Фінальны акорд ХХХI Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад” прагучыць сёння ўвечары ў кінатэатры “Масква”. Якім нам запомніцца сёлетні форум? Пройдземся па ключавых момантах святочнага тыдня.

“Гісторыя, што змяняе погляд” — пад такім слоганам разгарнуўся ў беларускай сталіцы 31 кастрычніка “Лістапад”.

Абноўлены, але, як заўсёды, гасцінны і ветлівы, ён знітаваў 41 краіну і прэзентаваў звыш 150 карцін з Венесуэлы, Францыі, Індыі, Ірана, Казахстана, Расіі, іншых дзяржаў.
ПЕРШЫЯ ІМГНЕННІ

Старт фестывалю далі ў Палацы Рэспублікі, куды прыбылі самыя яркія зоркі айчыннай і замежнай кінаіндустрыі, а таксама творцы, якія толькі пачынаюць шлях. Усіх іх пад бурныя апладысменты прадставілі на чырвонай дарожцы. У прыемным чаканні адкрыцця госці знаёміліся з інтэрактыўнай экспазіцыяй Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”: шэсць імправізаваных здымачных пляцовак дэманстравалі сучасныя дасягненні айчыннага кіно.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў разыгрывалі сцэны з карцін “Класная” і “Кіношнікі” Кірыла Халецкага, “Час вярнуцца” Івана Паўлава, “Ліст чакання” Аляксандра Яфрэмава, “Пераломны момант” Дзмітрыя Сарокі і “Чорны замак” Кірыла Кузіна.

— Імкнуліся паказаць гледачам кінапрацэс знутры: камеры, рэйкі, святло, прыборы. Тое, што звычайна ўтоена ад пабочных вачэй, — раскрыў дэталі праекта міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі.
ВЫСОКІ СТАРТ

На пачатку святочнай шоу-праграмы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю Наталля Пяткевіч зачытала віншаванне Кіраўніка дзяржавы.
— Найбуйнейшы восеньскі форум з’яўляецца знакавай маштабнай падзеяй, месцам сяброўскіх сустрэч, дзе пануюць прыгажосць і высокае мастацтва. Разнастайныя фестывальныя праграмы і творчыя праекты адкрываюць шырокія магчымасці для культурнага дыялогу паміж краінамі, аб’ядноўваюць мэтраў і аматараў кінематографа, натхняюць на пошук новых ідэй і вобразаў.
Упэўнены, што сёлетняе мерапрыемства прадоўжыць свае найлепшыя традыцыі, дазволіць пазнаёміцца са значнымі кінапрэм’ерамі года і чарговы раз узрушыць душы прыхільнікаў, — гаворыцца ў адрасе.
Спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” Наталля Уладзіміраўна ўручыла народнаму артысту Расіі Дзмітрыю Пяўцову.

— Служу беларуска-расійскаму мастацтву, — сказаў Дзмітрый Анатольевіч. Ён таксама выканаў легендарныя кампазіцыі “Ты мяне на світанні разбудзіш…” з рок-оперы “Юнона і Авось” ды “Горад, якога няма” Ігара Карнелюка.

Ганаровую місію разбіць фестывальную талерку даверылі народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву. Аскепкі разляцеліся пад гучныя апладысменты — “Лістапад” афіцыйна стартаваў.
Распачала яго айчынная спартыўная драма “Пераломны момант”.
МАЦНЕЕ ПОВЯЗЬ
Сеансы ў межах форуму ладзіліся цягам тыдня ў найстарэйшых кінатэатрах сталіцы. Шмат падзей было ў “Перамозе”, дзе па традыцыі разгарнуліся Дні нацыянальнага кіно.
— Летась падчас Дня кінематаграфіі Расіі беларускія гледачы пазнаёміліся з творчасцю самабытных якуцкіх рэжысёраў. Сёлета прадстаўлены тры новыя карціны. Мы ўдзячныя калегам за такую цудоўную праграму, — адзначыла начальнік аддзела між народнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Вікторыя Ратабыльская. — Сімвалічна, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі паказаны фільм “Група крыві”, які расказвае пра трагедыю малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Для нашага народа гэта святая тэма.
Кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі Юрый Макушын падкрэсліў, што Дзень кінематаграфіі Расіі прымеркаваны да Дня народнага адзінства, які ў краіне-суседцы адзначаецца 4 лістапада. Гэта вельмі сімвалічна: і расійскае, і беларускае кіно выраслі з савецкага.

Плённа прайшоў Дзень кінематаграфіі Узбекістана, у рамках якога прэзентавалі стужку “У пагоні за вясной” Аюба Шахабідзінава.
— Мы актыўна аднаўляем сувязі паміж народамі і стараемся больш даведвацца адны пра другіх. І кіно — добры памочнік у гэтай справе, — заўважыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Беларусі Рахматула Назараў. Сімвалічна, што свята ўзбекскага кіно супала з Днямі беларускай культуры ў Ташкенце.

— Нашы кантакты ў культурнай сферы мацнеюць, — адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга. — Спадзяюся, гэты вечар стане чарговай жамчужынай у каралях беларуска-ўзбекскага сяброўства.
ВЕКТАРЫ РАЗВІЦЦЯ
“Лістапад” атрымаўся багатым не толькі на фільмы, але і на дзелавыя сустрэчы. У чарговы раз ён паслужыў прасторай, спрыяльнай для абмеркавання далейшага шляху айчыннага кіно і наладжвання кантактаў. Так, круглы стол Саюзнай дзяржавы “Дыялог пакаленняў: прафесійны погляд на развіццё кінаіндустрыі” прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Да мерапрыемства далучыліся кіраўнікі вядучых студый, слынныя дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі кінагаліны абедзвюх краін.

Сярод тэм, якія разгледзелі мэтры, — трансфармацыя кінаіндустрыі за апошнія дзесяцігоддзі, асаблівасці нацыянальнай мастацкай мовы, эфектыўнасць механізмаў дзяржаўнай падтрымкі для развіцця сумесных творчых праектаў і роля штучнага інтэлекту ў сучасным кінематографе. Значную ўвагу ўдзялілі настаўніцтву і арганізацыі спрыяльнага асяроддзя для смелых эксперыментаў моладзі.
Яшчэ адна дыялогавая пляцоўка разгарнулася ў Выканкаме СНД, дзе і абмеркавалі ролю кіно ў фарміраванні агуль най культурнай прасторы Садружнасці.
— Кінамастацтва дапамагае не толькі не забываць мінулае, але і праектаваць сумесную будучыню. У нашых краін шмат агульнага: гісторыя, памяць, каштоўнасці. Але галоўнае — вера ў сілу кінематаграфіі, — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч. — Кіно — універсальная мова, здольная ўмацоўваць давер і натхняць на сумесную справу.
Яўген Мікалаевіч таксама адзначыў, што ў айчыннага кінамастацтва сёння новы вектар развіцця. Гэта прыкметна ў фільмах маладых рэжысёраў Кірыла Халецкага і Дзмітрыя Сарокі “Класная” і “Пераломны момант”.
ЗАЧЫН НА БУДУЧЫНЮ
Даведацца аб тонкасцях кінасправы з першых вуснаў — такі падарунак кожны год робіць моладзі “Лістапад”. Сёлета штодзень праходзілі адукацыйныя і творчыя сустрэчы для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вопытам з пачаткоўцамі падзяліліся генеральны дырэктар і старшыня праўлення канцэрна “Масфільм” народны артыст Расіі Карэн Шахназараў, вядомыя рэжысёры Філіп Коршунаў, Уладзімір Граматыкаў, Біджукумар Дамадаран, Фабіа Маса ды іншыя.

Сярод тэм, якія гучалі на “ўроках”, — сучаснае кіно і акцёрскае майстэрства, асаблівасці стварэння культавых карцін, закуліссе здымак, пошук праўды, выразнасці і душы ў кадры, прафесійныя рэжысёрскія прыёмы.

НЯПРОСТЫ ВЫБАР
Ужо ёсць першыя вынікі фестывалю: на конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” лідарам стала чарнагорская карціна “Планета 7693” (рэжысёр Гойка Беркулян). Стужка атрымала таксама дыпломы “За найлепшую рэжысуру”, “За найлепшую аператарскую работу”. Галоўная інтрыга сённяшняга вечара — уладальнік гран-пры і пераможцы сямі конкурсаў — хутка будзе раскрыта. Заставайцеся з намі. Самыя свежыя навіны— у нашым Telegram-канале.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з Тэлеграм-канала фестывалю