На гэтым тыдні Магілёў ператварыўся ў сталіцу мультыплікацыі. З 24 па 26 верасня тут праходзіць ХХVІІІ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”.

МАШТАБНА!
Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам і Магілёўскае абласное ВУП “Кінавідэапракат”. Сёлета статыстыка фэсту б’е рэкорды: на ўдзел пададзена 715 заявак з 78 краін. Для параўнання: летась было прадстаўлена 317 фільмаў з 47 дзяржаў.
— На самой справе лічбы значна большыя: 715 — гэта толькі на конкурс анімацыйных фільмаў, а яшчэ на конкурсы анімацыйнай творчасці — 206. Значыць, усяго 921! Такога не было ні ў адзін фестывальны год, — заўважае намеснік дырэктара “Кінавідэапраката” Аксана Губарэвіч.
Дарэчы, у 2024-м таксама адзначалі павелічэнне колькасці ўдзельнікаў 27-га фестывалю ў параўнанні з 26-м удвая. Яшчэ перад пачаткам фестывалю экспертная камісія, у склад якой увайшлі кінакрытык, гісторык анімацыі Павел Шведаў (Масква), рэжысёр-аніматар Дыльшат Рахматулін (Алматы) і кінарэжысёр студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” Канстанцін Андрушачкін, завяршыла работу па адборы фільмаў да ўдзелу ў фінале. Такім чынам, у старэйшай узроставай групе рэжысёраў у конкурсным паказе спаборнічаюць 86 работ, у намінацыі дзіцячай анімацыйнай творчасці — 92.
Традыцыйна вялікую колькасць конкурсных работ прадставілі Беларусь (17 фільмаў у дарослай намінацыі і 20 — ва ўзроставай групе да 17 гадоў) і Расія (20 і 24 работы адпаведна). Ды і ўвогуле геаграфія ўдзельнікаў значна пашырылася, сёлета да фестывалю далучыліся 12 краін з розных кантынентаў. Дарэчы, першы фестываль прайшоў у маі 1998 года ў Мінску. Для ўдзелу ў ім было заяўлена 12 работ беларускіх рэжысёраўаніматараў
РАЗНАСТАЙНА!
Галоўная традыцыйная падзея — конкурсныя праграмы. Іх тры: анімацыйных фільмаў — так званая дарослая намінацыя; дзіцячай анімацыйнай творчасці і конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Паказы праходзяць у кінатэатрах “Радзіма”, “Космас”, “Чырвоная зорка”, тут жа зладжаны выставы конкурсных работ. Па звестках журы, тэматыка надзвычай разнастайная. І юныя ўдзельнікі, і дарослыя закранулі заўсёды актуальныя тэмы сяброўства, кахання, узаемадапамогі, дабрыні. Беларускія аўтары не пакінулі па-за ўвагай тэму памяці герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тым нямала стужак з ноткамі гумару — лёгкіх і сонечных.

У пятніцу ўвечары адбудуцца дэманстрацыі фільмаў-пераможцаў. Мяркуецца, што па заканчэнні фестывалю найлепшыя стужкі ўбачыць шырокае кола гледачоў: карціны пусцяць у пракат у беларускіх і замежных кінатэатрах.
СВЯТОЧНА!
Прывітальны адрас удзельнікам і гасцям фестывалю накіраваў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. Цёплыя словы кіраўніка ведамства агучыла намеснік начальніка аддзела па кінематаграфіі міністэрства Крысціна Мельнікава.
— “Анімаёўка” — унікальная пляцоўка, дзе сустракаюцца таленавітыя аніматары з усяго свету, нараджаюцца новыя ідэі і ўвасабляюцца самыя смелыя творчыя задумы. Гэта свята для ўсіх, хто любіць і шануе анімацыю, бачыць у ёй не толькі забаўку, але і магутны інструмент пазнання свету, выразу самога сябе, — гаворыцца ў прыватнасці ў віншаванні.
ЯКАСНА!
У тры асобныя склады журы трох конкурсных праграм увайшлі прадстаўнікі розных краін свету. Так, анімацыйныя фільмы ацэньваюць прадстаўнікі Расійскай Федзерацыі, Рэспублікі Башкаркастан, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Ісламскай Рэспублікі Іран. Узначальвае гэту групу экспертаў мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільм” Алена Турава.
— Мы судзілі работы рэжысёраў сталых, тых, каму ўжо споўнілася 18 гадоў і маецца пэўны вопыт. Таму і патрабаванні да іх адпаведныя, — распавяла старшыня журы. — Большасць фільмаў мае даволі высокую якасць: яны глыбокія па змесце і дасканалыя па выкананні. Надзвычай цяжка назваць адну карціну ці нават дзясятак самых-самых: кожная з іх вартая ўвагі.
Увогуле расказваць пра стужкі не варта — іх трэба глядзець. І гэта насамрэч так. Фільмы, што ўжо давялося пабачыць прыхільнікам анімацыйнай творчасці, выклікаюць станоўчыя эмоцыі: светлыя, глыбокія, шчырыя карціны, у якіх дабро заўсёды перамагае зло.

Як адзначыла Алена Віктараўна, журы працаваць было няпроста: актыўна і эмацыянальна абмяркоўвалася кожная работа, хацелася падтрымаць кожнага аўтара і разам з тым вылучыць найлепшых.
ЦІКАВА!
Да работ малодшых удзельнікаў конкурсу прад’яўляліся не меншыя патрабаванні з боку журы, склад якога таксама аказаўся зорным. Гэта рэжысёр маскоўскай кінастудыі “Саюзмультфільм” Сяргей Струсоўскі, педагог кафедры анімацыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры Ксенія Данілеўская, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Ленкін, рэжысёр-аніматар, мастак-пастаноўшчык Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільма” Таццяна Нагорская, кіраўніца сербскай дзіцяча-юнацкай студыі анімацыі Злата Папоў.
Эксперты запэўніваюць: большасць прадстаўленых на конкурс работ выклікае цікавасць. Яны выкананы ў разнастайных тэхніках і з даволі высокім майстэрствам. Маляваныя, лялечныя, пластылінавыя — кожны фільм нясе адбітак нацыянальнай культуры той краіны, якую прадстаўляе ў гэтым спаборніцтве. Усяго 86 работ з 14 дзяржаў. “Акрамя Беларусі і Расіі, актыўна ўдзельнічаюць юныя мультыплікатары з Партугаліі і Харватыі, Аргенціны і Бельгіі. Гэта годныя стужкі, кожная са сваёй адмысловінкай”, — паведамілі ў аргкамітэце.
Спецыялісты лічаць: у міжнароднай, як, дарэчы, і айчыннай анімацыі растуць вартыя прадаўжальнікі лепшых традыцый якаснага мультыплікацыйнага кіно.
ВІРТУАЛЬНА!
Упершыню на “Анімаёўцы” прадстаўлены віртуальны праект — мультмаршрут “Наперад у мінулае”, які рэалізуе Мінскі дзяржаўны каледж імя А. Глебава. Ініцыятыву прэзентавалі ў кінатэатры “Радзіма”.
— Наведвальнікаў мы запрашаем у мультпадарожжа, — расказвае спецыяліст сектара выставачна-конкурснай дзейнасці мастацкага каледжа Анастасія Беланоўская. — З дапамогай VR-шлемаў можна прайсціся па пяці пунктах маршруту і пабываць у савецкіх мульціках. А на заканчэнне перанесціся ў наш час і наведаць апошнюю “станцыю” — анімацыйнадакументальны альманах “Мемарыялы Беларусі: Брэсцкая крэпасць”.
Гэта ўжо не казка, а мастацкая выява памяці, напамін пра стойкасць і гераізм, які нельга забываць. Віртуальная вандроўка пабудавана так, каб ад лёгкага апавядання прыйсці да глыбокага разважання. Пачынаецца ўсё з фантазій і цудаў, а завяршаецца вобразам крэпасці-героя, дзе лічбавая тэхналогія ператвараецца ў інструмент памяці.

ІНТЭРАКТЫЎНА!
Пагартаць старонкі гістарычнай памяці і прыгадаць гераічнае мінулае нашага народа дазволіла інтэрактыўная выстава “За дзень наступны ўсяе зямлі”, што разгарнулася падчас фестывальных дзён у фае кінатэатраў “Чырвоная зорка” і “Космас”.
— Праект створаны з выкарыстаннем сучасных тэхналогій: мы “ажывілі” жывапісныя палотны на ваенную тэматыку мастакоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — распавяла дырэктар рэдакцыйнавыдавецкай установы “Культура і Мастацтва” Наталля Кузняцова. — Назва “За дзень наступны ўсяе зямлі” не выпадковая. Гэта радок з верша народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, паэта-філосафа, уласнага карэспандэнта франтавых газет. Яна як мага лепш адлюстроўвае рэаліі цяперашняга часу. Сёння мы ўсе жадаем, каб наступны дзень быў мірным!
Пры дапамозе QR-кода запускацца прагляд мультымедыйнага дадатку, які ажыўляе створаную мастаком сцэну, паглыбляе маляўнічыя гарызонты і дапаўняе іх яркімі, прывабнымі акцэнтамі, рухам і гукам. Глядач пагружаецца ў прастору карціны і, узаемадзейнічаючы з героямі і аб’ектамі, успрымае вайну як частку ўласнага досведу.

Выстава, створаная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі, прыцягнула ўвагу як юных, так і дарослых гледачоў.
ЗАБАЎНА!
Усе тры фестывальныя дні аказаліся вельмі насычанымі: сустрэчы са знакамітымі аніматарамі, майстар-класы, выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі. Так, цёплай была творчая сустрэча з ганаровым кінематаграфістам Расіі Рымам Шарафутдзінавым з Уфы.
Цікавай для гледачоў і карыснай для юных мастакоў стала прэзентацыя стварэння фільма ад выкладчыка Animation school Таццяны Сіманавай (Расія — Кіпр) і маскоўскага рэжысёра Канстанціна Мураўёва.
Ды і ўвогуле шмат забавак знайшлося і для дарослых, і для дзяцей. Напрыклад, у рамках “Анімаёўкі” прайшла супер-фан-сустрэча аматараў мультыплікацыі з юным расійскім акцёрам Даніэлем Міньковым, голасам якога размаўляе ДзімДзімыч з упадабанага многімі мультсерыяла “Фіксікі”.
УРАЧЫСТА!
Імёны пераможцаў усіх трох конкурсаў назавуць сёння на ўрачыстай цырымоніі. Якія мультфільмы прызнаюць найлепшымі і каму дастанецца прыз глядацкіх сімпатый? Даведаемся неўзабаве. Тэрміновыя навіны і падрабязнасці “Анімаёўкі-2025” — на нашых інтэрнэт-рэсурсах.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА