Як ствараецца новае беларускае кіно? На гэтае ды іншыя пытанні адказала здымачная група карціны “Пераломны момант”. Абмеркаванне свежай стужкі вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” праходзіла ў прэс-клубе “Культура і Мастацтва”.

Рэжысёр Дзмітрый Сарока, другі рэжысёр Соф’я Таранік, акцёры Дзяніс Серыкаў, Назар Рэут і Раман Навумовіч распавялі пра тое, што засталося за кадрам, — пра тытанічную працу і моцнае жаданне даказаць: беларускае кіно можа быць канкурэнтаздольным.
— Фільм ствараўся ў экстрэмальныя тэрміны, — з ходу заявіў Дзмітрый Сарока, які спяшаўся на чарговае тэлеінтэрв’ю. — На ўвесь працэс адводзілася 10 месяцаў, і гэта з улікам працэдур дзяржзакупак. Практычна ў нас было пяць месяцаў на ўсё пра ўсё.
Цэйтнот пераследваў каманду да самага апошняга моманту. Нават версія, паказаная на кінафестывалі “Лістапад”, са слоў рэжысёра, была “састарэлай” у параўнанні з фінальным прадуктам. Праўкі ў колеракарэкцыю, мантаж і гук уносіліся літаральна напярэдадні адпраўкі копій у кінатэатры.

Яскравым прыкладам напружаннасці графіку стала праца над гукам. На саўндпрадакшан звычайна даецца тры месяцы. У здымачнай групы “Пераломнага моманту” быў адзін, нават менш. Каб паспець, прыйшлося ісці на ахвяры.
— Гукарэжысёр можа працаваць пры звядзенні панарамы 5.1 максімум 5 гадзін у дзень. А ён вашаваў па 15 гадзін штодня, — распавёў лідар каманды. І гэта толькі адзін эпізод з агульнай карціны, дзе кожны, па выражэнні Дзмітрыя Сарокі, “паклаў здароўе” дзеля выніку.
Галоўным стымулам было жаданне зламаць стэрэатып пра беларускае кіно. Асноўны ўпор — на візуальны складнік. Рэжысёр прама заявіў аб сваёй звышзадачы: зрабіць прадукт, які мог бы канкурыраваць з міжнароднымі праектамі. Гэты амбіцыйны падыход падтрымала кіраўніцтва кінастудыі і Міністэрства культуры.
— Было б лягчэй наняць расійскія каманды, як гэта рабілася доўгія гады. Але Міністэрства культуры паверыла ў нас. Дало магчымасць паказаць, на што здольныя беларусы, — падкрэсліў Дзмітрый Сарока.
Гэтую думку развіла Соф’я Таранік:
— Можна лічыць, пачалася новая эра “Беларусьфільма”. І адна з мэтаў — даказаць, што мы можам здымаць вельмі-вельмі добра. Не горш, чым у Расіі, не горш, чым за мяжой... Многія з нас паспяхова працавалі ў камерцыйных праектах. Але тут іншае, мы паказваем сваю краіну, твар дзяржавы. І вынік нашай працы павінен адпавядаць гэтаму найвышэйшаму ўзроўню.

Што датычыцца працы з акцёрамі, то на пляцоўцы панавала атмасфера творчай свабоды. Дзмітрый Сарока заахвочваў імправізацыю і сумесны пошук найлепшых рашэнняў.
Дзяніс Серыкаў і Назар Рэут распавялі, як самі прыдумлялі жарты і паводніцкія дэталі для сваіх персанажаў. Сярод прыкладаў — сцэна ў машыне, дзе герой Ярык кладзе галаву на плячо таварыша. Гэтага моманту ў сцэнары не было — яго прапанавалі акцёры, і рэжысёр ухваліў. Атрымалася смешна. Соф’я Таранік ацаніла такі падыход:
—Не на ўсіх праектах удаецца працаваць з рэжысёрам у такім ключы. А тут было шырокае поле, дзе можна ўдасканаліць сваю ролю. Складанай задачай для акцёраў стала неабходнасць праўдападобна паказаць акадэмічнае веславанне. Хлопцы два месяцы інтэнсіўна трэніраваліся, спасцігаючы тонкасці элітарнага спорту.
— Было сташна перакуліцца, — усміхнуўся Назар Рэут. А Соф’я Таранік дадала, што лодкі — “далікатныя рэчы”, і за час здымак некалькі было “цяжка параненыя”.
Але вынік таго варты: у фінальных сцэнах спаборніцтваў, па словах другога рэжысёра, “нашы акцёры не адрозніваюцца ад майстроў спорту, якія сядзяць побач у лодках”.

Моцная аператарская праца ў фільме стала вынікам супрацоўніцтва з вядомым аператарам-пастаноўшчыкам Сцяпанам Макоўскім, якога рэжысёру з цяжкасцю ўдалося ўгаварыць паўдзельнічаць у праекце.
У фільме гучаць дзве песні расійскай выканаўцы “летяга”, два трэкі ад беларускага індзі-гурта “Барысаўскі тракт” і спецыяльна напісаная для карціны кампазіцыя Аляксея Крыўдзіна, прэм’ера якой адбылася адначасова з выхадам фільма. Галоўнае, што вынеслі з гэтага напружанага праекта яго стваральнікі, — упэўненасць у сваіх сілах і надзею, што іх працу ацэняць.

— Наша каманда цалкам беларуская, маладая, сярэдні ўзрост — 30 гадоў, — акцэнтуе Дзмітрый Сарока. — Мы аддалі ўсе сілы дзеля таго, каб здзівіць гледачоў. Не для крытыкаў, не для саміх сябе, а для гледачоў! Каб даказаць, што айчыннае кіно можа быць сучасным, актуальным.
“Пераломны момант” — гэта не толькі гісторыя пра спорт і сяброўства, паказаная на экране. Гэта яшчэ і сведчанне “пераломнага моманту” ў айчынным кінематографе: маладая каманда здолела кінуць выклік стэрэатыпам і заявіць аб нараджэнні новай, смелай і сучаснай кінамовы.
Віктар ГАЎРЫШ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і Ангеліны САРОКІ