У Асіповіцкім раёне адбыўся абласны семінар на тэму “Сучасныя практыкі работы культурна-дасугавых устаноў па развіццю культуры рэгіёнаў Магілёўскай вобласці”. Ён стаў платформай для абмену вопытам, абмеркавання перадавых практык і ўмацавання прафесійных сувязей.

Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў структурных падраздзяленняў гаррайвыканкамаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, а таксама дырэктараў клубных устаноў.
Першы дзень семінара пачаўся з яркага і святочнага акцэнту – навагодняга балю “Навагодняе адзінства: час для ўсіх”. І тут панавала атмасфера цяпла, радасці і яднання, бо выйшлі прадстаўнікі самых розных узроставых груп – ад школьнікаў і моладзі да людзей “залатога ўзросту”. Такі фармат падкрэсліў важнасць міжпакаленчага дыялогу і захавання традыцый, якія аб’ядноўваюць людзей незалежна ад узросту.

Потым адбылося пасяджэнне абласнога савета дырэктараў клубных устаноў. У цэнтры ўвагі – развіццё культурнай сферы рэгіёну і выкарыстанне сучасных тэхналогій для папулярызацыі культурных каштоўнасцей. Даклады і дыскусіі датычыліся такіх актуальных тэм, як інтэграцыя новых форм працы, прасоўванне праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, развіццё маладзёжнай культуры і аматарскай творчасці.
Паралельна прайшлі экскурсіі па культурных аб’ектах раёна. Удзельнікі наведалі экспазіцыю “Сям’я Дараган” у гісторыка-краязнаўчым музеі, карцінную галерэю народнага мастака Уладзіміра Стэльмашонка і пазнаёміліся з работай народнага фотаклуба “Раніца”. Кожная экскурсія стала магчымасцю дакрануцца да багатай культурнай спадчыны рэгіёна, пазнаёміцца з сучаснымі творчымі праектамі і натхніцца ідэямі.

Увечары першага дня ўдзельнікі акунуліся ў атмасферу нацыянальных традыцый на рэвю “У віхуры музыкі і танца”, падрыхтаваным творчымі калектывамі філіяла “Раённы Цэнтр культуры і вольнага часу”.

Другі дзень удзельнікі сустрэлі ў аграгарадку Вяззе, дзе іх чакала насычаная праграма.

Там прайшлі тэатралізаваны паказ з абрадам “Калядкі”, майстар-класы па вырабе сувеніраў і ігры на традыцыйных беларускіх музычных інструментах.

Пасля гэтага дэлегацыя накіравалася ў філіял “Раённы Цэнтр культуры і вольнага часу”, дзе прайшлі прэзентацыі выставы “Тканыя гісторыі”, створанай студыяй “Чароўныя ўзоры”. Адмысловае месца занялі тэатралізаваная замалёўка “Кірмаш” і народны кірмаш “Зімовы цуд па Асіповіцку”, якія перанеслі ўдзельнікаў у атмасферу народных гулянняў і кірмашовых урачыстасцяў. Яскравым апетытным фіналам культурнай часткі мерапрыемства стала выстава-дэгустацыя традыцыйных беларускіх страў.

Абласны семінар дырэктараў клубных устаноў у Асіповічах аб’яднаў прафесіяналаў культуры для абмену вопытам, натхнення і пошуку новых шляхоў развіцця. За два насычаныя дні ўдзельнікі не толькі паглыбілі свае веды і пашырылі гарызонты, але і пазнаёміліся з інавацыйнымі практыкамі.

Вынікам стала ўсведамленне важнасці захавання нацыянальных традыцый у сучасным свеце, а таксама матывацыя да ўкаранення новых тэхналогій і ідэй у працу клубных устаноў. Такі вопыт натхніў удзельнікаў на далейшую актыўную дзейнасць, якая садзейнічае развіццю культурнага жыцця рэгіёну і ўмацаванню яго духоўных каштоўнасцей.

Крысціна БАШАРЫМАВА, вядучы рэдактар
Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра
народнай творчасці і культурна-асветнай работы