Скарбы Нясвіжа. Выпуск 10

Навошта ехаць у Romantic, як Нясвіж зрабіў імя мастаку і хто быў “коранем” ардынацыі? Адказы — у нашым культурна-турыстычным алфавіце.

ЭКАЛАГІЧНЫ ТУРЫЗМ

Экатурызм у Нясвіжы — гэта магчымасць атрымаць асалоду ад гармоніі з прыродай і паглыбіцца ў гісторыю!

На ўтульнай закрытай тэрыторыі побач з велічным палацава-паркавым ансамблем знаходзіцца катэдж Romantic. Комплекс разлічаны на кампанію да шасці гасцей і ўладкаваны так, каб кожны змог адчуць сябе як дома.

З густам аформлены два светлыя пакоі для адпачынку, усім неабходным абсталяваны кухня і іншыя памяшканні.

Прыемная абстаноўка дапаўняецца драўлянымі і тэкстыльнымі дэталямі інтэр’ера, які вытрыманы ў мятна-бэжава-бірузовых тонах з ноткамі стылю праванс. А печ дадае цяпла і ўтульнасці ў прахалодныя вечар.

На тэрыторыі — бясплатная паркоўка, Wi-Fi, альтанка і зона барбекю.

А яшчэ тут можна сказаць адзін аднаму “Лёгкі дух!”: ёсць лазня, якую ахвочыя арандуюць асобна. Дзякуючы блізкасці катэджа да Нясвіжскага замка можна ўбачыць жамчужыну архітэктуры і ў промнях світальнага сонца, і на яго захадзе, і нават ноччу — цягам неверагодна захапляльнай, поўнай таямніц і загадак экскурсіі ў палацы Радзівілаў.

Катэдж Romantic ідэальны для тых, хто хоча адпачыць без лішняга шуму і дакучлівай актыўнасці, падыхаць свежым паветрам і правесці час у адной з самых цікавых гістарычных мясцін Беларусі!

Адрас: аг. Заазер’е, вул. Азёрная, 11. Тэлефон: 8 029 7663288

 

ЮЛЬЯН ФАЛАТ

Юльян Фалат (1853—1929) — выбітны мастак-акварэліст, прадстаўнік рэалізму і пейзажнага імпрэсіянізму.

Знамянальнай датай у творчасці аўтара стала 13 лютага 1886 года, калі мастак па запрашэнні Антонія Радзівіла прыбыў у Нясвіж. Фалат мусіў адлюстраваць паляванне — князь зладзіў яго для Вільгельма Прускага, што гасцяваў у маёнтку. Хвалебныя водгукі аб карцінах майстра разнесліся па свеце.

З гэтага моманту паляўнічая тэма ў жывапісе, якая раней асацыіравалася з Косакам і Хелмонскім, набыла новага карыфея.

— Юльяна Фалата з Нясвіжам звязывае шмат чаго. На працягу доўгага часу, пакуль стваралася знакамітая паляўнічая серыя, мастак жыў у замку, а ў будучыні яго палотны лічыліся неад’емнай часткай маёмасці нясвіжскай ардынацыі, — заўважае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў.

 

ЯН РАДЗІВІЛ БАРАДАТЫ

— Ян Радзівіл Барадаты стаў коранем, ад якога пайшлі знакамітыя ўсёй Еўропе князі на Нясвіжы і Алыцы ды не менш знакамітыя замкі і ардынацыі роду, — падкрэслівае Сяргей Чысцякоў. — З нашчадкамі гэтай асобы звязана ўзнікненне першых на тэрыторыі Беларусі друкарняў у Брэсце і Нясвіжы, шкляных мануфактур у Налібаках і ва Урэччы, выраб тканых паясоў у Слуцку, фарміраванне найбуйнейшых бібліятэчна-архіўных збораў, дзейнасць тэатраў у Нясвіжы і Слуцку.

Ян Радзівіл нарадзіўся ў 1474-м. У юнацтве пачаў адрошчваць бараду, з-за чаго і атрымаў сваю мянушку. Паходжанне (ён быў адным з трох сыноў Мікалая Радзівіла Старога) і таленты, а таксама знаёмствы забяспечылі гэтаму чалавеку яшчэ ў даволі маладым узросце адметнае месца сярод эліты. Так, 18-гадовы Ян прысутнічаў у Віленскім саборы на каранацыі каралевіча Аляксандра ўу 1492 годзе, а потым стаў адным з галоўных паплечнікаў новага вялікага князя.

У Яна Барадатага былі выбітныя здольнасці дыпламата. Гэта ён, 21-гадовы хлопец, ездзіў у Маскву, каб пасватаць за Аляксандра дачку маскоўскага ўладара і адначасова вырашыць важныя палітычныя пытанні, з чым бліскуча справіўся. Наладжваў і стасункі з Польскім каралеўствам. Але пільна сачыў, каб інтарэсы яго радзімы не былі парушаны і саюз з суседняй дзяржавай не ператварыўся ў дамінаванне польскага боку.

У альбоме радзівілаўскіх партрэтаў, выдадзеным у 1758-м у Нясвіжы, пад выявай Яна ІІ Барадатага расказваецца, што ён у 1506-м біўся з крымскімі татарамі падчас Клецкай бітвы на рацэ Лань. Паводле сямейнай хронікі, толькі дзякуючы трапнаму агню артылерыі, якой камандаваў князь, і яго мужнасці удалося не проста адагнаць непрыяцеля — упершыню ў гісторыі наша войска здабыло поўную перамогу над татарамі! Быў вернуты ўвесь палон і захоплена багатая здабыча. Клецкі трыумф — не апошні ў ваеннай кар’еры Яна Барадатага.

Што тычыцца асабістага жыцця князя, ён быў жанаты некалькі разоў — пакуль смерць не разлучала з каханымі жанчынамі. Шлюб з Альжбетай Гаштольд працягнуўся 10 шчаслівых гадоў, у ім з’явілася пяцёра дзяцей, але ўсе сканалі малымі. Багдана Лукомская падарыла мужу дзвюх дачок. А ў 1515-м Ян Барадаты нарэшце дачакаўся наследніка: Ганна Кішка нарадзіла сына, якога назвалі Мікалаем (у будучыні — Мікалай Чорны).

У канцы 1520-х над родам Радзівілаў нібы навісла бяда: адзін за адным нечакана сыходзілі з жыцця яго прадстаўнікі. Падчас пахаванняў усё часцей гучалі размовы пра магчымыя атручванні, не раз згадвалася імя Боны Сфорцы. Хітрая і помслівая каралева марыла пра неабмежаваную ўладу…

У 1522 раптоўнае нездароўе напаткала і Яна Барадатага. Заснавальнік нясвіжскай галіны Радзівілаў пайшоў з жыцця не дасягнуўшы 50-годдзя.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва ўстановы