Прымнажаючы таленты

Апублiкавана: 14 снежня 2025 Стужка Традыцыі Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Да 30-годдзя цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага былі зладжаны дзве выставы.

 

СЛАВУТАСЦЬ ВОБЛАСЦІ

Маладзечна па праве лічыцца адным з самых адметных гарадоў у культурным і мастацкім жыцці сталічнага рэгіёна. Тут праходзіць багата фестываляў, конкурсаў, канцэртаў і выстаў не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню.

Самая славутая навучальная ўстанова вобласці — мясцовы музычны каледж, які на працягу больш як 65 гадоў займае перадавыя пазіцыі. Заснаванне цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” прымножыла колькасць маладых талентаў, якія імкнуцца рэалізаваць патэнцыял у традыцыйных выцінанцы, саломапляценні, разьбе па дрэве і тэкстылі. Штогод навучэнцы ствараюць дзясяткі выдатных работ, прысвечаных гісторыі і культуры нашай краіны.

Цыклавая камісія дзейнічае з 1995-га, і асноўная мэта яе студэнтаў — вывучэнне і асэнсаванне народнай спадчыны, культуры і звычаяў Беларусі. Акрамя выкладання малюнка, жывапісу, кампазіцыі, колеразнаўства, пластычнай анатоміі, камп’ютарнай графікі ды іншых прадметаў, ідзе вялікая работа па развіцці выцінанкі, саломапляцення, аплікацыі з саломкі, разьбы. Педагогі падрыхтавалі і выпусцілі больш за 330 спецыялістаў, многія з якіх атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць у гарадскіх і раённых мастацкіх школах альбо ў дамах творчасці.

 

ГОДНЫ ЎЗРОВЕНЬ

У скарбніцы ведаў абсталяваны класы-майстэрні, выставачная зала, што існуе з 1998 года, і мастацкая галерэя, адкрытая ў 2022-м, якая дазваляе паказаць публіцы дасягненні навучэнцаў і выкладчыкаў. Каледж асабліва ганарыцпа, што значная частка педагогаў — яго былыя падапечныя. Прайшоўшы шлях станаўленння, гэтыя адмыслоўцы вярнуліся ў родныя сцены, каб перадаваць вопыт новым пакаленням. Так, з 2006-га цыклавую камісію ўзначальвае прадстаўніца яе першага выпуску, народны майстар Людміла Валковіч-Борыс.

Першую выставу, прымеркаваную да 30-годдзя камісіі, правялі ў маі ў маладзечанскім Палацы культуры. Былі прэзентаваны здабыткі выкладчыкаў, а творы навучэнцаў цяпер дабраліся і да сталічных пляцовак.

Экспазіцыю “Беларусь самабытная” разгарнулі ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Тут можна было пабачыць работы выхаванцаў каледжа, выкананыя ў тэхніках выцінанкі, саломапляцення і аплікацыі з саломкі, эксперыментальнага тэкстылю і разьбы па дрэве, — адлюстраваны народныя святы і традыцыі, сімволіка і арнамент, жывёльны і раслінны свет краіны.

На цырымоніі адкрыцця праекта з вітальнымі словамі выступілі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Дзмітрый Раўба і дырэктар бібліятэкі Наталля Вашчыла. Аб сваім стаўленні да творчасці маладых талентаў таксама распавялі дырэктар каледжа Вераніка Венгерская, дызайнер і даследчык беларускай народнай культуры Эліна Шындлер, старшыня і выкладчыкі цыклавой камісіі Людміла Валковіч-Борыс, Лізавета Чырвонцава, Андрэй Гамолка.

 

МАСТАЦКІ ПОГЛЯД

Прамоўцы адзначылі высокі ўзровень прадстаўленых прац, пагадзіўшыся, што падтрымка і навучанне маладых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — прыярытэтная задача ў галіне захавання і развіцця культурнай спадчыны Беларусі. Цырымонію суправаджала выступленне студэнтаў каледжа — струннага квартэта “Амелія”.

Яшчэ адна экспазіцыя дэманстравалася ў галерэі “Універсітэт культуры”. Тут можна было пазнаёміцца з дасягненнямі педагогаў — Людмілы Валковіч-Борыс і Лізаветы ды Наталлі Чырвонцавых, а таксама з вучэбнымі і дыпломнымі работамі студэнтаў.

Як сказала падчас урачыстага адкрыцця начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька, выстава — сведчанне доўгага творчага шляху і высокай якасці не толькі падрыхтоўкі, але і мастацкага погляду выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў каледжа на нашу гісторыю і культуру.

Антон РУДАК. Фота аўтара