Свята друкаванага слова, культуры і духоўнасці

Так Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў Дзень беларускага пісьменства ў віншаванні ўдзельнікам і гасцям форуму, які разгарнуўся 6—7 верасня ў Лідзе.

 

У ЦЫТАТАХ, У РАДКАХ

“Гэтая знакавая падзея зноў і зноў звяртае кожнага з нас да гістарычнай памяці і традыцый продкаў, спрадвечных чалавечых каштоўнасцей, якія ў тым ліку праз кнігу выхоўваюцца з маленства: добразычлівасць і імкненне да ведаў, павага да чалавека і яго працы, сумленнасць і любоў да Бацькаўшчыны”, — гаворыцца ў адрасе.

Прывітальныя словы Кіраўніка дзяржавы з галоўнай сцэны ХХХІІ Дня беларускага пісьменства агучыла першы намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч.

— Гэта свята не толькі пісьменства, але і ўвогуле беларускай культуры, нашай аўтэнтычнасці. Тут сабрана ўсё ў адным горадзе, на шматлікіх пляцоўках. І кожны чалавек — беларус альбо замежны госць — можа пазнаёміцца з нашай культурай, убачыць, наколькі яна прыгожая і шматгранная, — заявіў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі падчас наведвання ўрачыстасцей у Лідзе.

 

З УДЗЯЧНАСЦЮ ГЕРОЯМ

Тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі пранізала ўсе мерапрыемствы і пляцоўкі свята. У цырымоніі ўскладання вянкоў да Кургана Бессмяротнасці паўдзельнічалі кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі духавенства, дыпламатычных місій і грамадскіх аб’яднанняў. Курган Бессмяротнасці быў насыпаны зямлёй з месцаў знакавых баёў Вялікай Айчыннай: са Сталінграда, з Курскай дугі, Масквы, Севастопаля, Мінска, блакаднага Ленінграда, з магіл абаронцаў Ліды…

Хвіліна памяці — хвіліна маўчання пад адлік метранома.

Зброевы залп, гукі духавога аркестра і шмат кветак для тых, хто аддаў жыццё за мірную будучыню.

Ля Кургана Бессмяротнасці згадалі яшчэ адну важную дату — 17 верасня 1939 года. Выбухі гармат, стральба з кулямётаў, вогнішча: ваеннагістарычная рэканструкцыя перанесла гледачоў у час вызваленчага наступу Чырвонай арміі, у выніку якога ўз’ядналіся заходняя і ўсходняя часткі Беларусі.

 

НАШЧАДКІ СКАРЫНЫ

Сярод ключавых тэм сёлетняга свята — і 500-годдзе скарынаўскага “Апостала”. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца яго факсімільнае выданне. А ў Ліду супрацоўнікі галоўнай кніжнай скарбніцы краіны прывезлі асобнік з фотакопіямі старонак, з расшыфроўкай і каментарыямі навукоўцаў, які прэзентавалі на пляцоўцы “Код Скарыны: кніга «Апостал» і беларуская ідэнтычнасць”.

— У “Апостале” Францыск Скарына, як і ў іншых выданнях, пакінуў прадмовы і пасляслоўі на мове свайго народа — старабеларускай, — расказвае загадчык сектара арганізацыі кніжных выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Святлана Кажамяка. — Кніга лічыцца ўнікальнай яшчэ і таму, што яна першая дакладна датаваная і першая такога зместу на тэрыторыі рассялення ўсходніх славян, разлічаная на простых людзей.

Як адзначыла Святлана Кажамяка, у свеце захавалася ўсяго 10 асобнікаў “Апостала”. Аднак дзякуючы намаганням айчынных бібліятэкараў і выдаўцоў кожны беларус можа азнаёміцца з унікальнымі тэкстамі, каб адчуць сваю ідэнтычнасць.

Побач з “Нацыяналкай” размясціліся паслядоўнікі першадрукара: айчынныя выдавецтвы і рэспубліканскія СМІ дэманстравалі свае дасягненні ды ініцыятывы. Найбольшым попытам карысталіся праекты, прысвечаныя гісторыі і культуры нашага народа.

 

ДА ЗНАКАМІТАГА ЛІДЧАНІНА

Яшчэ адной традыцыяй Дня беларускага пісьменства з’яўляецца ўшанаванне памяці літаратараў — уражэнцаў зямлі, дзе адбываецца свята. У Лідзе згадвалі ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, паэта, публіцыста, перакладчыка і грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая.

Яго першы верш “Верабейкі”, створаны ў сямігадовым узросце, знайшоў адлюстраванне ў манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі таленавітага мясцовага скульптара Рычарда Грушы. Усталяваны побач з домам Валянціна Таўлая арт-аб’ект быў адкрыты падчас свята.

Да ўрачыстасці далучыліся міністр культуры Руслан Чарнецкі, міністр інфармацыі Марат Маркаў, іншыя прадстаўнікі ўлады, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, аўтары праекта, шматлікія госці.

 

ДЗЕЛЯ МІРУ І ЗГОДЫ

Традыцыйна на Дні беларускага пісьменства ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію.

— Сімвалічна, што менавіта на Гродзенскай зямлі, калі святкаваўся Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне 10 гадоў таму, упершыню адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу, — звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі міністр інфармацыі Марат Маркаў. — Пісьменства, кніга заўсёды былі для нас важным сродкам выхавання асобы, развіцця духоўных каштоўнасцей. Пісьмовае слова пераадолела вялікі гістарычны шлях: спачатку выходзіла з-пад пяра, потым дзякуючы Скарыне было друкаваным і сёння дасягнула такога развіцця, пра якое нашы продкі не маглі нават марыць.

Штогод у Беларусі выдаецца больш за восем тысяч кніг агульным тыражом каля 19 мільёнаў экзэмпляраў, выпускаецца шмат газет і часопісаў. Тысячы людзей працуюць, каб родная мова гучала і развівалася.

Сёлета на конкурс паступіла звыш 70 заявак. Пры вызначэнні найлепшых твораў улічвалася літаратурная якасць, скіраванасць на ўсталяванне міру і згоды ў грамадстве, на захаванне духоўных каштоўнасцей і традыцый. Такім чынам, у розных намінацыях названа шэсць лаўрэатаў: Мікалай Ждановіч з кнігай “Свечка”, Улада Собалева (“Аватары тэатра”), Мікалай Барысенка (“Буйніцкае поле. Застацца і памерці…”), Мікалай Чарняўскі (“Акадэмія… на колах”). Публіцыст Аляксандр Бярозка вылучаны ў намінацыі “Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”.

 

НА АРКУШЫ І ЎЖЫВУЮ

На Фестывалі кнігі і прэсы кожная вобласць краіны прадстаўляла свой літаратурны патэнцыял і навінкі. Паспрабаваць друк метадам адбітка, як у даўнія часы, мог любы ахвотнік.

— Першы друкарскі станок я зрабіў з цікаўнасці, — расказвае майстар разьбы па дрэве Віктар Дудкевіч з Глыбокага. — Потым пайшло: і пад розны фармат, і розныя выявы.

У Ліду адмысловец прывёз два станкі: пад альбомны аркуш і пад яго чвэрць. Каб асвоіць старадаўнюю справу, умелец шмат часу правёў у бібліятэках, вывучаў гісторыю кнігадрукавання. І вось ужо колькі гадоў знаёміць са “скарынаўскім” рамяством удзельнікаў Дня пісьменства.

Побач на форуме гучала жывое слова: можна было пагутарыць з творцамі, пачуць паэтычныя радкі, паслухаць аўтарскую песню, купіць упадабаны том і атрымаць аўтограф.

— Гэта свята літаратараў, выдаўцоў, краязнаўцаў, журналістаў і кнігі, — зазначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Дэлегацыя нашага аб’яднання прадстаўлена 116 творцамі: у Ліду прыехалі як сталыя майстры слова, так і пачаткоўцы.

Паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Мароз падзялілася ўражаннямі:

— Імкнуся патрапіць на Дзень пісьменства, дзе б ён ні праводзіўся. Гэта цудоўная магчымасць атрымаць зваротную сувязь ад чытачоў, сустрэцца з сябрамі, назапасіць эмоцый і натхнення, што вельмі каштоўна для кожнага аўтара.

 

НА ЎСЕ РУКІ

У “Горадзе майстроў” рэгіёны знаёмілі гасцей свята з беларускімі промысламі. Разьбяры, ганчары, ткачы, вышывальшчыцы, кавалі, спецыялісты па салома- і лозапляценні ды іншыя ўмельцы прадставілі сваё мастацтва.

— Якія ў нас цудоўныя майстры народнай творчасці, якія ў іх залатыя рукі, якія прыгожыя рэчы яны вырабляюць! — заўважыў падчас наведвання лакацыі міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі.

І сапраўды, шэдэўры рамеснікаў прываблівалі шмат людзей — “Горад майстроў” стаў адной з самых папулярных святочных пляцовак. Сакрэтамі плённай працы падзялілася загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Наталля Аніковіч: у дамах рамёстваў гэтай вобласці назапашваюцца звычаі, характэрныя для канкрэтнай мясцовасці, а пасля ўсё ператвараецца ў вырабы.

— Напрыклад, ганчарства. Толькі метадаў абпальвання ці абварвання, вядомых нам, існуе некалькі дзясяткаў, — распавяла спецыяліст. — Такім чынам, нават пры ўмове профільнага кірунку ўстановы забяспечана разнастайнасць, а галоўнае — пераемнасць традыцый.

 

ЗАПРАШАЕ ЗАМАК

У Лідскім замку ладзілася культурна-відовішчнае мерапрыемства “Дзень сярэднявечнай культуры”. Ля муроў разгарнулася некалькі інтэрактыўных пляцовак. Ахвотнікі маглі паспрабаваць сілы ў стральбе з лука ці пакаштаваць стравы, рэцэпты якіх былі знойдзены ў даўніх манускрыптах. Да прыкладу, капермус — кашу са старой пшаніцы з яблыкам — гатавалі ў ХVI стагоддзі ў адным з манастыроў краю.

Праходзілі і рыцарскія турніры, канцэрты сярэднявечнай музыкі. А ўвечары тут выступілі артысты Вялікага тэатра з праграмай “Легенды старажытнага замка”.

— З сям’ёй стараемся штогод пабываць на свяце пісьменства, — гаворыць настаўніца беларускай мовы з Міншчыны Людміла Пількевіч. — Але такую насычаную праграму, атмасферу, як у Лідскім замку, мала дзе сустракалі.

 

ВІТАЕМ, КАСЦЮКОВІЧЫ!

Літаратурныя чытанні, навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, выставы, фестывалі, творчыя сустрэчы, конкурсы, канцэрты — у насычанай праграме ХХХІІ Дня беларускага пісьменства ледзь не сотня разнастайных мерапрыемстваў.

Адзначаючы маштабнасць падзеі на ўрачыстай цырымоніі закрыцця, старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі выказаў шчырую ўдзячнасць усім арганізатарам і ўдзельнікам: “Горад за гэтыя дні літаральна расквітнеў”.

Кіраўнік рэгіёна перадаў сімвал свята Вячаславу Максачову, калегу з Касцюковічаў. Менавіта гэты горад Магілёўшчыны праз год стане сталіцай Дня беларускага пісьменства.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА