Сярод сівых легендаў старадаўняга горада ўжо 35 гадоў жыве “Чарніца” — ансамбль, шматгалоссе якога ўпрыгожвае і рэгіянальныя, і міжнародныя святы. І незалежна ад маштабу сцэны ў кожным выступленні гурта адчуваецца сапраўдная душа народнай музыкі.

ВОДГУК СТАГОДДЗЯЎ
Ансамбль народнай песні “Чарніца” заснаваны ў 1989-м у Заслаўскім гарадскім доме культуры, філіяле Мінскага раённага цэнтра культуры. Ужо праз пяць гадоў калектыў атрымаў ганаровае зван- не народнага. За час існавання змяняліся кіраўнікі і пакаленні ўдзельнікаў, але кожны новы этап прыносіў сваю інтанацыю і непаўторны акцэнт.
У 2012-м гурт узначаліла Ірына Лебедзева — выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “народная творчасць (харавая музыка)”. Ірына Антонаўна не толькі падхапіла традыцыі папярэднікаў, але і падарыла “Чарніцы” новае дыханне, дадаўшы элементы тэатралізацыі, падкрэсленую лірычнасць сцэнічнага вобраза, далікатнае стаўленне да аўтэнтыкі і адначасова — смелыя інтэрпрэтацыйныя рашэнні.
Імя ансамбля пайшло ад назвы мясцовай ракі, цёмнай з-за тарфяных вод. Паводле паданняў, сама рака звязана з князёўнай Рагнедай, якая прыняла ў Заслаўі манаскі пострыг пад імем Анастасія. А чарніцамі ў старажытнасці называлі манашак у чорным адзенні.
— У горадзе слова “чарніца” вядомае ўсім. Яно — частка нашай ментальнай карты. Калі выходзім на сцэну, здаецца, што спяваем ад імя самой зямлі. І гэтая сувязь для нас неверагодна важная, — падкрэслівае Ірына Лебедзева.
МУЗЫКА БЕЗ МЕЖ
Зараз у калектыве — 12 выканаўцаў. Гэта людзі з самых розных сфер: выхавальнік дзіцячага сада, бібліятэкар, бухгалтар, зваршчык, кладаўшчык. Для большасці творчасць не звязана з прафесіяй, але стала істотнай часткай жыцця.
— Самай маладой удзельніцы — 31, старэйшай — 57. Але народная песня лёгка сцірае ўсе межы, застаецца толькі адзіны рытм, які нас злучае, — адзначае кіраўнік.
Рэпертуар грунтуецца на беларускім фальклоры, славянскіх мелодыях і аўтарскіх аранжыроўках. Але “Чарніца” шукае новыя формы і не спыняецца на традыцыйным шматгалоссі.
НЕШАБЛОННЫЯ ПРЫЁМЫ
— Ствараем нумары як маленькія спектаклі. У пастаноўках выкарыстоўваем нестандартныя харэаграфічныя прыёмы і абавязкова — жывы беларускі гумар. Публіка не толькі слухае — яна бачыць гісторыю, — тлумачыць Ірына Антонаўна.
І ў гэтым — сіла артыстаў: яны не проста дакранаюцца да спадчыны, а асцярожна перакладаюць яе на мову сучаснай сцэны.

ТЭРАПІЯ АДЗІНСТВАМ
У “Чарніцы” даўно склалася традыцыя — няпісаная, але вельмі жывая.
— Кожная рэпетыцыя пачынаецца з размовы. Усе прыходзяць пасля працы, таму адразу трэба адпусціць напружанне — выказацца, пасмяяцца, падзяліцца радасцямі ці клопатамі. І потым мы пачынаем спяваць. Песня — найлепшы антыстрэс. Дапамагае без выключэнняў, — распавядае Ірына Лебедзева.
Сяброўства не абмяжоўваецца сцэнай. Дні нараджэння, чаяванні, паездкі ў госці — усё гэта, паводле слоў кіраўніка, адыгрывае не менш важную ролю, чым рэпетыцыі.
— Менавіта ў такія моманты нараджаецца сапраўднае адчуванне адзінства, тое, што робіць нас не проста ансамблем, а сям’ёй, — падкрэслівае Ірына Антонаўна.
НА ХВАЛІ ЎЗРУШЭННЯ
Сёлетні творчы сезон для “Чарніцы” — асабліва насычаны. За некалькі месяцаў гурт даў больш за 80 канцэртаў па ўсёй краіне і прадставіў Беларусь на ХХХI фальклорным фестывалі ў Гарыхоўцах (Славакія), адкуль прывёз новую песню. Сярод найбольш значных падзей — перамога ў ІІ Міжнародным конкурсе народных выканаўчых мастацтваў “Душа народная” ў Мінску. Ірына Лебедзева гаворыць пра дасягненне сціпла, але з радасцю:
— Гран-пры для нас — сапраўднае ўзрушэнне. Гэта першая ўзнагарода такога ўзроўню, і яна адкрыла шлях на галаканцэрт “Душэўнага фестывалю” — на адну сцэну з тымі, каго раней мы бачылі толькі на экране тэлевізара: “Буранаўскімі бабулямі”, Марынай Дзявятавай, Ленай Васілёк. Стаяць побач з імі — неверагодны гонар.
Цёплым момантам было і выступленне ў пачатку лістапада на малдаўска-беларускім свяце “Вянок сяброўства”. Падчас імпрэзы арганізатары прадставілі калектыў як “душа Заслаўя” — і гэта моцна адгукнулася ўдзельнікам “Чарніцы”.
— Было настолькі кранальна, што словамі не перадаць. Такія хвіліны застаюцца ў памяці назаўжды. І мы зробім усё, каб апраўдаць высокае званне, — кажа Ірына Антонаўна.
КРОК ДА БУДУЧЫНІ
Ансамбль абнаўляе сцэнічныя строі і актыўна працуе над рэпертуарам: працягвае студыйны запіс і рыхтуе да выхаду ўласны дыск. Усё гэта — крокі да таго, каб народная песня гучала сучасна і жыла далей.
— Планаў шмат — яны рухаюцца, разрастаюцца, прыходзяць свежыя ідэі. І мы ўпэўнены: народная песня — не архаіка. Гэта жывая энергія, дыханне зямлі. Фальклор заўсёды адклікнецца людзям, калі выконваць яго шчыра і з любоўю.
“Чарніца” нясе душу свайго горада, захоўвае і перадае тое, што стварае сувязь паміж пакаленнямі. І пакуль гучаць галасы ансамбля, народная песня працягне жыць — у залах, у сэрцах і ў будучыні.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву