Пазнавальна-забаўляльнае падарожжа ў свет традыцый

Незабыўнае і вельмі важнае мерапрыемства для вучняў 5-9 класаў адбылося ў Нясяцкай сярэдняй школе. Творчы калектыў раённага Дома культуры, этнаграфічнае аб'яднанне “Вераценца” і педагог-арганізатар Анастасія Карпава падарылі дзецям пазнавальна-забаўляльнае падарожжа ў свет традыцый.

 

Асаблівую цікавасць выклікала знаёмства з прызначэннем фартухоў і хустак у жыцці нашых продкаў. Пра фартухі расказала кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Спадчына” Тамара Кузьміцкая.

У яе калектыве робяць рэканструкцыі фартухоў Клічаўскага раёна. Два такія фартухі яна паказала на мерапрыемстве. Таксама расказала, якія яны бываюць і для чаго выкарыстоўваюцца. Стала адкрыццём, што фартух быў не толькі сімвалам працы і клопату пра сям'ю, але і меў ахоўную функцыю!

Дзеці з захапленнем сачылі за дэфіле, дзе старэйшыя дзяўчаты паказалі, як элегантна насілі хусткі, натхняючыся модай Клічаўшчыны, а таксама як іх завязвалі падчас сенакосу і ў калядных абрадах.

Вучні даведаліся пра склад традыцыйнага строю, пачулі новыя для сябе словы, такія як “фальбонка”, “карункі”, “андарак” і “намітка”.

Іх зачаравалі і легенда пра “невідзімцаў”, і традыцыі паводзін у лесе, і відэа пра сенакос.

Чаму гэта важна? Менавіта праз дзяцей мы захоўваем нашу самабытнасць: калі яны цікавяцца, памятаюць і шануюць традыцыі – спадчына жыве! Вельмі прыемна бачыць, што ў школе працуюць такія неабыякавыя людзі, як Анастасія Карпава, якія з любоўю і адказнасцю ставяцца да захавання нашых культурных традыцый. Няма сумневу, што школьнікі з Нясяцкай сярэдняй школы будуць з зацікаўленасцю вывучаць і шанаваць спадчыну продкаў! 

Жанна АЧЫНОВІЧ, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва
Цэнтралізавана
й клубнай сістэмай Клічаўскага раёна