Зберагаючы і прымнажаючы

Апублiкавана: 10 снежня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: Аўтары

Пытанні захавання спадчыны абмеркавалі на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 10 снежня.

 

Мерапрыемства было прысвечана стану работ на знакавых гісторыка-культурных помніках. Таксама разглядаліся міжнароднае супрацоўніцтва і выкананне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы — капітальны рамонт на аб’ектах культуры, што фінансуецца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Міністр культуры Руслан Чарнецкі, акрэсліўшы галоўныя пытанні, звярнуў увагу на істотную падзею, якая здарылася напярэдадні. Падчас 20-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў НьюДэлі 9 снежня было прынята рашэнне аб уключэнні ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, неглюбскай тэкстыльнай традыцыі Веткаўскага раёна.

Яна сфарміравалася ў XVII стагоддзі і ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’ера з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі. Неглюбскія ручнікі адрозніваюцца складанай паліхромнай га­май і разнастайнасцю арнаментаў.

Уключэнне гэтага элемента ў спіс ЮНЕСКА — вынік сумесных намаганняў супольнасці неглюбскіх майстроў, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, Мі­ністэрства замежных спраў, Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Асноўным дакладчыкам на пасяджэнні стала начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ірына Дашчынская, якая распавяла аб стане работы на знакавых аб’ектах і аб міжнародным супрацоўніцтве.

Таксама па пытаннях з парадку дня выступіў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльнатэхнічнага забеспячэння Мікіта Чэшун.

Начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Наталля Вярэніч расказала аб прынятых мерах па забеспячэнні своечасовага і поўнага ажыццяўлення адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая непасрэдна ўплывае на гісторыка-культурныя каштоўнасці альбо зоны іх аховы ў Мінску.

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч і дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў Кулакевіч паведамілі аб падрыхтоўцы намінацыйных дасье аб’ектаў нематэрыяльнай і матэрыяльнай (культурнай ды прыроднай) спадчыны ЮНЕСКА.

Напрыканцы пасяджэння дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Каркатадзэ выступіў з дакладам аб капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі пабудоў цытадэлі па лініі Саюзнай дзяржавы і аб падрыхтоўцы новага сумеснага праекта на 2026—2029 гады.

kultura-info.by