Годныя Вялікай Перамогі

Апублiкавана: 07 снежня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Гранты

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Праект “Быць годнымі іх Вялікай Перамогі!”, які сёлета атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры, аб'яднаў больш за 10 000 дзяцей з усёй краіны. Аб яго рэалізацыі і асноўных выніках расказала аўтар праекта, галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Палунчанка.

 

МАШТАБНА

Што тычыцца геаграфіі і маштабу праекта, то ў ім прадстаўлены ўсе рэгіёны краіны. Інфармацыя рассылалася па абласцям, размяшчалася на сайтах райвыканкамаў, асвятлялася ў прэсе, у тым ліку і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Толькі серыя перасоўных кніжных выстаў “Салют вам, салдаты Перамогі”, якія праходзілі ў рэгіёнах і ў Мінску, ахапіла тысячы школьнікаў.

Вынікі гэтай маштабнай работы былі падведзены на дзіцячым беларуска-расійскім тэлемосце, які прайшоў 25 лістапада ў Нацбібліятэцы і звязаў сталіцу Беларусі з шасцю буйнымі гарадамі Расійскай Федэрацыі, уключаючы Маскву.

 

НАВУКОВА

Найважнейшай падзеяй у рамках праекта стала правядзенне першай дзіцячай рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Застацца чалавекам у полымі вайны”.

Яе вынікам зрабіўся зборнік навуковых артыкулаў, цалкам напісаных вучнямі, без удзелу настаўнікаў і бацькоў. У аснову кожнага артыкула пакладзены распрацаваны Вольгай Палунчанка аналітычны алгарытм.

Дзякуючы гэтаму падыходу кожная праца з’яўляецца арыгінальнай і не мае аналагаў у інтэрнэце. Аўтарамі выступілі 44 школьнікі з розных рэгіёнаў Беларусі, самаму малодшаму — 8 гадоў, а старэйшаму — 17.

— З поўнай адказнасцю магу вам заявіць, што артыкулы ў гэтым зборніку напісаныя дзецьмі, але вартыя таго, каб іх выкарыстоўвалі аспіранты ў сваіх навуковых працах з указаннем спасылак, — падкрэсліла кіраўніца праекта.

Яна асабліва адзначыла работу навучэнцаў, якія ўзялі на сябе распрацоўку складанай тэмы “Брэсцкая крэпасць. Герой. Першы крок на шляху паразы Рэйха”. Дзеці праводзілі даследаванні на аснове матэрыялаў тапаграфічнай картатэкі артыкулаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, працавалі з газетамі і кнігамі савецкага перыяду, самастойна іх аналізуючы.

 

НА МЭЦЕ

Ужо пададзена заяўка на атрыманне гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2026 год пад новую ініцыятыву “Дзеці Беларусі пра дзяцей — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны”. У рамках чарговага праекта плануецца налета ў кастрычніку правядзенне другой дзіцячай рэспубліканскай навуковай канферэнцыі.

На мэце — знайсці тых, хто былі дзецьмі падчас вайны, запісаць іх успаміны і на аснове гэтых унікальных сведчанняў падрыхтаваць навуковыя артыкулы. Таксама ў планах на наступны год — выданне ілюстраванага зборніка рэцэнзій школьнікаў на кнігі пра дзяцей вайны. Мяркуецца і выпуск навуковай манаграфіі “Сустрэча з мінулым у імя сучаснасці і будучыні”, якая абагульніць вопыт праектаў Нацыянальнай бібліятэкі па патрыятычным выхаванні.

 

АЎТАРЫ — ДЗЕЦІ

За час рэалізацыі праекта сіламі яго юных удзельнікаў было створана пяць кніг. Тры ўжо пабачылі свет, а дзве знаходзяцца ў працэсе вёрсткі і неўзабаве будуць надрукаваныя. Асаблівае месца сярод іх займае выданне рукапісу вязня лагера для ваеннапалонных Канстанціна Сцяпанавіча Шчарбакова, падрыхтаванае сумесна з мінскай школай №121.

Як адзначыла Вольга Палунчанка, гэтыя асобнікі ўжо пачалі закупляць школьныя бібліятэкі, паступаюць запыты з каледжаў. Разглядаецца магчымасць прадоўжыць працу: за працяг літаратурна-мастацкай апрацоўкі дзённіка Шчарбакова ўжо прагаласавалі 574 установы адукацыі.

Яшчэ адным прыкладам дзіцячай творчасці стала кніга “Мы з дынастыі вайскоўцаў. Наша будучая прафесія — Радзіму абараняць”, створаная школьнікамі з Мазырскага раёна Гомельскай вобласці Арсеніем і Усеваладам Вераксамі.

 

ПРАЗ ТВОРЧАСЦЬ

Праект, акрамя навуковага, уключаў у сябе і шырокі творчы складнік. Быў праведзены конкурс работ “Дзякуй вам, салдаты Перамогі”, па выніках якога арганізаваны чатыры мастацкія выставы.

Сярод іх — “Хабараўск — Мінск. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі”, у якой удзельнічалі дашкольнікі з Хабараўска з працамі на тэму “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”.

Навучэнцы 121-й мінскай школы прадставілі восем малюнкаў, што паўсталі на аснове даследавання літаратуры. Выхаванцы Чэрвеньскага палаца творчасці дзяцей і моладзі напісалі больш за дзясятак работ, частку якіх падарылі Музею Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Астатнія плануецца перадаць у Музейны кабінет Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці, у мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і Музей заставы імя Андрэя Мітрафанавіча Кіжаватава.

Усе працы адсканаваныя для ілюстравання будучых кніг праекта. Багатай сталася і культурная праграма. У яе ўвайшлі паэтычны экспрэс “Брэст. Хатынь”, паэтычны вечар “Азбука Перамогі” і паэтычная сустрэча “Выклікаю агонь на сябе”.

Важнай часткай праекта зрабіўся і цыкл бібліяграфічных урокаў, прысвечаных подзвігам прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей былога Савецкага Саюза.

Віктар ГАЎРЫШ. Фота аўтара і з сайта Нацыянальнай бібліятэкі