры Мінск Фестывалі

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

VIII Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная тэатральная прэмія” ўрачыста падвёў вынікі — узнагароды знайшлі герояў 3 снежня. Але пакуль праходзілі прагляды спектакляў, што трапілі ў фінал, тэатры паспелі падрыхтаваць суцэльны шэраг прэм’ер. Культурнае жыццё віруе!

 

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, гаворачы аб Нацыянальнай тэатральнай прэміі, адзначыў, што ўзровень работ, якія прэтэндуюць на запаветнага «бусла» (галоўны прыз), расце з году ў год: — Якасць спектакляў, якія вылучаюцца на прэмію, кожны раз усё вышэй і вышэй. Яны азначаюцца адкрыццямі — не толькі ў драматычным тэатры, але і ў музычным, і ў дзіцячым, і ў лялечным. Па словах міністра, асновай творчага развіцця заўсёды застаецца ўнутраны парыў аўтара:

— Для драматурга галоўным стымулам павінен быць прынцып “не магу маўчаць”.

Кіраўнік ведамства заклікаў тэатры больш актыўна шукаць такіх драматургаў, чые п'есы будуць адгукацца публіцы.

— Гэты конкурс не толькі прафесійнае прызнанне, але і сапраўднае свята, якога з цікавасцю і нецярпеннем чакаюць і калектывы тэатраў, і гледачы, — дадаў Руслан Чарнецкі.

 

ПЕ­РА­МОЖ­ЦЫ

Журы ў секцыі “Музычны тэатр” узначаліў народны артыст Беларусі Юрый Траян.

Найлепшай операй прызналі “Яўгена Анегіна” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, там жа адзначылі мастака Любоў Сідзельнікаву.

Найлепшым балетам — “Папялушку” таксама з Вялікага.

Найлепшым спектаклем у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла — “Цудоўную Алену” Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Сярод пастаноўшчыкаў вылучылі харэографа Сяргея Мікеля і дырыжора Марыну Траццякову за балет “Купалле”, што ідзе на падмостках Музычнага. Сярод артыстаў — салістку балета Аліну Рудэнка і опернага спевака Андрэя Валенція. Прэмію журы атрымаў балет “Шынель. Гогаль” Маладзёжнага тэатра.

Галоўная інтрыга, як заўжды, была сярод спектакляў драмы. Старшыня журы — загадчыца кафедрай майстэрства акцёра і рэжысуры нашай Акадэміі мастацтваў, тэатразнаўца Вольга Сталярова. Тут найлепшым для вялікай сцэны стаў “Фаўст. Здзелка з д’яблам” горкаўцаў, для малой — “Вежы Маладзечанскага замка” Мінскага абласнога тэатра. Рэжысёрскую ўзнагароду атрымаў Аляксандр Козак за “Веру” (Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы), як найлепшага мастака адзначылі Аляксандра Камянца (“А зоры тут ціхія” ў Купалаўскім). Прэмія журы паехала ў Магілёў. Найлепшымі артыстамі названыя Юлія Гружэўская і Сяргей Чэкерэс, драматургам — Уладзіслава Арцюкоўская.

Моцная канкурэнтная барацьба разгарнулася сярод тэатраў лялек. Па рашэнні журы на чале з прафесарам кафедры кіно і тэлебачання Акадэміі мастацтваў Віталём Катавіцкім перамог “Бах-бахбах” з Магілёва. За сталічнае “Мроіва” адзначаны рэжысёр Яўген Карняг і мастак Таццяна Нерсісян. За ролю Дзюймовачкі — Аляксандра Бурдзілоўская з Віцебска. Прэмія журы — у Гомеля.

Найлепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва абралі “Разумнага сабачку Соню” мінскіх лялечнікаў. Менавіта так прагаласавала журы, ачоленае заслужаным артыстам Беларусі Уладзімірам Мішчанчуком.

Прэмію “За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі” атрымаў знакаміты мастак Барыс Герлаван.

 

ПРЭМ’ЕРЫ

Падрыхтоўка тэатраў да конкурсных паказаў сваіх спектакляў не спыніла творчы працэс назапашвання рэпертуару.

 Вялікі тэатр выпусціў новага “Шчаўкунка”, дзе змяніліся не толькі харэаграфія і мастацкае атачэнне, але і лібрэта. Цэнтральным “героем” стаў чароўны арэх Кракатук, скрадзены мышаняткам Грызуном. Пастаноўка галоўнага балетмайстра Ігара Колба спалучае пластычны тэатр, пантаміму, тэатр лялек, цыркавую гімнастыку, а таксама харэаграфічную класіку і элементы народнага танца.

Галоўнымі “прысмакамі” казачнай краіны Цукеркенбург, куды на санях выпраўляюцца Драсельмеер з Мары і лялькай Шчаўкунком, нечакана аказваюцца шыпучыя змеі, расквітнелыя вішні з майстрам кунг-фу, гарэзныя Пятрушкі з задзірлівым пеўнем у руках саліста.

Неверагодная колькасць удзельнікаў, безліч яркіх касцюмаў, змена дэкарацый, што адбываецца на нашых вачах (мастак — Вольга Мельнік), — усё разлічана на візуальныя эфекты.

А 6 снежня пад кіраўніцтвам Арцёма Макарава прагучаць шэдэўры Моцарта — 40-я сімфонія і “Рэквіем”.

Музычны тэатр прапанаваў мюзікл “Рымскія вакацыі” ў пастаноўцы Валерыі Чыгілейчык — з яшчэ большай наяўнасцю транспартных сродкаў.

Па сцэне катаюцца турыстычны аўтобус, легкавушка, мапед, скутар. Ложкі, стол — таксама на маленькіх колцах для хуткага перамяшчэння пры змене сцэнаграфіі (мастак — Андрэй Меранкоў). Шмат інтэрактыву.

Уражальна вырашана наведванне цырульні, дзе артыстка незаўважна для гледача змяняе парык і грым — і ўзнікае зусім іншы імідж. Але ўся гэтая мабільнасць і шматлікія цікавосткі ані не засланяюць першынство музыкі Андрэя Кротава (Расія), цудоўнае гучанне аркестра (дырыжор — Мікалай Макарэвіч), добры вакал усіх салістаў і хору. І тыя тонкія псіхалагічныя дэталі, што дазваляюць прасачыць змены ў характары цэнтральных герояў і абумоўленасць учынкаў іх атачэння. Птушкі ўвосень злятаюць ад нас.

А “Чайка”, наадварот, прыляцела, прызямліўшыся на сцэне тэатра Беларускай арміі. “Птушкаловам-дрэсіроўшчыкам” выступіў мастацкі кіраўнік калектыву Арцём Пінчук, прапанаваўшы арыгінальную аўтарскую канцэпцыю, цалкам адпаведную твору Антона Чэхава. Сцэна мадэрнісцкага “спектакля ў спектаклі” ўвасоблена сучаснай харэаграфіяй Сяргея Мікеля. Тэкст жа той авангарднай “п’есы ў п’есе” вынесены за межы сцэнічнай дзеі і гучыць у якасці своеасаблівай уверцюры. Трэплеў і Трыгорын выступаюць не апанентамі, а быццам двума бакамі аднаго медаля. Тлумачэннем гэтаму становіцца і сцэнаграфія Марыны Алекна, падзеленая на два планы — перад умоўным шклом і па-за ім.

На малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску — прэм’ера драматычна-камедыйнага трылера Улады Альхоўскай “Тытанавая ведзьма”.

13 снежня ў Гомельскім абласным драматычным тэатры з’явіцца “Абдураны муж” Мальера: у пастаноўцы Сяргея Кавальчыка яго можна будзе паглядзець цяпер не толькі ў тэатры імя Максіма Горкага ў Мінску.

Брэсцкі тэатр драмы яшчэ ў кастрычніку ўключыў у афішу лермантаўскі “Маскарад” у версіі расійскага рэжысёра Сяргея Шчадрына. А пазней тут з’явілася незвычайная “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета”: рэжысёр Цімафей Ільеўскі ўвасобіў знакаміты нарыс Мікалая Ляскова ў інсцэніроўцы Яраславы Пуліновіч. І гэта далёка не ўсё!

Надзея БУН­ЦЭ­ВІЧ. Фота Ангеліны САРОКІ і з архіваў тэатраў

MAX TikTok